Другі дзень народзінаў сёння ў кампаніі “У абарону беларускіх балот”. Косця Чыкалаў і Воля Каскевіч, натхняльнікі кампаніі, два гады таму вырашылі, што нельга заплюшчыць вочы на тое, што восем балот будуць асушаныя і ператворацца ў сухі торф.
Сапраўдны, вялікі дзень народзінаў будзе ў лістападзе, на прэм’еры фільма аб балотах, зняты імі самімі. А пакуль Косця і Воля, рэфлексуюць аб прайшоўшым годзе.
“Кіно любяць усе”
Косця: Асноўным кірункам быў праект у межах Праграмы малых грантаў РЭЦ, партнёрам быў ГА "Цэнтр "Трэці сектар" з Гродна і "Падтрымка экалагічных арганізацый грамадзянскай супольнасці ў Рэспубліцы Беларусь і Малдове". У яго межах здымалі фільм пра балоты, якія трапілі пад пастанову №794.
Кіно любяць усе, таму гэта добры сродак дастукацца да вялікай колькасці людзей. У нас не так шмат фільмаў пра балоты, а такога плана і беларускай вытворчасці я не сустракаў увогуле. Прэм’ера будзе ў лістападзе, і да гэтай даты мы плануем паўнавартасны дзень народзінаў.
Воля: У мінулым годзе мы працавалі над юрыдычным бокам - абаронай правоў грамадзян на спрыяльнае навакольнае асяроддзе. А ў гэтым годзе ладзілі культурны праект. Гэта не толькі кіно, гэта стварэнне выставы, фестываль “Багна”, з’яўленне кансультацыйнага цэнтра па пытаннях захавання водна-балотных угоддзяў і дзікай прыроды.
А ў кіно мы хацелі ўсіх гэтых мясцовых жыхароў, гісторыі месцаў, звязаных з балотамі, якія трапілі ў чорны спіс, паказаць шырокай аўдыторыі.
Восем балот з розным лёсамКосця: Першае балота, якое атрымалася захаваць – Пціч; балоты Морачна і Выганашчанскае атрымалі статус Рамсарскіх тэрыторый – гэта захоўвае іх на міжнародным узроўні.
Некалькі месяцаў таму мы атрымалі інфармацыю, што на балоце Выганашчанскае адмянілі рэарганізацыю заказніка для здабычы торфа. Зараз стаіць пытанне з балотам Святое – яно ўсё яшчэ не закрытае, але, магчыма, праз год праблема вырашыцца.
Балота Сядун таксама зараз захоўваецца, там у 2015 годзе створаць заказнік. З Унухальскім балотам пытанне не закрыта, але, па нашай інфармацыі, мясцовыя ўлады супраць асушэння: ім балота трэба ў тым выглядзе, у якім яно ёсць.
Дакудаўскае балота ў гэтым годзе было рэарганізавана, тэрыторыя заказніка зменшылася – як тлумачаць навукоўцы, таму што была пашкоджана пажарам і патрабуе вялікіх укладанняў на аднаўленне. