25.08.2023 / 09:08

Кліматычны крызіс – гэта той працэс, у якім важна вучыцца на чужых памылках.

Фота - LETA
Фота - LETA

Пра беларусаў і беларусак часта з непавагай кажуць, што нашае жыццёвае крэда – «мая хата з краю». Нічога нас быццам бы не цікавіць, адказнасці мы пазбягаем, а хвалявацца пра агульныя праблемы пачынаем толькі тады, калі яны закранаюць нас асабіста, і калі адмаўляць іх ужо проста немагчыма.

Але не варта прыніжаць сябе ідэяй, што гэта характэрна выключна для нас. Такога неразумнага экстрымальнага матэрыялізму, пры якім чалавек верыць толькі ў тое, да чаго можа дакрануцца тут і зараз, хапае і ў іншых нацый. І не, я ніяк не намякаю на рэлігійнасць і атэізм – тут гаворка пра матэрыялізм іншага кшталту.

Калі экстрымальныя ўмовы надвор’я прыходзяць у далёкую Уганду, Індыю ці Калумбію, нас гэта быццам бы не тычыцца. У нас ёсць матэрыяльныя доказы таго, што гэта ўсё праўда, а не чыясьці выдумка, але ж якая нам справа да далёкіх краін! У іх там увогуле чаго толькі не бывае!

Наш матэрыялізм радыкальны – мы мусім літаральна дакрануцца да бяды, каб у яе паверыць. Гэта наш дом мусіць застацца без даху, ферма – без гаспадарчых забудоваў, а пасёлак – без электрычнасці, каб мы нарэшце паверылі, што штосьці з кліматам не так.

Менавіта такі падыход я бачыла гэтым летам у Латвіі, дзе цяпер жыву. За апошнія месяцы ў нас было некалькі моцных ураганаў, і наўрад ці цяпер знойдзецца хоць адзін чалавек у краіне, які скажа, што ўсё стабільна і нармальна. Бо калі ферма руйнуецца за тры хвіліны – гэта не нармальна.

Я не хачу абвінавачваць людзей у тым, што яны неяк позна расплюшчваюць вочы – зрэшты, ва ўсіх нас розны ўзровень адукацыі, розныя крыніцы інфармацыі, розная ступень сутыкання з прапагандай (у тым ліку той, якая сцвярджае, што кліматычны крызіс – гэта міф).

Шмат хто дагэтуль называе кліматычны крызіс глабальным пацяпленнем і лічыць анамальна халодную, напрыклад, вясну, абвяржэннем таго, што гэтае пацяпленне адбываецца. Людзям, што знаходзяцца ў палоне такіх ілюзій і міфаў, трэба зноў і зноў тлумачыць, як яны памыляюцца.

Але галоўнае – ім трэба тлумачыць, што калі яны адчуюць крызіс на сабе і калі змогуць дакрануцца да ягоных страшных праяваў уласнымі рукамі, можа быць ужо надта позна. Бо гаворка ідзе не пра віртуальную рэальнасць, а пра тое, што сапраўды адбываецца з іх жыццямі.

Калі я была падлеткам, папулярнай была маральная паніка пра шкоду кампутарных гульняў і пра тое, што дзеці, дзякуючы ім, нібыта цалкам губляюць адчуванне небяспекі і перастаюць цаніць жыццё. Нібыта ў гульні заўжды можна пачаць узровень нанова, а смерць нічога не значыць.

У гэтых засцярогах было шмат непатрэбнай панікі, а цяпер мы бачым, як гэтыя страхі становяцца рэальнасцю, толькі не ў кампутарных гульнях, а ў жыцці, і не цэняць жыццё не дзеці і падлеткі, а дарослыя людзі, якія адмаўляюцца прызнаваць, што кліматычны крызіс – гэта катастрофа.

Нумары машын, страчаныя ў Юрмале падчас залевы 26 ліпеня 2023. Фота - Facebook Юрмала
Нумары машын, страчаныя ў Юрмале падчас залевы 26 ліпеня 2023. Фота - Facebook Юрмала

Але прайсці ўзровень нанова нельга. Зруйнаваныя анамальнымі вятрамі дамы давядзецца адбудоўваць нанова, заліты цэнтр дапамогі ўкраінскім уцекачам у Рызе давядзецца сушыць і спадзявацца, што арганізатары здолеюць нанова запусціць ягоную працу. Разбітыя машыны трэба будзе прадаваць ці разбіраць на запчасткі, а пакуль што – знайсці б іх нумары, што ўплылі пры падтапленні вуліц.

І распавесці іншым, што прызнаваць праблему і дзейнічаць трэба яшчэ да таго, як бяда прыйшла літаральна ў дом.

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость