Пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС не цалкам адселенныя забруджанныя тэрыторыі, ды і паказчыкі, неабходныя для статусу забруджанных, увесь час мяняюцца. Знаёмыя, што хочуць набыць жытло ў “чыстай” частцы беларускай правінцыі, карыстаюцца радыяцыйнымі мапамі, надрукаванымі на пачатку 1990-х.
Людзі, якія засталіся жыць у чарнобыльскай зоне, часам нават забываюцца на небяспеку і ўвогуле перастаюць засцерагацца ад радыяцыі. Дзяржава скарачае льготы ліквідатарам. Чарнобыльскі шлях даўно ўспрымаецца як палітычная традыцыя, а не сродак нешта памяняць ці на штосьці паўплываць.
Між тым мастакі, графікі, працягваюць пераасэнсоўваць чарнобыльскую трагедыю. У калекцыі плаката Беларускага саюза дызайнераў захоўваецца некалькі твораў, прысвечанных гэтай тэматыцы. Большая частка “чарнобыльскіх” плакатаў створанная “на злобу дня”, у 1986-м, калі адбылася катастрофа. Відаць, трагедыя вельмі ўсхвалявала Уладзіміра Крукоўскага: у калекцыі Саюза дызайнераў захоўваецца тры яго плакаты, прысвечанныя Чарнобылю, датаваныя 1986-м.
Да пачатку 1990-х тэма захоўвае актуальнасць, а потым, мабыць, адыходзіць на задні план пад уплывам змены палітычнай абстаноўкі ў ССР і Беларусі. Але асобныя творцы (Уладзімір Цэслер, Таццяна Кулажэнка) робяць плакаты на “юбілеі” трагедыі: 20- і 30-годдзе. Плакат Уладзіміра Цэслера “БН” знаходзіцца ў сталай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея. На плакаце выяўлена традыцыйная даматканая посцілка, але замест некаторых кветак на ёй – значкі, што пазначаюць радыяцыйнае забруджванне. Знішчэнне традыцыйнай культуры, векавога ўкладу жыцця праз чарнобыльскую катастрофу абыгрываецца і ў плакаце Уладзіміра Жука 1989 года. На ім выяўлена дзяўчына ў традыцыйным строі і вяночку, якая плача.
Традыцыі, што сыходзяць пад уплывам радыяцыі, фігуруюць у наратывах інфармантаў Святланы Алексіевіч. Яна занатавала такія аповеды для кнігі “Чарнобыльская малітва”. Пачытаем некалькі з іх.
Жыхары вёскі Белы Бераг Нараўлянскага раёна: “А мая мама мяне калісьці навучыла: вазьмі абразок і павярні яго, і каб ён так тры дні правісеў. Дзе б ты ні была, абавязкова дамоў вернешся. У мяне было дзве каровы і дзве цялушкі, пяць свіней, гусі, куры. Сабака. Рукамі галаву абхаплю і хаджу па садзе. А яблыкаў, яблыкаў колькі! Прапала ўсё, цьфу, прапала!”; “На Радуніцу ўсе сюды рвуцца. Да аднаго. Кожны хоча свайго памянуць. Міліцыя па спісах прапускае, а дзецям да 18-ці нельга. Прыедуць і так радыя каля сваёй хаты пастаяць… У сваім садзе каля яблыні…”; “На могілкі бяруць і яйкі, і булкі… Шмат хто бліны замест хлеба… Кожны сядае каля сваёй радні… Клічуць душы з неба…”; “А ўначы па мёртвых плакаць нельга. Сонца зойдзе – і ўжо нельга”.
А нехта з суразмоўцаў заўважыў: “Чысты быў край, як сляза”.