27.01.2020 / 00:01

Ужо амаль два гады, як у свой план на нядзелю Алег Вялаў сярод шматлікіх справаў уключае абавязковы пункт – удзел у акцыі пратэсту супраць працы заводу для вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэяў.

«Выпадкова даведаўся пра гэты завод, і чаша цярплівасці была перапоўненая, бо ў Берасці і так з экалогіяй справы горш няма куды», – кажа Алег Вялаў.

У нядзелю раніцай Алег набывае крупы, каб выйсці на галоўную плошчу гораду карміць галубоў – такую формулу пратэсту абралі берасцейцы. І сёння не выключэнне: роўна а 12:00 каля 150 чалавек прыйшлі на плошчу, каб дамагчыся выканання сваіх патрабаванняў.

«Мы хочам атрымаць дакладную інфармацыю, а менавіта праектную дакументацыю, завераную «АйПаўэрам», і правесці экспертызу», – кажа Уладзімір Мароз, праціўнік заводу.

Паводле праектнай дакументацыі, выкіды заводу за год не мусяць перавышаць 3 кг свінцу. Днямі актывісты даведаліся, што меркаваны аб’ём выкідаў рэзка павялічыўся – да 29 кг.

«Чаму не хочуць прызнаць? Таму што калі павялічваецца аб’ём небяспечнага перапрацаванага матэрыялу, то завод становіцца па-за законам», – тлумачыць Зміцер Бекалюк, праціўнік заводу.

Трубы акумулятарнага завода пад Брэстам. Фота - Ірына Арахоўская.
Трубы акумулятарнага завода пад Брэстам. Фота - Ірына Арахоўская.

Грамадскія актывісты дамагаюцца атрымаць поўны доступ да праектнай дакументацыі, каб перадаць яе для ацэнкі адмыслоўцам. Праца экспертаў не танная, таму грошы на яе аплату берасцейцы збіраюць талакою.

 «У нас ёсць вялікія сумневы, што гэта будзе такая колькасць, мы мяркуем, што будзе ад 300 да 750 кг свінцу за год, будзе выкідвацца гэтым заводам», – выказвае непакой людзей праваабаронца Раман Кісляк.

Усе гэтыя пытанні і супярэчнасці ў звестках праціўнікі заводу хацелі б абмеркаваць у больш шырокім коле, а таму прапанавалі гарвыканкаму зладзіць дазволены ў такіх выпадках законам мясцовы сход.

«Калі гарвыканкам адмовіцца, то мы самі будзем збіраць подпісы і яго ініцыяваць», – кажа пра планы праваабаронца.

Акрамя таго актывісты збіраюць подпісы, каб правесці аналагічны сход і з удзелам жыхароў Берасцейскай вобласці, каб усе, на здароўе каго могуць уплываць шкодныя выкіды прадпрыемства, змаглі б выказацца: быць такому заводу ці не.

Источник:
Автор:
Фотограф:
Pixabay.com
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость