Убачыўшы, што робіцца ў лесе, я думаю пра экалагічнасць упакоўкі
Сяргей, інжынер з Мінску, карыстае ў краме пакецікі, калі нельга абысціся без іх, вялікія - нясе з дому. Наконт паправак у закон пра бясплатную ўпакоўку мяркуе, што ў нас стараюцца пайсці шляхам "цывілізаванага свету". Але як паўплываць на людзей, каб тыя задумваліся пра экалагічнасць упакоўкі?
"Калі я, іду ў лес, бачу, што там робіцца, то я думаю пра экалагічнасць упакоўкі. Але нейкая саўковасць не дазваляе нашым людзям забраць з лесу пакет – лес як бы нічыйны".
На думку Сяргея, нейкім чынам на сітуацыю можа паўплываць развітая перапрацоўка.
Цукеркі лепш за процьму кітайскіх сувенірчыкаў
"Калі я вымушана набыць пакет, то ён дома выкарыстоўваецца другі раз. Наколькі мне вядома, пакеты прадаюцца ў дзясяткі разоў даражэй за сабекошт, і не толькі таму, што некаму хочацца грошай, але і каб меней набывалі", - кажа Вольга Акуліч, вакалістка гурта "Верасень".
Навагоднія падарункі Вольга запакоўвае, калі трэба, у папяровыя пакецікі: "Часам, як гэта ні няёмка, дару ў тых, што колісь падарылі мне. Думаю, не толькі я так раблю, проста ніхто не прызнаецца.
Вось адзінае, што я не люблю і лічу няправільным з пункту гледжання экалогіі – набываць да Новага году процьму кітайскіх сувенірчыкаў: пылазборнік, непрыгожа і падтрымлівае не нашую эканоміку і неэкалагічныя падыходы. Тады лепш цукеркі дарыць".
Папяровыя пакеты замест цэлафанавых – крута, я б пагадзіўся плаціць
"Пакецікі, пакеты і пакецішчы адчувальна захламляюць жылую прастору. Таму ў краме я прашу не раскладваць па асобных поліэтыленавых пакеціках, а як мага больш пакласці ў адзін, - кажа Павел, праграміст з Гродна. - Мы неяк выявілі, што аднаразовыя, перапрацоўваемыя і зручныя сумкі прадаюцца ў польскіх і літоўскіх гіперах. З тых часоў мы абнаўляем "парк" такіх сумак па меры выхаду са строю, спрабуючы сумяшчаць з памяццю пра месцы - Крыт, Балгарыя, польская Ныса...
Але тое, што праграмісты называюць "метапакет", пакет з пакетамі, у доме ўсё ж ёсць. Перыядычна ён адвозіцца на дачу - там трэба шмат пакавальнага матэрыялу - і заводзіцца новы
Калі ўпакоўкай будзе не пакецік, а папера ці нешта іншае раскладальнае - будзе проста выдатна. Я стары, памятаю яшчэ савецкія часы, дык там нармальна ўсё ў паперу пакавалі і ніхто не парыўся. Хлеба ў пакеціках ніхто і ўявіць сабе не мог, узяў бохан і панёс. Вось папяровыя пакеты замест цэлафанавых - было б крута, я б нават пагадзіўся плаціць".
Неадназначны беларускі пакупнік
Але ў большасці беларускіх крам бясплатная ўпакоўка – па-ранейшаму плёнка і цэлафан, а сумкі для закупак з тканіны ці шчыльнай паперы – ноў-хаў. Каментуе Вольга Сакалова, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю гандлёвай сеткі "Родная сторона": "На жаль, пакуль беларускі пакупнік неадназначна ставіцца да дарогай платнай упакоўкі, хай нават з экалагічных матэрыялаў".
Не ўсе гатовыя яе набываць, але тым не менш гэта крама абяцае ў наступным годзе ўжо прапанаваць пакупнікам экалагічныя варыянты з перапрацоўваемых матэрыялаў.
У сетцы адчулі змены пасля Пастановы № 703, т.к. спажыване ўпакоўкі павялічылася ў некалькі адсоткаў. Паколькі ўпакоўка ў краме і раней была бясплатная, то Вольга мяркуе, што актыўнае абмеркаванне пастановы паслужыла яго прычынай – мо раней аб гэтым ведалі не ўсе пакупнікі.
Каб зменшыць колькасць упакоўкі, трэба зрабіць яе даражэй
Меркаванне Яўгена Лабанава, дырэктара Цэнтра экалагічных рашэнняў, пра пастанову - наўрадці яе ўступленне ў моц надта адаб’ецца на колькасці ўпакоўкі ў адходах:
“І да гэтага людзі выкарыстоўвалі ўпакоўку ў крамах. За яе плацілі непасрэдна, а зараз кошт будзе схаваны ў кошце тавара. Мы ўсе разумеем, што ў краме за бясплатныя рэчы ў выніку плаціць пакупнік”, - кажа ён.
Але з пункту гледжання псіхалогіі людзей, на думку Яўгена, увядзенне бясплатнай упакоўкі не вельмі правільнае: нягледзячы на кошт 100-300 рублёў чалавек, аплачваючы яго, засяроджвае ўвагу:
“Калі мы ставім мэтай мінімізаваць выкарыстанне ўпакоўкі, нам наадварот трэба ўводзіць плату, зрабіць яе больш адчувальнай, каб у людзей быў стымул задумацца, ці трэба ім пакецік”, - мяркуе ён.
А ўвогуле галоўная праблема не матэрыял упакоўкі, а яе аднаразовасць. Зараз, паводле Яўгена, упакоўка складае больш за 50% камунальных адходаў, сыходзячы з марфалогіі адходаў па іншых краінах, з якімі мы падобныя.
Як у іх
Тым часам у многіх краінах – нават у Кітаі! – усё ідзе ў іншы бок: з 1 ліпеня аж 2008 году ўсім супермаркетам Кітая забаранілі раздаваць пакеты пакупнікамі бясплатна, і цалкам зарабанілі выраб звыштонкіх цэлафанавых пакетаў, якія хутка ірвуцца.
У Каліфорніі (ЗША) забароняць выкарыстоўванне аднаразовых поліэтыленавых пакетаў з 1 ліпеня 2015 году. Замест іх будуць прапаноўваць папяровыя альбо шматразовыя за грошы.
Грашовы падатак пры набыцці кожнага пластыкавага пакету плацяць жыхары Ірландыі і Шатландыі. Грошы ідуць у дзяржаўны фонд, з якога фінансуюцца працы па захаванню адходаў. Пасля ўвядзення гэтага падатку попыт на поліэтыленавыя пакеты зменшыўся ў 10 разоў.