27.04.2021 / 09:04

Пачынаецца сезон птушкападу: у грамадскую арганізацыю “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) людзі дасылаюць паведамленні пра савянят, якіх знаходзяць на зямлі. Спецыялісты патлумачылі, чаму птушаняты апынаюцца там і як ім не нашкодзіць.

Птушаня дразда. Фота Віталя Некрашэвіча

 

Пачынаючы з красавіка і да канца ліпеня на зямлі можна пабачыць птушанят-подлеткаў. Яны падраслі і пакідаюць гнёзды, каб навучыцца жыць самастойна. Гэта нармальная прыродная з’ява, перажываць за птушанят, спрабаваць пакарміць і забіраць іх дадому не трэба.

Пакуль яны вучацца лётаць, за імі прыглядваюць бацькі, якія працягваюць іх карміць. Калі вы не бачыце побач дарослых птушак, не турбуйцеся: яны не кінулі птушаня, проста не паказваюцца вам на вочы.

- Подлеткі звычайна часткова пакрытыя пухам, махавыя і рулявыя пёры могуць быць часткова ў трубачках, - тлумачыць спецыяліст АПБ Анастасія Пярко. - Савяняты пакідаюць гняздо рана, калі яны яшчэ ў пуху. У вераб'іных птушанят на краях дзюбы - жоўтыя валікі, якія павялічваюць памеры дзюбы, каб бацькі не прамахнуліся з кормам, таму іх называюць “жаўтароцікамі”.

Подлетак пліскі белай (белой трясогузки). Фота - Кацярына Букас
Подлетак пліскі белай (белой трясогузки). Фота - Кацярына Букас

Птушаня дразда. Фота Віталя Некрашэвіча
Птушаня дразда. Фота Віталя Некрашэвіча

Забіраць птушанят-подлеткаў катэгарычна нельга: лепш за бацькоў вы пра іх не паклапоціцеся, а рызыка, што ад няправільнага догляду птушаня загіне, вельмі высокая. Калі ўсё ж вы ўзялі подлетка дадому, як мага хутчэй вярніце яго на тое самае месца, дзе ўзялі.

Калі вы бачыце подлетка ў горадзе, то ацаніце месца: ці бяспечнае яно? Калі побач – ажыўленая сцежка, дарога, пляцоўка для выгулу сабак або дзіцячая пляцоўка, то лепш акуратна перанесці птушаня да кустоў ці дрэваў паблізу, падсадзіць на галінку, падкінуць на брыль пад'езда або дах гаража, каб па вашым паху яго не знайшоў сабака або кот: там бацькі знойдуць яго, а людзі-“выратавальнікі” – не. Рабіце гэта вельмі акуратна: падчас пагоні птушка адчувае стрэс. Не пашкодзьце далікатныя косткі птушаняці і не павыдзірайце пёркі.

Птушаня дразда. Фота - Кацярына Букас
Птушаня дразда. Фота - Кацярына Букас
Подлетак шэрай кугаўкі. Фота - Анастасія Майфет
Подлетак шэрай кугаўкі. Фота - Анастасія Майфет

Калі вы ўбачылі траўмаваную птушку (напрыклад, яна цягне крыло, кульгае, закідвае галаву), то можна звярнуцца па дапамогу ветэрынара або валанцёраў, кантакты якіх ёсць на сайце АПБ ptushki.org. Таксама можна спытаць парады ў Telegram-чаце “Ціў-ціў!”

Подлетак сініцы (гаички). Фота - Дзмітрый Новікаў
Подлетак сініцы (гаички). Фота - Дзмітрый Новікаў

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость