Згодна з інфармацыяй, размешчанай у раённай газеце «Добрушскі край» ад 19 лютага, каля пасёлка Высакаполле плануецца пабудаваць палігон вытворчых адкідаў Добрушскай папяровай фабрыкі «Герой працы». На палігоне мяркуюць хаваць наступныя віды адкідаў: зала ад спальвання хуткарослай драўніны, зала ад спальвання дроў (3 клас небяспекі), адпрацаваныя алівавыя фільтры (3 клас небяспекі), абцірачны матэрыял забруджаны алівай (3 клас небяспекі), ападак з адстойнікаў (сыры ападак з каагулянтам), ападак пасля прамыўкі фільтраў (3 клас небяспекі), адкіды ад перапрацоўкі макулатуры (4 клас небяспекі), шлакі электрапечаў, абразіўны пыл і парашок ад шліфавання чорных металаў ды інш.
Інфармацыя аб небяспечным палігоне, які мяркуюць пачаць будаваць праз два месяцы, адразу занепакоіла вяскоўцаў. Жыхары перакананы, што яны ўжо і так жывуць на небяспечных тэрыторыях.
«Мы і так хварэем з-за рыдыяцыі, у нас у кожнага чалавека па сто хваробаў. Дзеці малыя хварэюць, у іх баляць косці, ногі, яны ўжо не могуць часам на ногі з раніцы ўстаць, а вы яшчэ палігон хочаце ставіць. У нас і так няма здаровых дзяцей», – абураецца вяскоўка Святлана Дорашава.
«У нас у вёсцы свінакомплекс, палі засяваюць, – дадае Таццяна Мельнікава з пасёлка Майскі, – якое ж там будзе мяса і які будзе хлеб? Побач буйная вёска Карма, возера, дзе ўсё купаюцца і вудзяць рыбу, лес, дзе мы грыбы збіраем».
Адзінагалосна вяскоўцы мяркуюць, што няма неабходнасці будаваць небяспечны палігон побач з густанаселенай вёскай, калі недалёка ад Добруша пачынаецца т.зв. зона адсялення, дзе ніхто не жыве і, адпаведна, не займаецца ніякай гаспадарчай дзейнасцю.
«Паўраёны адселена, – кажа Людміла Макеева, – адразу за Добрушам – зона адсялення. Чаго лезці к нам дзе людзі жывуць?
Кропка ў рашэнні пра размяшчэнне палігона прамысловых адкідаў Добрушскай папяровай фабрыкі ля пасёлка Высакаполле яшчэ не пастаўленая. Райвыканкам, згодна з заканадаўствам, прапаноўвае жыхарам у дзесяцідзённы тэрмін з дня публікацыі ў раённай газеце ўнесці свае прапановы ці заўвагі. Пры неабходнасці могуць быць праведзеныя нават грамадскія слуханні. Застаецца спадзявацца, што чыноўнікі прыслухаюцца да меркавання жыхароў, а людзі змогуць рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на чыстае навакольнае асяроддзе.