26.08.2015 / 13:08

“Зялёны партал Гродзеншчыны” наведаў закрыццё пленэра скульптараў па дрэве ў Гарадзенскім маёнтку “Каробчыцы” 25 жніўня. Творы з дубу яднала тэма казак Пушкіна, але побач з персанажамі Лукамор’я ў Каробчыцах застанецца скульптура местачковага жыда, пра якога Пушкін у сваёй казцы не згадваў.

Вадзяны і Баба Яга ад рускай школы

Расіяне Андрэй Бальшакоў і Антон Працкоў удзельнічалі ў плэнеры ў Каробчыцах ужо тройчы. Пушкінская тэма гэтага году – “Ля Лукамор’я” – у хлопцаў нарадзіла досыць чаканыя асацыяцыі. Андрэй выразаў Вадзянога, Антон – Бабу Ягу.

Абодва – выпускнікі больш як 100-гадовага Багародскага мастацка-прамысловага вучылішча разьбы па дрэве.

- Багародскую школу можна адрозніць ад усіх іншых з першага погляду, - кажа Андрэй. – Традыцыйна гэта вельмі “мягкія” цацкі і скульптуры.

У Каробчыцах усе мастакі працавалі з дубам. Андрэй і Антон цэняць гэты матэрыял за вялікія памеры, і разам з тым найчасцей выразаюць з ліпы: яна лягчэй паддаецца рукам майстра. Чаму менавіта дрэва, а не, скажам, камень ці мармур?

- Дрэва - больш “жывы” матэрыял, ад яго цеплыня ідзе, - тлумачыць Андрэй. Хоць узімку ён не грэбуе разьбярствам з лёду і снегу.

Звычайна скульптары не рубяць дрэва ў лесе ці парку спецыяльна, але выбіраюць аварыйныя расліны, якія будуць спілоўваць, расказалі хлопцы. Іхнія дамы застаўленыя драўлянымі скульптурамі. Маленькая дачка Андрэя есць лыжачкамі, якія выразаў тата.

Перад пленэрам у Каробчыцах яны былі на разьбярскім фестывалі ў Суздалі, а зараз збіраюцца на такое ж мерапрыемства ў Цвер.

- У нас, калі ты трапляеш у асяроддзе, то цябе ўвесь час кудысьці запрашаюць. Часта фестывалі адбываюцца па тры дні, а тут цэлы тыдзень. Стыпендыя была невялікай, затое мы цудоўна адпачылі. Для нас нават экскурсіі арганізоўвалі, - падсумоўвае Антон.

Драўляны жыд лье піва

У вядомай казцы Пушкіна не было і згадкі на жыдоўскую культуру, тым не менш у Каробчыцах пасля гэтага пленэра застанецца скульптура местачковага жыда. Не здраджваць любімай тэме вырашыў 75-гадовы Ян Паўлоўскі з Польшчы. Ягоны герой з барадой і пейсамі займаецца тыповым для сябе заняткам: пералівае піва. Сцэнка з гандэлку ці карчмы, якіх было безліч у гарадах Беларусі і Польшчы ў пачатку ХХ стагоддзя.

- Я дужа люблю жыдоў, - расказвае аўтар. - Я жыву ва Уладаве, дзе перад вайной было 60% жыдоў. Яны маюць спецыфічны падыход да жыцця і яны вельмі добрыя гандляры. У іх характэрны выгляд і ўбранне. Часта раблю іх з манетай.

У каробчыцкага персанажа яна таксама ёсць: у піве ліецца 5 польскіх грошыкаў.

- У нас людзі хутчэй купяць жыда, чым Хрыстоса, - жартуе спадар Ян і дадае, што скульптуры на жыдоўскую тэму цудоўна прадаюцца.

Ян Паўлоўскі сам навучыўся разьбярскаму майстэрству і за свой век наведаў плэнеры на ўсіх кантынентах свету. Ягоныя сын і дачка таксама займаюцца разьбой. Дачка яшчэ і мастачка ды мае галерэю ў Нармандыі: маленькім мястэчку над морам, дзе агулам каля 80 галерэй.

Дома спадара Яна ўпрыгожваюць больш за 200 скульптур уласнага аўтарства. У якасці сыравіны майстар таксама выкарыстоўвае аварыйныя дрэвы.

- Я нарадзіўся ў вёсцы, аточанай лесам. Добра ведаю дрэва. Памятаю, як у касцёле я разглядаў драўляныя скульптуры, а цётка, каб слухаў ксяндза, штурхала мяне, паварочвала галаву, якая ўвесь час круцілася, - узгадвае скульптар з усмешкай.

Пакуль ён працаваў у Каробчыцах, у Польшчы адбываліся ажно тры аўтарскія выставы Яна Паўлоўскага.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Марчук
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость