Падрыхтоўка да падарожжаў пачалася задоўга за турыстычнага сезону. Заняткі па турызме праводзіліся у Іказненскай школе на працягу ўсяго года. І такая сур’ёзная практыка дазволіла выйсці разам з дзецьмі на няпростыя маршруты.
Шляхамі трох стыхій
Камбінаваны паход «Тры стыхіі» адбыўся з 12 па 20 чэрвеня.
Першыя тры дні былі аддадзены грунтовым і асфальтавым дарогам: на роварах школьнікі пераадолелі адлегласць ад Іказні да Дрысвят. Шлях пралёг праз Слабодку, Чэрнева, Данькі, Краснагорку, Мякяны, уздоўж возера Рычы.
Наступныя тры дні хлопчыкі і дзяўчынкі правялі на байдарках. Яны прашлі па водных шляхах ад Дрысвят праз возера Обале, раку Прорву, Богінскія азёры, раку Дрысвятку да Казян.
А потым пешшу за наступныя тры дні апынуліся дома, у Іказні. Дзеці шчыра прызнаюцца: фізічна паход даўся не проста, але радасць адкрыццяў і перамог пераважыла і благое надвор’е, і надаедлівых камароў, і цяжкасці далёкага шляху.
Адкуль наш род
А з 4 па 12 ліпеня два дзесяткі школьнікаў з розных школ раёна выправіліся ў падарожжа, галоўнай мэтай якога было знаёмства са знакамітымі шляхецкімі родамі.
Ваўжэцкія, Агінскія, Лапацінскія, Гільдэнбанты, Плятары, Тызенгаўзы, Друцкія-Любецкія, Ваньковічы, Вайняловічы... Дзеля таго, каб зведаць іх гісторыю і лёсы, школьнікі прайшлі каля 100 кіламетраў па Браслаўшчыне і Пастаўшчыне, сустракаліся з краязнаўцамі, наведвалі музеі. А начавалі ў намётах на тэррыторыях былых сядзіб. Фінішаваў летнік «Браслаўская шляхта» ў Мінску. У сталіцы дзеці наведалі музей-сядзібу Ваньковіча і Дзяржаўны музей-архіў літаратуры і мастацтва.
Такія змястоўныя і цікавыя маршруты надоўга запомняцца хлопчыкам і дзяўчынкам. Засмучае адно: як паведамляе сайт braslaw.by, у гэтым годзе Іказненская школа працавала апошні год. Дзе будзе новы цэнтр школьнага турызму — пакуль невядома.