27.09.2023 / 10:09

67-летнюю Святлану Кароль, вядомую гомельскую велаактывістку, затрымалі 20 верасня.

Святлана Кароль
Святлана Кароль

Яна правяла трое сутак у ізалятары часовага затрымання, а пасля, імаверна, яе перавялі ў Гомельскае СІЗА, паведамляюць праваабаронцы.

Святлана Кароль — вядомая гамяльчанка, настаўніца і заснавальніца руху «ВелаГомель», папулярызатарка ровараў. У 2020 годзе, як і многія грамадзяне, Святлана асудзіла гвалт у дачыненні да мірных пратэстоўцаў.

У адным з ранейшых інтэрв’ю Святлана заўважала, што ператрываць брутальную рэчаіснасць апошніх гадоў ёй дапамагае вера ў беларускую салідарнасць і грамадская дзейнасць.

"Рэпрэсіі, канешне, моцна задавілі і мяне, і іншых людзей. Але я вырашыла, што калі магу дапамагаць — дапамагаю, што ёсць добрага — паляпшаю. Стараюся сябе зберагчы такім чынам да той Беларусі, якая павінна настаць.

Пішу лісты палітвязням, пералічваю грошы ў прытулак для бадзяжных жывёл, працягваю папулярызаваць роварны рух. Такім чынам атрымліваецца захаваць сваю цэласнасць.

Цяжкі вельмі час, але што рабіць — без вялікіх крызісаў скачкоў не адбываецца. Калі кожны будзе сябе так зберагаць, то мы апынёмся ў лепшай Беларусі"

Цяпер Святлана Кароль мае сама патрэбу ў дапамозе і падтрымцы.

Артыкул 367 КК РБ, у якім абвінавачваюць гамяльчанку, прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, папраўчых работ на тэрмін да двух год, альбо абмежаванне волі на тэрмін да 4 год, альбо пазбаўленне волі да 5 год.

Калі раней гэты артыкул прымяняўся досыць рэдка і выбарачна, то пасля 2020 года ўлады масава прыцягваюць апазіцыйна настроеных грамадзян, якія рэзка выказваюцца на адрас Лукашэнкі ці крытыкуюць яго палітыку.

Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость