Некалькі соцень чалавек сабраліся на Лукішскай плошчы, а потым прайшлі маршам праз цэнтр горада да парку імя Сапегі. Там яны ўсклалі кветкі і запалілі свечкі каля помніка «Маці Чарнобыля».
Акцыю арганізавала закрытая ў Беларусі экалагічная арганізацыя «Экадом» у партнёрстве з фондам дапамогі беларусам у Літве Razam, офісам Святланы Ціханоўскай і з іншымі грамадскімі арганізацымія.
Акрамя Вільнюса, акцыя «Чарнобыльскі Шлях» прайшла таксама ў Берліне, Варшаве, Кракаве, Нью-Ёрку.
Удзельнікі ЧШ-2022 прынялі агульную Дэкларацыю, у якой падкрэслілі, што наступствы выбуху на ЧАЭС да сёння атручваюць ваду і зямлю Беларусі, на забруджаных тэрыторыях працягваюць жыць людзі, а грамадства да сёння не вывучыла ўрокі Чарнобыля.
«Інакш Еўразвяз не імкнуўся б абвесціць атамную энергетыку “зялёнай”, а Расія не нападала б на атамныя электрастанцыі ва Украіне, не брала б іхні персанал у закладнікі і не пагражала б свету новым Чарнобылем».
Удзельнікі «Чарнобыльскага Шляху» запатрабавалі ад міжнароднай супольнасці, у тым ліку ад МАГАТЭ і ААН адэкватнага адказу на ядзерную пагрозу мінулага і сённяшняга стагоддзя. У тым ліку прызнання факта безабароннасці АЭС перад вайсковымі і тэрарыстычнымі пагрозамі, роўна як і прызнання суб’екта, які пагражае ядзернай зброяй і захоплівае АЭС, адказным за ўсе магчымыя наступствы такіх дзеянняў.
«Пуцінская ядзерная пагроза павінна быць спыненая! Ядзерная зброя павінна быць забароненая!», – заклікалі свет і палітыкаў удзельнікі ЧШ-2022.