26.08.2015 / 13:08

Іван Прышчэпа на абароне праектаў конкурсу «100 ідэй для Беларусі» прадстаўляў увазе журы праект экалагічнага прэс-цэнтра, а ў якасці прыкладу прыводзіў часопіс «ecoGymn», які ён разам з сябрамі выдае ў сталічнай гімназіі №19.

Як кажа ў інтэрв'ю газеце «Звязда» сам Іван, раней яго школа мела экалагічны ўхіл. Але і цяпер, калі яна стала гімназіяй, настаўнікі і адміністрацыя надаюць шмат увагі выхаванню вучняў у гэтай сферы. 

«Сярод шматлікіх экапраектаў не хапала такога, які перыядычна рабілі б самі школьнікі. Гады два таму мы вырашылі выпускаць свой часопіс. Па-першае, ён павінен быў стаць пляцоўкай для стасункаў і сумеснай творчасці вучняў, а па-другое, мог адыграць і прафарыентацыйную ролю, бо выдавецкая дзейнасць — гэта не толькі журналістыка, а яшчэ і дызайн, фатаграфія, менеджмент. Дарэчы, сёлета некаторыя аўтары нашага часопіса паступалі ў інстытут журналістыкі БДУ. Я стаў галоўным рэдактарам, сабраў каманду, і мы пачалі працаваць», — гаворыць Іван Прышчэпа.

Напачатку для гімназістаў складана было напаўняць нумар, але з цягам часу выпрацавалася пэўная канцэпцыя — гімназічны часопіс пра экалогію. Маладым журналістам хацелася, каб гэта было прыгожа — не чорна-белая газета, раздрукаваная на прынтары, а каляровы часопіс на добрай паперы. З гэтым дапамагла школа, а таксама апякунскі савет. У выніку праект быў адабраны для ўдзелу ў рэспубліканскім этапе «100 ідэй для Беларусі».

«Гімназічны часопіс пра экалогію» — у першую чаргу гэта выданне пра гімназію для яе навучэнцаў. «Пісалі пра мерапрыемствы, якія праходзілі ў нашай навучальнай установе, друкавалі спісы вучняў, што перамагалі ў алімпіядах і займалі прызавыя месцы на спартыўных спаборніцтвах; былі і спецыяльныя нумары — да Дня настаўніка або дня нараджэння гімназіі. Таму кожны раз, калі выходзіў свежы нумар і я накіроўваўся вешаць яго на стэнд, вакол збіраўся цэлы натоўп хлопцаў і дзяўчат, якія шукалі на старонках сябе. Бацькам таксама было цікава, чым займаюцца іх дзеці, каго з іх адзначаюць…», — дзеліцца рэдактар.

Другі кірунак выдання — экалагічны. Вучні пісалі пра сусветныя і айчынныя падзеі і мерапрыемствы, напрыклад, пра Сусветны дзень без аўтамабіля, акцыі, у якіх бралі ўдзел гімназісты сумесна з іншымі арганізацыямі, такімі як «Ахова птушак Бацькаўшчыны» або адукацыйным цэнтрам імя Ёханэса Рау: назіралі за птушкамі каля «Чыжоўка-Арэны», прыбіралі ў заказніку «Лебядзіны», а з адукацыйным цэнтрам ладзілі веласіпедныя парады, адкрывалі ў гімназіі першую экавелапаркоўку. «Акрамя таго, заўсёды імкнуліся самі ўзняць нейкія праблемы ў рэдакцыйнай калонцы», — падкрэслівае хлопец.

Паводле яго словаў, спачатку рэдакцыя складалася з яго і яго знаёмых, у якіх Іван быў упэўнены. Потым далучаліся новыя людзі, сябры сяброў. Так і фарміравалася рэдакцыя. У першую чаргу яна складалася з вучняў старшых класаў: адзінаццацікласнікі курыравалі малодшых. Многім гэта дапамагло знайсці новых сяброў. 

Друкуецца толькі некалькі асобнікаў кожнага нумара: для школьнай бібліятэкі, саміх журналістаў і адміністрацыі. Адзін экзэмпляр выводзіцца пастаронкава, каб павесіць на стэнд і кожны мог яго пабачыць і пачытаць. Таксама ўсе нумары можна знайсці на сайце школы ў электронным выглядзе.

Сёлета Іван выпусціўся з гімназіі, але падрыхтаваў сабе змену — дзяўчынe, якая прайшла разам з часопісам «агонь, ваду і медныя трубы». «Галоўнае, каб знаходзіліся людзі, якім гэта будзе цікава, у якіх хопіць энтузіязму, каб нешта рабіць», —  перакананы Іван.

Дарэчы, на школьным сайце адразну бачны ўхіл гімназіі. На галоўнай старонцы можна пабачыць актуальныя праекты, у якіх удзельнічае навучальная ўстанова.

Автор:
Фотограф:
Сяргей Нікановіч
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость