26.09.2024 / 14:09

У верасні ў Варшаве адбылася экалагічная акцыя па ўборцы смецця на правым беразе ракі Вісла ў раёне папулярнага пляжа Панятоўка. Гэта стала першым публічным мерапрыемствам фонду «Неруш Натура», новай ініцыятывы, створанай беларусамі ў Польшчы.

 

Валанцёры збіраюць смецце ля Віслы
Валанцёры збіраюць смецце ля Віслы
Яна была зарэгістраваная ў Варшаве пасля ліквідацыі беларускага грамадскага аб’яднання «Неруш», якое дзейнічала ў Баранавічах да 2022 года.

Сярод удзельнікаў першай польскай акцыі «Неруш Натура» – беларускія і польскія валанцёры, якія разам зрабілі куток Варшавы больш чыстым і бяспечным для ўсіх жыхароў і гасцей горада.

Акцыя #CleanUpTheWorld сабрала ў Варшаве каля 80 чалавек. Сярод іх – 15 беларусаў узростам ад 5 да 50 гадоў. Людзі разам прыбіралі забруджаныя пляжы і прыбярэжныя зоны ад цыгарэтных фільтраў ды іншых, больш незвычайных рэчаў – пустых валізак і дзіцячых вазочкаў.

Між тым мэтаю мерапрыемства была не толькі спроба ачысціць наваколле, але і магчымасць для людзей пазнаёміцца, аб’яднацца і зрабіць штосьці карыснае разам.

Валанцёры збіраюць смецце ля Віслы
Валанцёры збіраюць смецце ля Віслы

Адна з валанцёрак, беларуска Наталля, прызналася, што актыўны ўдзел у такіх акцыях для яе – не новая справа. Яна жыве ў Варшаве ўжо другі год і лічыць важным не толькі карыстацца чыстымі паркамі і пляжамі, але і дапамагаць іх падтрымліваць.

«Калі я даведалася пра акцыю ад “Неруш Натура”, вырашыла далучыцца. Уборка ўздоўж берага паказала, што многія закуткі схаваны ад вачэй і назапасілі смецце. Разам з іншымі валанцёрамі мы назбіралі шмат мяшкоў адходаў», – падзялілася Наталля.

Аляксей, яшчэ адзін удзельнік акцыі, прыйшоў на мерапрыемства з дзвюма маленькімі дочкамі. Для яго гэта была магчымасць не толькі прыбраць тэрыторыю, але і навучыць дзяцей любіць і абараняць прыроду.

Дзеці збіраюць смецце
Дзеці збіраюць смецце

Дзяўчынкі з ахвотай дапамагалі збіраць смецце, а пасля з радасцю атрымалі шакаладкі ад арганізатараў як падзяку. Аляксей прызнаўся, што для яго таксама быў прыемны падарунак – экаторба, якую ён зараз выкарыстоўвае на пакупках.

«Але самае галоўнае – мы правялі час з карысцю і атрымалі асалоду ад добрай справы», – сказаў ён.

 

Сусветная праблема на мясцовым узроўні

Як адзначыў старшыня праўлення фонду «Неруш Натура» Уладзімір Зуеў, першапачаткова планавалася ачысціць зялёную зону ў варшаўскім раёне Вычулкі, каля патока Служавецкага, але ў сувязі з польскімі прававымі нормамі, вываз сабранага смецця павінен быў арганізаваць уладальнік тэрыторыі.

Пошукі ўладальніка зацягнуліся, таму, па прапанове Дэпартамента зялёных насаджэнняў Варшавы, удзельнікі вырашылі далучыцца да акцыі па ўборцы Віслы.

Уладзімір Зуеў
Уладзімір Зуеў

«Колькасць смецця, якое мы сабралі, была велізарнай, – кажа Уладзімір. – Амаль кожны чалавек прынёс па мяшку адходаў. Больш за ўсё было фільтраў ад цыгарэт, якія, на жаль, з’яўляюцца глабальнай праблемай для ўсіх рэкрэацыйных зон. Таксама сабралі шмат упакоўкі ад ежы, рашотак для барбекю. Фільтры ад цыгарэт – адзін з найбольш небяспечных відаў смецця, бо ўтрымліваюць мікрапластык, які можа трапляць у ваду і шкодзіць жывёльнаму свету».

Акцыя стала важным крокам для «Неруш Натура» і яе ўдзельнікаў.

«Для мяне было вельмі прыемна ўбачыць на акцыі новыя твары неабыякавых людзей, у тым ліку моладзь, – падзяліўся Уладзімір. – Важна, што беларусы, якія жывуць у Варшаве, актыўна ўдзельнічаюць у такіх ініцыятывах і гатовы рабіць добрыя справы для горада, у якім яны зараз жывуць».

Сабранае смецце
Сабранае смецце

Як падкрэсліў Уладзімір Зуеў, у планах фонду – працяг арганізацыі падобных мерапрыемстваў. Адна з наступных акцый адбудзецца ў варшаўскім раёне Вычулкі, дзе першапачаткова планавалася прыбіранне, але ў сувязі з прававымі нормамі яго прыйшлося адкласці. Тэрыторыя ў Вычулках – зялёны куток, дзе можна адпачываць, і ён патрабуе ўвагі.

«Калі ёсць запыт, мы абавязкова будзем дзейнічаць», – кажа Уладзімір, і гэта падкрэслівае, што ў «Неруш Натура» ёсць ідэі і жаданне працягваць рабіць Варшаву і іншыя месцы больш чыстымі.

Беларускія і польскія валанцёры
Беларускія і польскія валанцёры

Акцыя #CleanUpTheWorld у Варшаве чарговы раз паказала, што праблема смецця існуе нават у гарадах, дзе клапоцяцца пра экалогію, але ўсё ж патрэбны валанцёры, каб змагацца з гэтым разам. Асабліва вылучыўся актыўны ўдзел беларусаў, якія жывуць у Варшаве.

Іх жаданне дапамагчы прыродзе і арганізаваць падобныя ініцыятывы – выдатны прыклад таго, як кожны можа зрабіць свой унёсак у захаванне навакольнага асяроддзя, незалежна ад месца жыхарства.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость