Актор, паэт і шоўмэн Віктар Шалкевіч вядомы сваім ашаламляльным пачуццём гумару. Размаўляць з ім на сур’ёзныя тэмы складана, але надзвычай цікава. Сустрэўшыся ў парку пад матывы дробнага дажджу, мы паразмаўлялі пра тое, што такое экалагічная культура, што можна рабіць кожны дзень, каб сябраваць з прыродай, і што б змяніў наш суразмоўца, калі б на дзень стаў экасупергероем.
- Як вы разумееце для сябе сувязь экалогіі і культуры? Што значыць – быць экалагічным?
- Экалагічна культурны чалавек выхавана і адказна адносіцца да ўсяго - да дрэваў, звяроў, мурашак, людзей. Быць экалагічным для чалавека – значыць па-просту нідзе не гадзіць.
- Ці ёсць у вас экалагічныя звычкі?
- Самым галоўным для мне падаецца сартаванне смецця. У мяне зараз з’явілася хата, і каб распаліць камін, патрэбна шмат паперы – то я паперу нікуды не выкідаю, а сартую яе і адводжу туды. Пластык – асобна, шкло – асобна. Але гэта натуральна, нармальныя людзі заўсёды так рабілі і робяць. Мы заўважылі такую з’яву ў Германіі ў 90-х гадах, у нас, у Беларусі гэта толькі пачынае з’яўляцца: у нас на раёне паставілі асобны сметніцы пад шкло, паперу і пластык, што радуе.
Яшчэ я эканомна расходую паперу – калі на адной старонцы нешта напісана, я яе не выкідаю, а пішу яшчэ і на адваротным баку, выкарыстоўваю як чарнавікі. Але я б назваў гэта звыклай чалавечай сквапнасцю, а не экалагічнай звычкаю. Гэта калі дзве гарбузныя коркі не выкідаеш, а нясеш суседскаму свінчуку – хай ваша свіння паесць (смяецца).
- На захадзе экалагічная культура стала стылем жыцця, каштоўнасцю. Калі да гэтага прыйдуць беларусы?
- На захадзе людзі хутчэй дбаюць не пра свет, а сваю кішэню. Усе багатыя краіны да 19 стагоддзя, пачытайце Анры Гі дэ Мапасана – былі страшэнна бедныя. Яны толькі ў канцы 19 стагоддзя знайшлі, на чым там можна зарабіць. Перадусім еўрапейцы былі страшэнна ашчадныя, яны па капеечцы ўсё збіралі. Напрыклад, французы пачыналі з таго, што прадавалі экскрыменты суседзям. Усё багацце прыходзіць не ад таго, што хтосьці кагосьці абравабаў на дарозе, а за таго што ў свой час людзі лічылі, што штосьці можна не выкідаць, а яшчэ прыстасаваць, выкарыстаць. З гэтага і пачынаюцца ўсе багацці.
Што зробіш, калі ў 1917 годзе ўсходняя частка нашай краіны, а ў 1939 – заходняя выбрала сабе сацыялістычны лад жыцця. Заводы, фабрыкі, кляпанне тавараў, якія пасля ніхто не купляў - гэта канешне кашмар. Чалавек павінен жыць, даваць жыць іншым і адначасова даваць новае жыццё. Я разумею, што ён цар прыроды, вянец тварэння, але чалавек павінен перадусім быць чалавекам у адносінах да ўсяго жывога. З гэтым разуменнем і асэнсаваннем патрэбна адмысловым чынам сябе і паводзіць. Прага да спажывання ні да чаго добрага чалавецтва не давядзе. Чалавеку не патрэбна 100 кашуляў, хопіць 5-10 штук, але каб знасіць іх, каб яны не ляжалі грузам у шафе.
Адзін знаёмы святар казаў мне “Я эрмітаж з сабой на той свет не забяру”. Ёсць яшчэ трапная руская прымаўка “Да савана кішэні не прышыеш”. Трэба ў жыцці мець неабходнае, тое, чым скарыстаешся, навошта шмат? Канешне, не трэба даходзіць да крайнасцей і ва ўсім сабе адмаўляць, але проста варта спажываць у той колькасці, колькі аб’ектыўна патрэбна.
Каб папулярызаваць экалагічную культуру, з гэтага трэба вырасці. Калі чалавек нічога пра гэта не ведаў з дзяцінства, што яму можна растлумачыць у сталым узросце? Калі расказваць пра экалогію, ён успрыме гэта як чарговае задурванне мазгоў. З гэтага трэба пачынаць жыццё, трэба ад немаўляці расказваць, што, як і дзе. Многім здаецца, што гэта проста ерунда. Пачытайце апавяданне Рэя Брэдберы, дзе героі рабілі пераправу ў дагістарычныя часы, і не можна было наступіць на матылька, бо калі чалавек наступіць на матылька – рушыўся нейкі ланцуг і адбываліся небяспечныя з’явы і змены ў гісторыі.
- Ці можна ахвяраваць экалогіяй на карысць эканомікі - на ўзроўні дзяржавы і асобна ўзятай сям’і?
- Канешне нельга. Памятаю, аднойчы мы былі ў горадзе Калініне на здымках, і ехалі там у раён, які называўся “Бярозавыя гаі”. Там так смярдзела! А там быў цэлы хімічны камбінат, які атручваў жыццё ўсім. Але людзі да гэтага прызвычаіліся. Сёння ў нас нонсэнс, калі вецер дзьме з мясакамбіната і людзі пачынаюць вадзіць насамі з-за непрыемнага паху. А раней гэта было ў парадку рэчаў. Затое – прыбытак. Навошта за гэтым гнацца? Чалавеку патрэбна нашмат менш, чым мы прывыклі думаць. Чалавецтва жыве ў адной вялікай сям’і, і трэба дамаўляцца, хто што робіць – і не перабольшваць.
- Ці можаце вы сказаць, што ў коле вашых знаёмых экалагічная культура, экалогія ў быце становіцца папулярнай?
- Мае сябры так выхаваныя, што, напэўна, гэта дзесьці ў іх крыві сядзела. Гэта называецца па-простаму – звычка не гадзіць. Мяне так выхавалі ў маёй сям’і. У Поразаве ў нас ніколі смецця не было. Нешта палілася, нешта закопвалася ў зямлю, вывозілася, бутэлькі мыліся і здаваліся. Усё, што ішло ў сям’ю, вярталася туды, адкуль прыйшло, але ўжо ў іншым выглядзе.
- А вы маглі ў дзяцінстве якую казурку раздавіць ці галінку на дрэве зламаць?
- Не, ну што вы! Нас вучылі не здзекавацца над нашымі меншымі братамі. Ладна там крата злавіць у краталоўку ці мыш, але ўсё астатняе – ня дай Бог. Усе жывыя істоты з дзяцінства шанаваліся як стварэнні божае, што вымагала адказнага стаўлення і дастаткова цёплых адносінаў да іх. Я, дарэчы, страшэнна люблю вужоў – іх у мяне даволі шмат, жывуць у дравах у загарадным доме.
- Ці ёсць у вас усё ж такі нейкая экаправіннасць, за якую сорамна?
- Калісьці ў дзяцінстве я злавіў каларадскага жука, пасадзіў у слоік, закруціў накрыўкай і закапаў. Ён, напэўна, мучыўся, калі паміраў. Мне той выпадак да гэтай пары не дае спакою – я замучыў нявінную душу (смяецца). Зараз калі нават муха залятае ў пакой, я стараюся яе злавіць і выпусціць за акно – на волю. З мурашкамі дамаўляюся-размаўляю. У загарадным доме ў нас было шмат мурашак. Я нейкім чынам, угаворамі дабіўся, каб яны самі сышлі. Я з імі гаварыў, тупаў і казаў “Мы тут жывем, вам тут не месца”. Але гэта ўжо з разраду шызы хіба што.
- Калі б вы на дзень сталі экасупергероем, што б вы зрабілі за гэты дзень?
- Я б зрабіў так, каб людзі пачалі правільна харчавацца. На дзень спыніў бы ўсе хімкамбінаты. Ёсць людзі, якія выраслі ў горадзе і не ведаюць, як пахне зверабой, як сонца ўзыходзіць, якога колеру трава ў першы тыдзень верасня. Таму я б усіх людзей вывез з гораду, разуў бы і прымусіў пагуляць басанож па траве. Пасля правёў бы па лесе, паказаў вавёрак, яшчэ што цікавае.
Гутарыла Вольга Корсун
Фота аўтара