Харчовыя памылкі
Першая з іх – парушэнне прапорцый ужывання бялкоў, жыроў і вугляводаў. Большасць беларусаў ядуць шмат тлустай ежы і ўжываюць шмат цукру. Да таго ж значная частка прыходзіцца на “хуткія” вугляводы – розныя кандытарскія вырабы, а не на “павольныя” – крупы. А для арганізму значна больш карысныя менавіта павольныя вугляводы. Да таго ж яны не так шкодныя з пункту гледжання атлусцення.
Другая праблема – харчаванне беларусаў беднае. То бок, яно не разнастайнае. І гэтую праблему беларусы вырашаюць не пабудовай збалансаванай сістэмы харчавання, а “хімічным шляхам”, то бок ужываннем розных газірованых напояў, сухарыкаў, чыпсаў, салодкіх батончыкаў, рулетаў і так далей. Спіс розных “смачных” тавараў, якія зараз ёсць у кожнай краме, амаль бясконцы. Але ўсе яны ўтрымліваюць вялікую колькасць шкодных дадаткаў (разрыхліцелі, кансерванты, араматызатары і т.д.) і не ўтрымліваюць вітамінаў.
Недахоп вітамінаў – трэцяя праблема. І ўзнікае яна не толькі з-за бедансці харчавання, але і канкрэтна з-за невялікага ўжывання садавіны. Канешне, ва ўсім патрэбна ведаць меру. І зашмат садавіны можа прывесці да праблем са задроўем. Але наўрад ці большасці беларусаў гэта пагражае. Па эканамічных прычынах, шматлікія з нас ядуць садавіну далёка не кожны дзень. А ў зімні перыяд некаторыя ядуць яе і не кожны тыдзень.
Узгадваючы ўжо апісаную праблему з нізкім утрыманнем вітамінаў у гэтай садавіне, самі разумееце, што праблема відавочная.
Хутка, але ці карысна?
Праблема нумар чатыры: ужыванне каўбасных вырабаў. У чым жа праблема, запытаеце вы? У тым, што беларусы прызвычаіліся набываць больш сасісак, каўбасаў і іншай перапрацаванай і далёка не экалагічнай прадукцыі замест натуральнага мяса і рыбы. Пры гэтым для кагосьці гэта звычка, а хтосьці сур’ёзна лічыць, што эканоміць грошы. Бо танная каўбаса ў параўнанні з мясам каштуе менш. Але ж яна і менш карысная, бо там мала бялкоў, і шмат тлушчу. І эканомія выходзіць вельмі адносная, калі яна ўвогуле ёсць.
Але галоўнае – шкодныя складнікі каўбасаў. Колькасць мяса ў шматлікіх з іх вельмі невялікая. А замест яго туды ідуць розныя адкіды “мясной прамысловасці”, соя, крахмал, жэлацін і т.д. У лепшым выпадку ўсё гэта не шкодзіць здароўю, але і не патрэбнае вашаму арганізму. То бок вы плаціце за сумнеўныя выгоды. А вось што сапраўды з’яўляецца праблемай, дык гэта нітрыт натрыю, які выкарыстоўваецца ў каўбасах у якасці фарбавальніка і кансерванта. Менавіта дзякуючы яму усе сыравяленыя і сыракапчоныя каўбасы маюць такі прыгожы цёмна чырвоны колер і не дазваляе прадуктам акісляцца.
Небяспека ў тым, што ў арганізме чалавека ён пераўтвараецца ў нітразаміны – канцэрагенныя рэчывы. Ды і сам нітрыт натрыя ў вялікіх дозах – смяротны яд. Але ж у малых дозах ён утрымліваецца нават у некаторых відах гародніны. Само пытання гэтых дозаў застаецца без адназначнага адказу. Бо небяспечныя дозы розняцца ў залежнасці ад параметраў арганізму. Ды і пры пастаянным ужыванні каўбасных вырабаў аб’ём нітрыту натрыя ў арганізме накапліваецца.
Дадайце да гэтага хімікату розныя рэчывы для ўтрымання вады. Іх дадаюць каб каўбаса была больш “сакавітай” і галоўнае – больш цяжкай. Калі яе проста паліць вадой – то не ў замарожаным стане вада хутка выцеча, а з адпаведным дадаткам гэтага не адбываецца.
Усе гэтыя рэчывы негатыўна ўздзейнічаюць на арганізм чалавека. У першую чаргу на страўнік. Яшчэ адна памылка ў нашым харчаванні – пашырэнне ужывання паўфабрыкатаў ці наогул гатовай ежы (розных салатаў, бліноў, ролаў і т.п.), якую ім трэба толькі падагрэць дома. Але ж ежа павінна быць не толькі чыстай, карыснай і разнастайнай, а яшчэ і свежай.
Бо нават якасны прадукт, які ў прыгатаваным выглядзе храніцца дзень у лядоўні ці наогул на стале, страчвае свае якасці і пачынае псавацца. Што казаць пра розныя замарожаныя паўфабрыкаты ці гародніну? Пасля замарозкі амаль усе вітаміны будуць знішчаны. І карысць ад гэтай садавіны будзе мінімальная. А з паўфабрыкатамі праблема яшчэ і ў розных кансервантах, якія туды абавязкова дадаюць. Карацей кажучы – гатаваць трэба самому, а есці прыгатаваную ежу адразу.
Трэба закрануць і яшчэ адну звычку. Разнастаіць надакучыўшыя сасіскі з макаронамі беларусы любяць маянэзам ці рознымі соўсамі, якія з’яўляюцца такой своеасаблівай “харчовай бомбай”, якая шкодная амаль для ўсяго – нырак, пячонкі, страўніка, сэрца, сасудаў. Альтэрнатывай з’яўляецца выкарыстанне натуральных прыправаў ці выраб уласнага дамашняга маянэзу. Але першае патрабуе ведаў у кулінарыі, а другое – працы. Многіе ідуць па прасцейшым шляху.
Кошт здароўя
Калі любую тэорыю спрабуеш прымяніць на практыцы, з’яўляецца шмат праблем. І адна з асноўных – недахоп грошаў. Харчаванне “з’ядае” значную частку бюджэту беларусаў. І шмат хто проста не ў стане выдаткоўваць на ежу яшчэ больш сродкаў. Таму давайце разгледзім апісаныя вышэй патрабаванні да здаровага харчавання з улікам іх кошту.
Канешне, у кожнага свой штотыднёвы набор харчовых прадуктаў, але ж асноўныя групы больш менш аднолькавыя.
Да першай з іх аднясем мясныя і малочныя вырабы. Як ужо сказана вышэй калі змяніць шматлікія каўбасныя вырабы на свежыя мяса і рыбу, гэта не прывядзе да сутнасных зменаў у бюджэце харчавання. Але сутнасна падвысіць якасць харчавання. Канешне, і мяса і рыбу трэба будзе гатаваць, у адрозненне ад гатовых каўбасаў. Але ці такая вялікая праблема – зварыць ці пасмажыць гэтыя прадукты, асабліва калі размова ідзе пра карысць для вашага арганізму?
З малаком, маслам, смятанай ці тварагом сітуацыя яшчэ прасцей. Іх трэба ўжываць, а з якім утрыманнем тлушчу, а значыць якога кошту – гэта ўжо залежыць ад вашага густу і магчымасцяў.
Другая група прадуктаў – крупы. Гэта асноўная крыніца вугляводаў. Да таго ж менавіта “павольных” вугляводаў, якія не прыводзяць да праблем з лішняй вагой, бо добра засвойваюцца арганізмам. Галоўнае – трэба есці менавіта неапрацаваныя крупы. Бо ў іх акрамя вугляводаў і калорый утрымліваюцца карысныя мікраэлементы, вітаміны, мікраэлементы і абалоніна. А ў кашах хуткага прыгатавання іх няма. У выніку, эканомячы дваццаць хвілін, ваш арганізм штодзённа не атрымлівае частку патрэбных рэчываў. Калі казаць пра фінансавы бок, то неапрацаваныя крупы часцей больш танныя, чым іх аналагі “хуткага прыгатавання”.
На чым эканомім?
