«Старэйшы», які, як высветліла гаспадыня прытулку Святлана Ашэка падчас аперацыі на крыле, аказаўся самцом, прыехаў з вёскі Азершчына, што ля самай Рэчыцы, з Васілевічаў. Гэта горад на іншым канцы Рэчыцкага раёна. Там ён выпаў з гнязда, упаў на дах дома і пашкодзіў крыло. Гаспадары хаты не змаглі злавіць птушку і выклікалі ратавальнікаў. А тыя, злавіўшы, прывезлі яе ў вядомы далёка за межамі Рэчыцкага раёна прыватны прытулак для пакінутых жывёлаў.
І, калі сабак і катоў, якіх у прытулку ўжо некалькі дзясяткаў, пакінулі людзі, дык буслоў пакінулі ўласныя бацькі. Яшчэ адну птушку, што застаецца зімаваць у прытулку, прывезлі праз некалькі дзён усё тыя ж ратавальнікі, толькі з вёскі Перавалока. Яна таксама выпала з гнязда, бо не ўмела лётаць. Пры гэтым пашкодзіла сабе адно вока, якое цяпер зусім не бачыць.
– Што было рабіць? Не забіваць жа гэтых птушак, калі ўжо прывезлі да нас! Шкада! І сабак з катамі шкада, і буслоў шкада. Давялося прыняць, дагледзець, – кажа Святлана Ашэка.
Крыло першай птушкі праз некалькі дзён знаходжання ў прытулку пачало гнаіцца і Святлана з сынам Аляксандрам павезлі яе да адмыслоўцаў на аперацыю. Там і высветлілі, што гэта самец. Зараз крыло апрацоўваюць спецыяльным спрэем, але лётаць бусел не зможа.
Іншую птушку, што жыве ў прытулку, ні арнітолагі, ні ветэрынары не аглядалі, бо не было патрэбы. Таму пол яе пакуль невядомы. Але гаспадары мяркуюць, што гэта самачка. Прынамсі, яна меншая памерамі і паслухмяна ходзіць за «хлопцам», калі птушкі выходзяць на шпацыр у двор. Неяк у верасні, распавядае Святлана, гэтая птаха адчула сваю сталасць і вырашыла, усё ж, выправіцца ў вырай. Узнялася і паляцела. Але са сваім адным вокам зблыталася і заляцела ўсяго толькі на суседскі агарод. Тады Святлана пракансультавалася з арнітолагамі і тыя сказалі, што нават калі гэтая птушка некуды і паляціць, выжыць з пашкоджаным вокам у яе наўрад ці атрымаецца. Ёй падрэзалі крылы і пакінулі ў прытулку.
Буслы ўжо пасталелі. Ім вылучылі куток у новым дамку з ацяпленнем, які Святлана з дзецьмі збудавалі для катоў. Так і жывуць два буслы разам з дзясяткам катоў. Насамрэч, як высветлілася, бусел – даволі грозная птушка. Прынамсі, сабакі іх асцерагаюцца – былі выпадкі, калі надта задзірысты сабака атрымліваў у галаву моцнай дзюбай. Таму і пасялілі буслоў з катамі. А з вусата-паласатымі яны знайшлі паразуменне.
– Зараз мы купляем буслам у краме марожаную кільку, курыныя сэрцы і страўнікі, горлы. Гэтая ежа іх цалкам задавальняе. Былі маладзейшымі – кармілі іх пяць разоў на дзень. Зараз хапае дзвюх кармёжак, – паспавядае Святлана. – А пакуль было цёпла мы ім конікаў у траве лавілі – таксама елі. Але самае цікавае – іх стасункі з катамі. Каты ловяць мышоў і прыносяць іх буслам. Буслы ахвотна з’ядяюць мышак, а каты ў сваю чаргу пад’ядаюць у іх кільку. Такі вось абмен!
Насамрэч, утрыманне буслоў значна больш стратнае, чым сабак і катоў. Калі чацвёраногія ядуць розныя субпрадукты, што каштуюць каля рубля за кілаграм, дык кілаграм буслінай ежы цягне ледзь не на 5 рублёў. Святлана падлічыла, што на месяц на аднаго бусла сыходзіць недзе каля 300 даляраў.
Тыя, каму не абыякавы лёс насельнікаў рэчыцкага прытулку для жывёл, у тым ліку і гэтай буслінай пары, могуць дапамагчы фінансава - сёння, напярэдадні зімы, сродкі асабліва патрэбныя. Грошы можна пералічыць на webmoney WMID 139810226128, yandex.money 410012745782224.
Каментар спецыяліста:
Павел Пінчук, арнітолаг, дырэктар станцыі кальцавання птушак «Тураў»:
– Канешне, у прыродзе гэтыя птушкі б загінулі. І так і павінна быць. Гэта – натуральны адбор. У канцы жніўня-пачатку верасня буслы збіраюцца ў вялізныя чароды па 100 – 200 асобін, лётаюць па-над палямі, паплавамі, і там вызначаецца, хто зможа выправіцца ў вырай. Зімуюць буслы вельмі далёка – у Паўднёвай Афрыцы, і, хаця, і не ляцяць па тысячы кіламетраў, а паступова адлятаюць на поўдзень, але гэта даволі складанае падарожжа. Нават сярод здаровых птушак, якія выгадаваліся да належных параметраў, большая частка гіне.
Прычыны таго, што менавіта гэтыя птушкі да канца лета не здолелі стаць на крыло, могуць быць розныя. Найбольш імаверная – іхнія бацькі позна загнездаваліся і птушаняты не паспелі дасягнуць патрэбнага развіцця. Шанцаў у іх папросту не было. Варта сказаць, што гэтыя сітуацыі не новыя. Размаўляючы на Палессі са старымі жыхарамі, я высвятляў, што і 20 і 30 гадоў таму нехта трымаў узімку ў хатах буслоў, што павыскоквалі з гнёздаў, не лётаючы. І нават, калі птушкі былі здаровыя і іх налета выпускалі, яны вярталіся ў двары сваіх зімовых гаспадароў, каб тыя іх пакармілі. Усё ж, у нашага народа да буслоў вельмі паважлівае стаўленне. Але ў дзікай прыродзе ў жывёлаў усё накіравана на тое, каб выжываў і даваў нашчадкаў наймацнейшы.