Сустракаемся з Дар’яй па вельмі экалагічным пытанні: я разбірала шафу і знайшла матэрыялы для відаў рукадзелля, якімі не займалася ўжо шмат часу.. Вырашыла экалагічна адказна не выкідаць, а прыстроіць знаходкі ў добрыя рукі.
Сваіх гаспадароў ужо знайшлі воўна для валяння, савецкія пёркі для малявання плакатаў, вязальныя ніткі… Дар’я забірае канву – адмысловую тканіну для вышывання. “Файна! – кажа. Нараблю падсвечнікаў!” Свечкі з канвой у мяне ніяк не асацыююцца, прашу паказаць прыклад артэфактаў і разумею, што рэсайклінг – гэта не толькі пра пальмы з бутэлек на прысядзібных участках. Аказваецца, са слоікаў ад дзіцячага харчавання можна зрабіць такую прыгажосць!
Малыя слоікі нельга здаць як шклотару
– Навошта ты гэта робіш? Мо лягчэй было б здаць слоікі на шклотару ці проста выкінуць?
– Калі мой сын быў малы, то слоікаў было шмат, але як шклотару іх не прымаюць. Можна выкінуць у кантэйнер са шклом, але хочацца, каб яны як мага дольш паслужылі цэлымі, а не бітымі, як сыравіна. Некаторыя мае знаёмыя робяць маленькія закаткі, захоўваюць у такой тары спецыі…
І тут бачу – у розных чатах, на форумах жанчыны пішуць: калі ёсць слоікі ад дзіцячага харчавання – забяру. Сталі пытацца: “А што Вы з імі робіце?” Яны адказвалі, што розныя рэчы, напрыклад, падсвечнікі. Мне вельмі спадабаліся вырабы з тканінай: ці то яна каляровая, ці то вышытая, узоры выглядаюць вельмі добра, калі запальваеш свечку.
Але іншыя варыянты таксама цікавыя: са скурай, прыроднымі матэрыяламі. Скура можа быць з нейкіх рэчаў, якія сваё адслужылі.
Абменьваю вырабы на ахвяраванні палітвязням
– Якія яшчэ сувеніры ты робіш са старых рэчаў?
– Брошкі і магніты ў форме беларускага нацыянальнага інструмента – дуды. Шыю са старых торбаў мех, а бурдон, жалейку і трубку для ўдзімання паветра раблю з палімернай гліны.
Мініятурныя дуды раз’ехаліся ў якасці сувеніраў у Аўстрыю, Германію, Латвію, Расію. У Беларусі асноўныя замоўцы – сябры Дударскага клуба, аб’яднання музыкаў і аматараў танцаў.
Калі ё старыя пацеркі, якія ўжо ніхто не носіць, я разбіраю. Штосьці заставалася ад мамы і бабулі, некаторыя ўпрыгожванні маці мне спецыяльна аддавала, каб я перарабіла: надакучылі, маўляў, зрабі нешта новае. Купляла пацеркі ў камісійных крамах, забірала праз абвесткі.
Цяпер абменьваю свае вырабы на ахвяраванні палітвязням.
Чалавек выбірае ўпрыгожванне, а грошы за яго ідуць на файндрайзінг. З канца чэрвеня ўжо назбіралі больш за 160 рублёў з мінімальным лотам 5 руб. Некаторыя даюць нашмат больш. Людзі набываюць прыгожыя рэчы і адначасова дапамагаюць іншым. Яшчэ неяк рабілі аўкцыён для збору грошаў хворым дзеткам.
Працаваць рукамі – гэта медытацыя
– Рамесніцтва – гэта твая праца ці хобі? Навошта ты выдаткоўваеш на гэта час?
– Цяпер хобі. Асноўная мая дзейнасць – выкладанне англійскай мовы, але я зарэгістраваная як рамесніца: падабаецца працаваць рукамі. Гэта такая медытацыя, магчымасць разгрузіць мозг пасля інтэлектуальнай працы.
Мо гэта ў мяне ад продкаў: дзед сам пабудаваў хату, бацька робіць музычныя інструменты. Ну і матывацыя даць рэчам другое жыццё: хочацца, каб яны дольш папрацавалі перад тым, як трапіць на сметнік.
У нас дома чатыры асобныя кантэйнеры
– Ці сартуеш ты смецце? Як мяркуеш, гэта мае плён у нашай сістэме не вельмі добра наладжанай перапрацоўкі?
– Так. У нас дома асобныя кантэйнеры для пластыка, паперы, арганічнага і неарганічнага смецця. Канечне, калі няма лецішча, то кампост не зробіш. Але я прынамсі ведаю, што нават на сметніку арганіка перагніе.
Імкнуся менш купляць тавары ў пакунках, якія не перапрацоўваюцца.
Сартаванне смецця ў Беларусі павольна прыжываецца. Можа, гэта лянота ў людзей. А бывае, пачуеш: “Ды вы ведаеце, які гэта бізнэс, колькі на гэтым смецці робяць грошаў?” Не ваша справа! Затое малыя дзеці не задаюць пытанняў: “Навошта сартаваць смецце?” Ім патлумачыш, што куды класці, хіба перапытаюць, ці правільна.
Я была на экскурсіі на смеццевым палігоне ў Трасцянцы, пад Мінскам. Нам паказвалі сартавальную лінію, казалі, што пакуль могуць перапрацаваць толькі невялікую частку таго, што выкідаюць мінчукі, але хутка планавалася пашырэнне.
Экскурсія праходзіла на старце кампаніі “Покед, пакет!” І на палігоне я пабачыла, што вельмі вялікая частка смецця – гэта пакункі. Таму варта думаць яшчэ ў краме, ці сапраўды патрэбная табе рэч, якую збіраешся набыць, і ці перапрацоўваецца яе ўпакоўка.
“Дзе інструкцыя ад унітаза?”
– Якія яшчэ экалагічныя звычкі ёсць у тваім жыцці? Ці паўплываў на іх каронавірус?
– Я даволі шмат езджу на ровары, а падчас эпідэміі каронавірусу – усё больш і больш. Успрымаю ровар у першую чаргу як транспарт, потым ужо думаю пра здаровы лад жыцця і забаўкі-пакатушкі. Усюды, дзе магу даехаць на ровары цягам гадзіны – еду. Асабліва ўлетку, калі добрае надвор’е.
Цяпер у сувязі з каронавірусам не карыстаюся грамадскім транспартам, часам езджу на таксі, але далёка не кожны дзень. Ровар – мой галоўны сродак перасоўвання на адлегласці, якія цяжка адолець пешкі.
Распавяду яшчэ смешную экалагічна-“сарцірную” гісторыю. Неяк у чаце нашага раёна спыталі: “А як падняць крышку бачка ад унітаза, каб засунуць туды бутэльку? Каб бачок набіраў менш вады?” І нехта піша: “А чаму не карыстаецеся кнопкай “Стоп”? Адзін раз націскаеш – вада цячэ. Другі раз націскаеш – вада спыняецца”. У чаце спачатку павісла паўза, а потым узнялася бура: “Гэта геніяльна! Але чаму нам не сказалі? Дзе інструкцыя ад унітаза?!” Карыстаючыся гэтым лайфхакам плюс закрываючы кран падчас намыльвання посуду і чысткі зубоў, наша сям’я з трох чалавек стала выкарыстоўваць менш на два кубаметры вады ў месяц.
У сваім класе я была адзіным здаровым дзіцём
– Ты скончыла школу ў Наваполацку, вядомым кепскай экалагічнай абстаноўкай. Як гэта адбілася на тваім стаўленні да наваколля?
– Калі я расла, забруджванне было ўжо меншым, чым адразу пасля заснавання горада.
Але ў сваім класе я была адзіным здаровым дзіцём: астатнія з астмай, іншымі хваробамі. Недзе ў 1970-х, расказвалі, у залежнасці ад накірунку ветру мог стаяць такі смурод, што і маскі б не ўратавалі. Потым нафтаперапрацоўчы завод паставіў фільтры.
Я памятаю, як па Дзвіне плавалі нейкія тлустыя плямы.
Мне і да сёння не хочацца купацца ў межах горада, які б ён ні быў, малы ці вялікі. Я ўпершыню залезла ў Дзвіну год у 15, і тое ў той частцы рэчкі, якая вышэй за Віцебск.
Гарадскія фантаны ў мяне выклікаюць больш даверу. Напрыклад, фантан на мінскай вуліцы Пуліхава прызначаны для дзяцей, там вадаправодная вада. Канечне, сталенне ў горадзе з экалагічнымі праблемамі прымушае іх асэнсоўваць і глядзець на наваколле больш свядома.