Гародніна і садавіна. Гэтая група харчоў даволі аднастайна прадстаўлена ў рацыёне беларусаў. Акрамя бульбы, з гародніны беларусы ўжываюць хіба што моркву і буракі.
Канешне ўлетку асартымент пашыраецца. Але ж менавіта зімой і напачатку вясны праблема недахопу вітамінаў становіцца асабліва вострай. І адбываецца гэта з-за праблемаў з рацыёнам. Розныя салаты трэба ўжываць увесь год. І калі на памідоры з гуркамі ў зімку грошы хапае далёка не ў кожнага, ды і якасць гэтых памідораў даволі сумнеўная, то салаты з капусты і морквы можа сабе дазволіць кожны. Акрамя гэтага ёсць вельмі карысная марская капуста, і традыцыйная для беларусаў, але даўно забытая бручка.
Садавіна таксама на нашых сталах з’ява сезонная. Прывезеныя з вёскі ўлетку яблыкі сканчаюцца яшчэ да зімы, і ў халодны сезон беларусы могуць сабе дазволіць бананы, апельсіны і іншаземныя яблыкі. Пра утрыманне вітамінаў у іх сказана вышэй. Але адназначана лепей есці такую садавіну, чым ніякай. Бо калі вы станеце будаваць уласны спіс прадуктаў з улікам патрэбы ў вітамінах, то абавязкова пабачыце, што шэраг вітамінаў атрымліваеце ў недастатковай колькасці. І перад вамі паўстане просты выбар – альбо пачаць есці садавіну рэгулярна, альбо піць вітамінныя комплексы, якія далёка не такія карысныя, а ў некаторых сітуацыях наогул шкодныя.
Напоі
Пра што мы забыліся? Канешне, пра самае смачнае – напоі і дэсерты. Што п’юць беларусы? Калі адкінуць розныя алкагольныя вырабы, вырак якім у тэме здаровага харчавання будзе адназначны, то застаецца шэраг “традыцыйных” напояў. Гэта гарбата і кава. Розныя сокі, мінеральныя воды і вельмі папулярныя газіроўкі.
Добрая гарбата – гэта не толькі смачны, але і вельмі карысны напой. Пералічваць яго плюсы можна бясконца. Але праблема ў тым, што пад папулярнымі брэндамі нам прадаюць альбо гарбату апошняга сорту, альбо наогул адыходы, якія застаюцца пасля збору сапраўднай якаснай гарбаты. Аксіёма – гарбата павінна быць ліставая. А не молатая, як уся пакеціраваная гарбата. Да таго ж яна не павінна утрымліваць сінтэтычных араматызатараў. А ўсе гатункі пакеціраванай гарбаты іх утрымліваюць. Такі напой не толькі страчвае сваю карысць, але і можа быць шкодным з-за араматызатараў.
Пра карысць кавы, як і пра яе шкоднасць існуе шмат спрэчак. Агульна можна сказаць, што гэты традыцыйны напой падыходзіць не ўсім, але безумоўна можа быць карысным, калі ўжываць яго ў меру. Але ж большасць нашага насельніцтва набывае распушчальную каву, то бок не каву ўвогуле, а яе сінтэтычны аналаг. Бескарысны і да таго ж не танны.
Сокі. Гэтыя напоі кожная рэклама прапануе як натуральныя і бясконца карысныя. Пры гэтым, напрыклад, людзям з шэрагам захворванняў нырак дактары не раяць ужываць сокі і нектары. Чаму? Бо ў іх даволі вялікая канцэнтрацыя кансервантаў. А нектары да таго ж вырабляюцца не напрамую з садавіны, а з спецыяльна апрацаванй сыравіны. Пасля гэтай шматразовай перапрацоўкі ні пра якія вітаміны казаць ужо не прыходзіцца.
Мінеральную ваду многія з нас лічаць звычайным напоем, які можна ўжываць у любых аб’ёмах. Але не дарма на этыкетцы пішуць “лячэбна-сталовая” вада. Менавіта гэтае слова “лячэбная” кажа пра тое, што ўжываць мінеральную ваду можна толькі ў межах строгіх нормаў. Чым небяспечны лішак мінеральных салей? Хаця б камнямі ў нырках. Наўрад ці такая рызыка каштуе таго, каб паўсядзённа піць мінеральную ваду.
Да таго ж любая вада з газам – шкодная для страўніка. Таму і пітную ваду трэба ўжываць без газу, і мінеральную, нават калі вам сапраўды яна прапісаная дактарамі. А пра газіраваныя напоі, напэўна, ўсе і так ведаюць – карысці ад іх ніякай, а шкоды шмат. Гэта вялікія дозы цукру, шкодныя фарбавальнікі і араматызатары. Калі і ёсць “эталон” харчовай хіміі, то гэта газіраваныя напоі.
Дэсерты
Розныя цукеркі, печыва, пірожныя і тарты – усё гэта на сённяшні дзень, на жаль, утрымлівае шмат шкодных дадаткаў. Нават звычайны хлеб (чорны і белы) “развучыліся” рабіць без разрыхляльнікаў, а часам і араматызатараў. А кандытарскія вырабы ў дадатак да гэтага утрымліваюць яшчэ і кансерванты, узмацняльнікі смаку, сродкі супраць злежвання, розныя сінтэтычныя тлушчы (бо больш танныя) і шмат чаго яшчэ. Усё гэта не паляпшае стан нашага здароўя. І хаця здаровы чалавек не адчувае прамога ўздзеяння ўсіх гэтых дадаткаў з кожным з’едзеным тортам, але з гадамі гэта, як кажуць, можа вылезці бокам.
Якое выйсце з гэтай сітуацыі? Поўная адмова ад кандытарскіх вырабаў? Канешне, не. Па-першае нельга адмовіцца ад хлеба. Асабліва ад чорнага, бо ў ім утрымліваецца шэраг мікраэлементаў і вітамінаў. І менавіта чорны хлеб – самая даступная і танная крыніца гэтых рэчываў. Калі ж казаць канкрэтна пра кандытарскія вырабы – харчаванне павінна прыносіць асалоду. А хто з нас не любіць смачнае печыва ці пірожныя? Найлепшы выхад – пекчы ўсе гэтыя прысмакі самастойна. Канешне, не кожны ўмее гэта рабіць, ды і не кожны мае час на гэтыя кулінарныя эксперыменты. Таму калі вы ўсё ж выбіраеце кандытарскія вырабы ў краме – уважліва чытайце іх склад. Для гэтага прыйдзецца разабрацца ва ўсіх дадатках і іх азначэннях, і памятаць гэта ідучы ў краму. Агульную параду тут можна даць толькі адну – абірайце найбольш простыя гатункі печыва ці цукерак, без шматлікіх інгрыдыентаў. Таму што, кожны дадтковы крэм ці начынне ў цукерках будзе утрымліваць дадтковыя араматызатары і т.д.
І наогул з пункту гледжання здаровага харчавання, найлепшы дэсерт – гэта садавіна і свежавыціснутыя сокі. А з фінансавага боку – зэканомленых на кандытарскіх вырабах грошаў дакладна хопіць на неабходную вашаму арганізму колькасць садавіны.
Галоўная выснова з усяго напісанага вышэй у тым, што сучасная харчовая індустрыя не спрыяе здароваму і экалагічнаму харчаванню. Але ж і адсутнасць у нас самых асноўных ведаў у гэтай галіне не дае сфармаваць правільную сістэму харчавання. І мабыць у рэальных умовах не ўдасца цалкам пазбегнуць ужывання шкодных харчовых дадаткаў, аднак іх дакладна можна звесці да мінімуму. І гэтым палепшыць стан свайго здароўя, а таксама знізіць рызыку ўзнікнення шэрагу захворванняў у будучыні.
Разлік калорый, бялкоў, тлушчу і вугляводаў, а таксама вітамінаў і мікраэлементаў дазволіць вам дасягнуць балансу паміж патрэбамі арганізму і яго выдаткамі.
Усё гэта – адзін з галоўных элементаў здаровага ладу жыцця. І менавіта з яго і трэба пачынаць мяняць штодзённыя звычкі.