Гэты матэрыял – своеасаблівы каспект лекцыі і, адначасова, уводзіны ў тэму этычнай і ўстойлівай моды (і спажывання ўвогуле).
Паняцце ўстойлівай моды супрацьпастаўляецца модзе хуткай – такой папулярнай сёння. Калі раней “модны дом” выпускаў некалькі калекцый у год, дык сёння шэраг кампаній выстаўляе новую калекцыю кожны тыдзень. Пяцьдзесят дзве модныя калекцыі ў год! Маркетынгавыя аддзелы старанна адпрацоўваюць закладзены бюджэт і прымушаюць нас верыць, што дванаццатая майка з каляровым прынтам – гэта акурат тое, чаго не хапае ў жыцці для поўнага шчасця.
Прыдуманыя кімсьці патрэбы хутка і паспяхова прымаюцца намі як абсалютна рэальныя. Больш за тое: пры рэальным абядненні шопінг – гэта ідэальны спосаб стварыць ілюзію багацця. Тое, што насамрэч патрэбна нам у жыцці, каштуе вельмі дорага – уласны дом, якаснае медыцынскае абслугоўванне, забеспячэнне фізічнай бяспекі. У большасці людзей, асабліва маладых, няма магчымасці забяспечыць сябе гэтымі рэчамі, затое ёсць магчымасць яшчэ больш пашырыць свой гардэроб.
Што не так з мас-маркетам?
Абіраючы вопратку, мы кіруемся шэрагам важных параметраў, і гэтыя параметры могуць значна адрознівацца ў розных людзей. Але так ці інакш абсалютная большасць з нас звяртае ўвагу на цану прадметаў і, канечне, радуецца, калі ў горадзе з’яўляецца новы мас-маркет з яшчэ ніжэйшыя коштамі, чым прапануюць папярэднія пяць.
Але за нізкай цаной вопраткі вядомых брэндаў амаль заўжды стаіць вельмі танная працоўная сіла людзей, якія жывуць у краінах трэцяга свету. Нярэдка – дзіцячая. І вельмі важна разумець, што менавіта гэта значыць.
Адсутнасць сацыяльных гарантый
Жанчыны, якія працуюць на фабрыках у Бангладэш, Індыі і іншых краінах за 10 даляраў у месяц, не маюць медычнай страхоўкі, доступу да якаснай медыцыны, бальнічных і іншых сацыяльных гарантый, якія з’яўляюцца стандартам жыцця ў заходнім свеце. І калі ў нейкай заходняй кампаніі не аплочваюцца бальнічныя, дык заробку самога па сабе хапае на тое, каб пакрыць неперадбачаныя траты, і страта заробку на кароткі час не становіцца для людзей катастрофай.
На фабырках у тым жа Бангладэш шмат людзей працуе нелегальна, і гэта значыць, што яны яшчэ больш пазбаўлены правоў і не могуць адкрыта абурацца рэальным становішчам справаў.
Кепскія умовы працы
Праца швачак дужа цяжкая нават у “прыстойных” і “добрых” месцах. Большасць людзей, занятых у такой вытворчасці, маюць боль у спіне, павышаную ацёчнасць ног, варыкозную хваробу. Так адбываецца нават тады, калі на працоўным месцы добрае асвятленне, швачкі маюць кароткія адпачынкі на працягу працоўнага дня, у цэху добрая вентыляцыя, не надта высокая і не надта нізкая тэмпература. Што ж казаць пра заводы, дзе жанчыны працуюць па 10-12 гадзін у суткі з дрэнным асвятленнем, без аніякіх прамысловых сістэм вентыляцыі і ўвогуле без уяўленняў пра ахову працы.
Часам людзі загінаюць наўпрост на працоўным месцы, і гэта не становіцца прычынай спыніць вытворчасць і правесці дэтальнае шматбаковае незалежнае расследванне ўмоваў працы людзей. Проста праходзяць пахаванні, і ўсё “вяртаецца на свае месцы”.
Нізкі заробак
Праблема фабрык па вытворчасці вопраткі ў тым, што яны вымушаны пагаджацца на ўсё таннейшыя і таннейшыя замовы. Як гэта працуе? Нейкі брэнд гатовы замовіць у нейкай фабрыкі партыю джынсаў з разліку 5$ за адну пару, але фабрыкі шыюць па 5.30$ за пару. І нейкая фабрыка ўсё ж пагаджаецца панізіць цану, каб атрымаць гэтую замову. Следам за ёй усе астатнія таксама вымушаны ісці на саступкі – так працуе канкурэнцыя. Толькі гэты эканамічны механізм, які ў здаровай эканамічнай сітуацыі спрыяе развіццю вытворчасці, тут фактычна вымушае людзей працаваць за мізерныя грошы. Іншай працы альбо няма, альбо яна яшчэ горшая.
Адсутнасць часу на сям’ю
Жанчыны, якія працуюць швачкамі на фабрыках у Камбоджы і іншых краінах, фактычна не маюць магчымасці праводзіць час са сваімі роднымі. Яны ўвесь час працуюць і нават вымушаны адпраўляць дзяцей жыць у вёску з іншымі роднымі, бо там будзе больш адукацыйных магчымасцяў. Гучыць неверагодна, але ў вёсцы ў гэтых дзяцей і праўда будзе больш увагі з боку дарослых і больш часу і магчымасцяў вучыцца, чым у горадзе, калі бацькі ўвесь час на працы.
Адсутнасць прафсаюзаў
Нават калі прафсаюзы і з’яўляюцца, яны не могуць выконваць сваіх непасрэдных абавязкаў. Існуе меркаванне, што ўмовы працы на фабрыках такія кепскія таму, што людзі проста дазваляюць з сябе здзеквацца. Нібыта ёсць чароўны сродак: рэвалюцыя. І, здавалася б, прафсаюзы могуць граць велізарную ролю ў гэтай рэвалюцыі, але ў рэальнасці так не адбываецца.
Фізічны і маральны гвалт
Гэта акурат тлумачыць, чаму прафсаюзы не працуюць. Як толькі працоўныя спрабуюць заявіць пра свае правы, зладзіць забастоўку ці неяк інакш выказаць незадаволенасць іншым становішчам рэчаў, іх збіваюць, запужваюць, пагражаюць іх сем’ям. Мы можам, канечне, доўга і ўпарта разважаць пра тое, што ў любой сітуацыі ў чалавека ёсць выбар, але калі абіраць трэба паміж бесчалавечнымі ўмовамі працы і бяспекай уласных дзяцей – гэта не свабодны выбар, а катастрофа.
Як танная вытворчасць уплывае на навакольнае асяроддзе?
Паўсюль пестыцыды
Для таго, каб расціць тую ж бавоўну, выкарыстоўваюць безліч пестыцыдаў, якія распыляюць на многія і многія гектары. Фермерскія сем’і, якія жывуць у гэтых мясцінах, пакутуюць ад атручвання шкоднымі рэчывамі, але рэальнай магчымасці змяніць від дзейнасці ў іх таксама няма.
Метан са сметніц
Тыя газы, якія ўтвараюцца ў працэсе гніення рэчаў на вялікіх сметніцах, руйнуюць натуральныя біясістэмы, што шкодзіць жывёлам, птушкам і раслінам. Гэтаксама скапленні метану шкодныя для здароўя чалавека.
Забруджванне вады і грунту
Адсутнасць санітарных нормаў у краінах накшталт Індыі фактычна дазваляе фабрыкам зліваць брудную ваду проста ў палі альбо рэкі, і гэта мае неверагодна сур’ёзныя наступствы для прыроды і чалавека ў ёй.
Падвышаная канцэнтрацыя хрому ў вадзе наўпрост звязаная з развіццё хваробаў пячонкі, страўніку і скуры. У рэгіёнах з моцна забруджанай вадой да 80% дзяцей маюць сур’ёзныя праблемы ў фізічным і ментальным здароўі.
Адсутнасць доступу да якаснай высокатэхналагічнай медычнай дапамогі робіць гэтую праблему фактычна невырашальнай, і тыя дзеці, якія ва ўмовах заходняга свету маглі б прайсці пэўную медычную рэабілітацыю і мець адносна высокую якасць жыцця, у бедных азіяцкіх рэгіёнах не маюць аніякіх шансаў, і бацькі проста чакаюць іх смерці.
Што вы можаце зрабіць?
Можа падацца, што мы, канкрэтныя спажыўцы, ніяк не ўстане паўплываць на ўсе гэтыя жудасныя рэчы. Праўда, мы не можам наўпроста прымусіць дзяржаўныя органы Камбоджы прымусіць паклапаціцца пра іх грамадзянак і грамадзянаў. Але мы можам рабіць звыклае спажыванне больш этычным. Перш за ўсё, варта памятаць, што ўсё, што мы апранаем, было пашыта чыімісьці рукамі.
Навучайцеся самі, навучайце іншых
Чытайце і глядзіце навіны, задавайце сабе нязручныя пытанні, дзяліцеся інфармацыяй з іншымі. Не палянуйцеся патлумачыць сябрам, што вы не набываеце джынсы, пашытыя ў Камбоджы, бо не хочаце сваімі грашыма падтрымліваць безчалавечную сістэму функцыянавання фабрык у той краіне.
Набывайце менш, але лепшай якасці
Абірайце класіку, якая будзе актуальнай і ў наступным сезоне. Класічныя рэчы заўжды можна прымусіць “зайграць па-новаму”, проста дадаўшы новых аксэсуараў (у ідэале, зробленых лакальнымі майстрамі і майстрыцамі).
Давайце вопратцы другое жыццё
Аддавайце, абменьвайце, перапрадавайце. Пераглядайце гардэроб, перараблівайце рэчы і рабіце вечарыны, на якіх вы зможаце абмяняцца з сяброўкамі і сябрамі нейкай вопраткай на пэўны час альбо назаўжды.
Хадзіце ў сэканд-хэнды і на фры-маркеты. Насіць вопратку, якая ўжо была чыёйсці, гэта даўно ўжо не прыкмета беднасці.
Клапаціцеся пра свае рэчы
Калі на чыстую майку капнуў соўс, пастарайцеся замыць толькі гэтую пляму, а не адразу ж закідваць майку ў пральную машыну. Чым радзей вы будзеце праць вопратку, тым даўжэй яна вам праслужыць.
Безумоўна, гэта не значыць, што трэба хадзіць у брудным: трэба проста знайсці баланс і не праць лішні раз фактычна чыстыя рэчы.
А каб пазбавіцца паху дыму, джынсы можна пакінуць на адзін-два дні ў маразілцы.