25.10.2019 / 11:10

І гэта першы стрыт-арт праект у Мінску, які быў зроблены з пачатку да канца прадумана, асэнсавана і па прынцыпу трохсектарнага ўзаемадзеяння. Прэзентацыя мурала і дыскусія прайшлі 24 кастрычніка ў Мінску.

Як развіваць гарадское асяроддзе, абмеркавалі на прэзентацыі стрыт-арт трыпціха, які ўжо амаль што з’явіўся на дамах бліз станцыі метро Каменная горка. У лістападзе да нас прыедзе яшчэ адзін мастак з Барселоны Slim – ён завяршыць кампазіцыю “Будучыня”. Але ўжо зараз мінчукі могуць падзівіцца на дзве мастацкія працы вышынёй са шматпавярхоўку.

Муралы ўжо не ў навінку для сталіцы. Гарадская прастора паступова мяняецца, але, як падкрэсліваюць усе, хто мае дачыненне да гэтага трыпціху, такі праект – даволі ўнікальная з’ява. Той выпадак, калі ўладам, бізнесу, мастакам і жыхарам удалося дамовіцца і стварыць нешта агульнае. Каб выключыць нават верагоднасць канфлікту, арганізатары правялі соцапытанне сярод жыхароў гэтых дамоў – 86 % выступілі за такое мастацкае ўпрыгожванне.

 “Ён лепш у любым выпадку толькі праз тое, што мы чуем і нашых грамадзян, і спецыялістаў, і мастакоў. Чуем, што павінны зараз бачыць у горадзе. Калі я стаў жыхаром Каменнай горкі ў 2011 годзе, адзінае, што запомнілася, – сумныя фасады будынкаў, – кажа пра гэты праект Дзяніс Драпей, першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна сталіцы.

– Усе 500 тысяч насельніцтва, якія едуць дадому з працы, прыязджаюць у адзін з раёнаў нашай сталіцы і ўліваюцца ў сваё звычайнае асяроддзе. Сёння мы можам бачыць кропельку сонца, таго пачынання, якое нават з акна машыны дастаўляе задавальненне, як мінімум, маральнае. Пад’ехаўшы бліжэй, мы можам бачыць нешта больш”.

Па словах прадстаўніка гарадской улады, да іх ужо звяртаюцца іншыя кампаніі, каб даведацца пра вопыт такога шматбаковага супрацоўніцтва. Сам Дзяніс Драпей лічыць, што гэты праект стаў зыходным пунктам для таго, каб муралы і іншыя творчыя праекты шырэй распаўсюджваліся па гораду.

Уся гэта ініцыятыва была б, верагодна, немагчыма без дапамогі бізнесу. “А1” дапамагла ажыццявіць задумку і перанесці эскізы з паперы на сцены. Кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі “А1” Мікалай Брэдзелеў сціпла кажа, што, на сам рэч, гэты праект для іх не столькі пра фінансавае партнёрства, колькі таксама пра вопыт працы з уладамі і мастакамі.

“Праект вельмі асэнсаваны. Кампанія адносіцца вельмі асцярожна да любых інтэрвенцый, якія бізнес можа рабіць у рамках гарадской прасторы. І таму ўсе крокі, якія былі зроблены ў рамках праекту, узгаднялі ўсе тры бакі”, – адзначае Мікалай Брэдзелеў.

Для кампаніі важным момантам была менавіта камунікацыя з жыхарамі раёну і гораду, абмеркаванне праекта жыўцом і ў сацсетках.

“А1” як міжнародны холдынг ужо мае вопыт працы з гарадскімі актывістамі ў іншых краінах: напрыклад, Сербіі, Харватыі, Аўстрыі. Кампанія моцна засяроджваецца на змяненні гарадской прасторы. Прадстаўнік “А1” таксама запэўніў, што яны гатовы працягваць супрацоўніцтва з мінскімі ўладамі і дадаваць сталіцы колеру.

Дарэчы, дзякуючы такому вулічнаму мастацтву Мінск прыцягвае турыстаў. Многія муралы трапляюць у міжнародныя агляды, ды і самі мастакі, як кажа лідар праекта Urban Myths Алег Ларычаў, звязваюцца з ім і хочуць рэалізаваць сваю ідэю на беларускіх вуліцах.

“Насамрэч мне падаецца, што гэта першы стрыт-арт праект у Мінску, які быў зроблены з пачатку да канца прадумана, асэнсавана і па прынцыпу трохсектарнага ўзаемадзеяння, – кажа Алег Ларычаў пра муралы на Прытыцкага.

– Праект таксама ўнікальны тым, што гэта трыпціх. То бок работы на трох сценах, на якія заглядаліся ўжо вельмі шмат мастакоў, аб’яднаны тэматычна і размешчаны на знакавай магістралі Мінску. Гэта вельмі жвавая вуліца, вялікае скрыжаванне. І было вельмі нудна і сумна глядзець на пустыя сцены”.

Сам трыпціх называецца “Будучыня”, і, на думку лідара праекта, гэта дужа пасуе Каменнай горцы – маладому раёну, дзе жыве вялікая колькасць людзей. Мастакі, калі стваралі эскізы, думалі менавіта пра сучаснасць і будучыню нашай сталіцы.

Таму на мурале, які намаляваў Artez, мастак з Сербіі, з’явілася фрылансерка. Яе ён сустрэў у Мінску на вуліцы Кастрычніцкай. У карціны сапраўды існуе жывы прататып – дзяўчына, якую аўтар захаваў на фота, а цяпер і на сцяне будынку. Яна адлюстроўвае дух крэатыўнага кластара, кажа пра тое, што ў нашым горадзе ёсць людзі, якія вольны ў творчасці і працы.

Дзяўчына з другога мурала, які называецца “Лічбавы свет”, таксама беларуска і была на прэзентацыі гэтага трыпціха. Яе вобраз мае глыбокія карані і звязаны са славянскай паганскай багіняй Мокаш, якая пляце нітку лёсу. На малюнку ўжо сучасная дзяўчына пляце нітку з лічбавага воблака, што цалкам стасуецца з усімі ІТ-перабудовамі ў нашай краіне.

Сам Mutus, аўтар гэтага мурала, кажа пра сваю працу так:

“Я прымяніў увесь свой накоплены вопыт, усе свае ідэі, тэхнічныя задумкі і паспрабаваў зрабіць максімальна складана, наколькі магчыма. Гэта вобраз беларускага сучаснага чалавека. Над ёю клубок з сузор’яў, і яна намотвае на верацяно гэтыя ніткі. Так паказаная сувязь тэхналогій з кожным чалавекам, і з мінулым, і з будучыняй. Важным складнікам працы была кампазіцыйная разбіўка і каляровыя рашэнні. Дастаткова шмат варыянтаў было эскізаў – каля 60. Распрацоўка выніковага эскізу ішла на працягу двух месяцаў”.

На апошнім мурале, на доме пасярод, з’явіцца малюнак каталонскага мастака пад псеўданімам Slim. Ён называецца “Героі новага часу”. На ім будуць выявы двух хлопчыкаў, якія аб’яднаюць усе карціны ў адну кампазіцыю. Убачыць яго на будынку можна будзе ўжо ў лістападзе.

Юрый Таўбкін, архітэктар, урбаніст, дызайнер, мастак і выкладчык каледжа Liberal Arts, таксама выказаўся ў падтрымку такіх класных рашэнняў на вуліцах Мінска:

“Нашаму гораду не вельмі гістарычна пашчасціла з архітэктурай. Нават першы ўспамін Мінска звязаны з яго разбурэннем. Горад шмат разбураўся і адбудоўваўся зноў, і з тысячагадовай гісторыі мала чаго засталося. На вялікі жаль, хуткае і таннае індустрыяльнае будаўніцтва прывяло да таго, што пацярпела якасць.

І ў выніку хуткага будаўніцтва 60-70-х гадоў, якое потым набыла пэўную інерцыю і працягваецца дагэтуль, з’явілася асяроддзе, якое не вельмі камфортнае для чалавека. Зараз узнікае пакаленне, якое імкнецца з гэтым асяроддзем нешта рабіць, уздзейнічаць, паляпшаць. І гэтая эвалюцыя апошніх дзесяці гадоў выклікае ў мяне вялікую радасць”.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость