Гарбуз — выдатная крыніца разнастайных вітамінаў, асабліва шмат у гэтай гародніне ўтрымліваецца бэта-каратыну і вітаміну Е, які адметны тым, што замаруджвае працэсы старэння ў арганізме. Багаты гарбуз і на іншыя вітаміны: С, D, В1, В2, РР, аднак асноўная яго заслуга ў такіх рэдкіх вітамінных групах, як К і Т, што амаль не сустракаюцца ў іншай садавіне і гародніне. Гарбузы могуць пахваліцца і вялікім утрыманнем карысных рэчываў, дэфіцыт якіх можа назірацца ў веганаў пры няправільным харчаванні, напрыклад, кальцыю, магнію, жалеза, цынку, фтору, медзі, кобальту, фосфару і г.д.
Незамяняльнай гародніна будзе і для рацыёну тых, хто жадае скінуць вагу, бо мае нізкую каларыйнасць. Акрамя гэтага, нягрубая клятчатка з гарбуза вельмі добра засвойваецца, у тым ліку і аслабелым ад хвароб арганізмам. І ў цэлым гэта гародніна дапамагае ўмацаваць імунітэт і вывесці шлакі.
Але, нягледзячы на ўсе свае карысныя ўласцівасці, ёсць пэўная небяспека ў спажыванні гарбузоў для людзей з цяжкой формай цукровага дыябету.
Для супу-пюрэ нам спатрэбяцца:
- сярэдняга памеру гарбуз;
- 2-3 невялікія бульбіны;
- 1 вялікая ці 2 сярэднія морквіны;
- шклянка гароху нут;
- 1 сярэдняя цыбуліна;
- 3 кубікі марожанага ці пучок свежага шпінату;
- зеляніна.
Замачваем на ноч нут. Затым выварваем яго да поўнай гатоўнасці і адкладаем 2-3 сталовыя лыжкі цэльнага гароху. Чысцім бульбу, моркву, наразаем іх невялікімі кубікамі і працягваем варыць разам з нутам. Гарбуз вычышчаем ад семачак і акуратна зразаем лупіну, наразаем кубікамі і, калі бульба з морквай будуць ў паўгатоўнасці, дадаем у каструлю. У гэты ж час пачышчаную цыбуліну дробна наразаем і абсмажваем на невялікай колькасці алею да залацістага колеру. Падсмажаную цыбуліну ўкідваем у каструлю да астатняй гародніны.
Увага: не забываем усё пасаліць і папярчыць па смаку. Дарэчы, замест молатага перцу ў суп можна дадаць перац гарошкам.
Калі гародніна прыгатуецца, закідваем кубікі марожанага шкінату, ці, калі ён свежы, загадзя дробна наразаем яго. Праварваем яшчэ некалькі хвілін. Затым выключаем агонь, але каструлю з пліты не здымаем, няхай суп даходзіць на ёй яшчэ некалькі хвілін.
Як толькі змесціва каструлі перастане кіпець, блэндэрам акуратна ператвараем яго ў аднароднае пюрэ.
Наліваем суп-пюрэ ў талеркі і ўпрыгожваем рэшткамі адваранага цэльнага нуту, зелянінай, напрыклад петрушкай ці базілікам.
Увага: калі хтосьці не любіць саладкаваты смак гарбуза, суп-пюрэ можна прыправіць мускатным арэхам, але дазавана (1-2 дробкі) і дадаць крыху больш іншай гародніны: бульбы, морквы і шпінату.
Усім прыемнага апетыту!