Журналісты Радыё Рацыя адправіліся ў паездку Славуціч-Семіходы, каб паразмаўляць з тым, для каго Чарнобыльская атамная электрастанцыя — штодзённасць, а не турызм.
Калі сваякам кажаш, што едзеш да ЧАЭС, то многія пачынаюць хвалявацца, ці не зашмат там радыяцыі. Знаёмыя нават жартуюць, што хутка будуць баяцца побач стаяць, каб ад нас не атрымаць дозу радыяцыі. Многія пасля наведвання Чарнобыльскай АЭС спальваюць вопратку. Супрацоўнікі станцыі ад падобных страхаў далёкія. Для іх паездкі на ЧАЭС — гэта не экстрымальны турызм. І нават не сімвал трагедыі. А проста месца працы.
— Па-сутнасці, ЧАЭС — гэта трагедыя. Але для нас, калі мы ездзім туды пастаянна, — гэта штодзённасць.
— У горадзе (Славуціч – заўв.аўт.) практычна няма працоўных месцаў. Станцыя і новыя аб’екты, што там будуюцца, — гэта нашыя працоўныя месцы, гэта ўтрыманне нашых сем’яў.
— На дадзены момант ЧАЭС – гэта праца, стабільны заробак перакананасць у будучыні, бо ты ведаеш, што зможаш пракарміць сям’ю, — прызнаюцца супрацоўнікі станцыі.
— Спачатку станцыя была сімвалам трагедыі. А цяпер успрымаецца ўжо як месца працы. Усё ж такі час прайшоў ужо. 26-га красавіка 30 год спаўняецца, як здарылася аварыя. Гэта шмат для чалавечага жыцця. Для гісторыі – гэта імгненне. А для чалавека — гэта палова жыцця, — філасофскі разважае Аляксандр, які працуе на ЧАЭС з 1989 года.
Цягнік праз межы, час і радыяцыю
27-гадовы Юрый, якога мы сустрэлі ў электрычцы Семіходы-Славуціч, у сілу ўзроста пра трагедыю на Чарнобыльскай АЭС ведае толькі з падручнікаў. Калі ён ехаў працаваць на ЧАЭС (а менавіта будаваць новы бяспечны канфайнмент – новае абароннае збудаванне над чацвёртым энергаблокам ЧАЭС), то спачатку баяўся радыяцыі. Сваякі першапачаткова нават адгаворвалі ад такой працы. А цяпер, як кажа будаўнік, бацькі болей баяцца не радыяцыі, а таго, што ён працуе на вялікай вышыні (а вышыня канфайнмента складае 108 м).
Раніца на чыгуначным вакзале ў Славуцічы — такая ж, як у іншых гарадах. З адной розніцай. Адсюль едзе электрычка на ЧАЭС. Паглядзець расклад цягніка можна ў інтэрнэце альбо на самім вакзале. Працоўныя ЧАЭС на першы погляд нічым не адрозніваюцца ад рабочых іншых прадпрыемстваў. Яны заходзяць у электрычку, займаюць месцы для сябе і сваіх сябраў. Па дарозе на ЧАЭС (а электрычка едзе прыкладна 40 хвілінаў) абмяркоўваюць рыбалку, надзённыя праблемы, граюць у карты. Ніхто не кажа эмацыйны „О, Чарнобыль. Гэта такая трагедыя!”. Ніхто не звяртае ўвагі, што электрычка едзе праз зону адчужання.
— Я нават не ведаю, дзе зона адчужання пачынаецца, калі шчыра. Ведаю, што дзесьці ў Беларусі, а дзе менавіта, не ведаю. Вось мы праехалі Украіну, а цяпер едзем па Беларусі. Потым за Пасудава зноў пачнецца Украіна, — праводзіць для нас экскурсію Аляксандр, які едзе ў электрычцы на працу на ЧАЭС.
Электрычка Славуціч-Семіходы праязджае частку шляху праз беларускую тэрыторыю. Каб кожны раз не правяраць дакументы на мяжы, цягнік едзе без спыненняў. Шлях па Беларусі праходзіць менавіта праз 30-кіламетровую зону адчужання, закрытую для наведвання.
— Калі едзеш праз „чарнобыльскую зону”, дык, як у заапарку, – жартуе будаўнік новага саркафага Юры. — Жывёлаў бачыш „нямерана” і самых розных: дзікоў, ласёў, касулі. Гэта мне падабаецца, бо вельмі прыроду люблю.
Адрозненне супрацоўнікаў ЧАЭС ад іншых рабочых — індывідуальныя дазіметры. Дазіметры (прыборы для вымярэння эфектыўнай дозы ці магутнасці выпраменьвання) выдаюць непасрэдна на працы. Прыборы падаюць гукавую сігналізацыю пры перавышэнні ўсталяваных нормаў.
— Пішчыць ён у залежнасці ад таго, які „прастрэл”. Ёсць людзі, напрыклад, якія працуюць у лакальнай (бруднай) зоне каля рэактара. Яны могуць працаваць гадзіну-дзве на суткі. У кожнага свае нормы. Мы працуем у чыстай (адносна чыстай) зоне, таму ў нас дазіметр асабіліва не пішчыць. А вось ў тых, хто працуе каля рэактара, калі дазіметр запішчаў, значыцца яны дозу набралі. Яны ідуць „абнуляцца” і едуць ужо да дому. У нас звычайны графік: з 8 раніцы да 6 вечара. Я працую ў начныя змены, таму ў мяне праца з 6 вечара да 4 раніцы, — распавядае Юры, які працуе на будоўлі канфаймента.
Прыпяць — лепшы горад на свеце
А яшчэ многія пасажыры электрычкі на ЧАЭС памятаюць горад Прыпяць, бо калісьці жылі там.
— У Прыпяці я жыў з 1975 года. У дзень аварыі я быў у войску, — гаворыць пасажыр электрычкі на ЧАЭС Сяргей. — Дазнаўся у войску. Была незразумелая інфармацыя. Казалі, што столькі людзей вывезлі з гораду, хаця калі я сыходзіў у войска, то колькасць насельніцтва была болей у два разы. Куды людзі падзеліся?! А потым бацькі напісалі, што іх вывезлі і каб вяртаўся ўжо ў іншае месца. Так я дэмбельнуўся і пайшоў шукаць, куды перасялілі бацькоў.
Этнічны беларус Дзмітрый, які працуе на станцыі з 1989 году, прыехаў у Прыпяць у 1980 годзе разам з бацькамі з гораду Клімавічы Магілёўскай вобласці.
— Бацьку запрасілі на АЭС працаваць. Я ў пятым класе вучыўся, калі мы пераехалі ў Прыпяць. Дзень аварыі запомніў. Мы акурат гулялі з хлопцамі на вуліцы. Потым прыйшоў да дому і стаў рыхтавацца спаць. А тут штосьці загуло, загрымела. І ўсё — болей нічога. У вакно паглядзеў — бляск нейкі. І ўсё. А на наступны дзень абвясцілі па радыё, падгналі аўтобусы, прызначылі час у кожным квартале, людзі выйшлі, селі ў аўтобусы і з’ехалі. Мы не ведалі, што адбываецца. Нам увогуле казалі, што на травеньскія святы выедзем на пару дзён, а потым вернемся, – узгадвае Сяргей.
Горад Прыпяць супрацоўнікі ЧАЭС узгадваюць з настальгіяй і цеплынёй.
— Для мяне гэта самы лепшы горад. Лепей за яго гораду не было і не будзе. Там прайшло маё дзяцінства. Сябры, першае каханне… Школу скончыў, вучэльню. Распачаў працоўную дзейнасць, – з сумам у голасе гаворыць Сяргей.
Інжынер Уладзімір пачаў працаваць на ЧАЭС яшчэ да аварыі – у 1979 годзе:
— Я жыў у Прыпяці. З гарадоў-спадарожнікаў станцыі — гэта быў самы прыгожы горад. – Па-ўкраінску гаворыць… — Найпрыгажэйшы горад з тых, дзе я бываў. Там было зручна. Мы былі маладыя, а, значыцца, шчаслівыя. Нам было там добра. Ёсць настальгія. Куды ад яе падзенешся? Алё ўсё мінула.
Уладзімір да аварыі 1986 году якраз працаваў на трэцім і чацвёртым энергаблоках. Але на той момант пачалі будаваць пяты і шосты блокі, куды акурат і перавялі … за месяц да аварыі.
— Таму на момант аварыі я знаходзіўся дома. А калі б быў на працы, не вядома, ці быў бы я яшчэ жывы, — сумна заўважае Уладзімір.
А вось 27-гадовы Юры аварыю не памятае, бо нарадзіўся пасля яе. Маладзён прызнаецца, што раней ніколі не думаў, што будзе працаваць у „зоне”. Аднак юнаку які паходзіць з Чарнігава (бліжэйшы да Славуціча абласны ўкраінскі горад) давялося шукаць працу.
— Так склаліся абставіны. Ёсць заробак. Непадалёк ад дому. То бок я магу ездзіць да дому.
Маладзён працуе вахтавым спосабам: 15 сутак знаходзіцца на працы на ЧАЭС, 15 сутак — дома. Падчас працы ён жыве ў горадзе Чарнобылі, які знаходзіцца ў 18 км ад ЧАЭС. Да аварыі ў горадзе жыло 13 тысячаў чалавек. Пасля 26 красавіка 1986 году жыхароў Чарнобыля эвакуявалі. Цяпер там пражываюць толькі супрацоўнікі станцыі.
— У адрозненне ад Чарнігава тут у Чарнобылі нельга хадзіць у шортах і майках. То бок ногі і рукі мусяць быць закрытымі. Але ўмовы для жыцця ў хостэлы там добрыя, — распавядае Юры.
Самы малады горад Украіны
Аднак многія супрацоўнікі станцыі працуць кожны дзень, маючы выходныя ў суботу і нядзелю. Гэтыя супрацоўнік жывуць у Славуцічы. Горад Славуціч — самы малады ва Украіне. Ён быў пабудаваны замест Прыпяці. Рашэнне аб будаўніцтве гораду было прынятае 2 кастрычніка 1986 года, калі стала зразумела, што Прыпяць да жыцця не аднавіць.
З пастановы ЦК КПСС Саўміна СССР ад 02.10.1986 года №1179:
„Цэнтральны камітэт КПСС і Савет Міністраў СССР пастанаўляюць: Прыняць прапанову Савета Міністраў Украінскай СССР аб будаўніцтве у 1987-1989 гадах у раёне сяла Няданчычы Чарнігаўскай вобласці гораду для пастаяннага пражывання супрацоўнікаў Чарнобыльскйа АЭС і чальцоў іх сем’яў з разліковай колькасцю насельніцтва 20 тысячаў чалавек і магчымасцю далейшага развіцця гораду да 30 тысячаў чалавек”.
Дарэчы, сам горад Прыпяць цяпер лічыцца аварыйным. Што зразумела, бо за 30 год дамы тут ніхто не рамантаваў. Пасажыры электрычкі Славуціч – Семіходы выдатна гэта разумеюць. А таму па Прыпяці не гуляюць.
— Вось на электрычцы прыехалі. Потым кантроль пройдзем. Потым на аўтобус – і паехалі на станцыю. І так жа сама са станцыі: з аўтобуса на электрычку, – распавялі нам супрацоўнікі станцыі.
Комплекс мераў абароны залежыць ад таго, дзе працуе чалавек. Аднак, як паведамілі нам пасажыры электрычкі, ёсць агульныя правілы для ўсіх:
— Хадзіць у адмысловай вопратцы, не ўхіляцца ад маршрута, не браць невядомыя прадметы ў рукі, а пасля працы абавязкова памыцца.
А вось у горадзе атамшчыкаў Славуцічы, дзе жывуць супрацоўнікі ЧАЭС, — чыста. Жыхары гораду перакананыя, што тут узровень радыяцыі меней, чым у Кіеве. У Насельніцтва Славуціча — 25 тысячаў чалавек. Тут жывуць не толькі перасяленцы з Прыпяці.
— Нашаму гораду ў наступным годзе будзе 30 год. Тут пражывае з Прыпяці шмат людзей. Але не толькі. Калі адбылася аварыя, то на яе ліквідаюць запрашалі спецыялісты з іншых гарадоў былога СССР. Томск, Омск, Чалябінск – з гэтых гарадоў людзі прыязджалі. Шмат прыехала людзей з Чарнігава і іншых украінскіх гарадоў. У нас такі інтэрнацыянальны горад. У больш за 40 народаў і нацыянальнасцяў пражывае. – Распавядае грамадскі лідар Валянціна Дорнопых, якая сама калісьці прыехала з Латвіі будаваць Славуціч.
Горад Славуціч будавалі ўсім СССР. Кожны квартал будавала якая-небудзь рэспубліка былога Саюзу. Самыя прыгожыя будынкі знаходзяцца ў тбіліскім, ераванскім і бакінскім кварталах. Кажуць, будаўнічыя матэрыялы, тэхналогіі і працоўную сілу для ўзвядзення жылых дамоў прадастаўлялі саюзныя рэспублікі.
Славуціч знаходзіцца пасярод лесу. Таму ягоныя жыхары ходзяць у грыбы і ягады, садзяць гароды, едзяць у рыбу.
— Вось пасля працы паеду адразу на рыбалку на Днепр з начоўкай. – Хваліцца нам Аляксандр, які працуе на ЧАЭС з 1989 году.
Многія супрацоўнікі пачалі працаваць на Чарнобыльскай АЭС пасля аварыі. Аднак страху, як прызнаюцца супрацоўнікі станцыі, у іх даўно няма.
Электрычка Славуціч-Семіходы пераязджае праз раку Прыпяць — найпрыгажэйшую раку ў Беларусі. Пасля яе адкрываецца відарыс на горад-здань Прыпяць, а таксама на недабудаваныя пяты і шосты энергаблокі, вакол якіх вось ужо 30 год стаяць некранутыя краны.
Многія пасажыры эелктрычкі Славуціч-Семіходы па зразумелых прычыных хочуць, каб станцыя працягвала працаваць. Яны вераць, што за атамнай энергетыкай ёсць будучыня. Аднак інжынер Уладзімір са знешнасцю савецкага барда-дысідэнта усё такі лічыць, што чалавецтва прыйдзе да альтэрнатыўных крыніц энергіі, у іншым выпадку можа загінуць. І аварыі на ЧАЭС і Фукусіме паказалі, наколькі небяспечным можа быць атам.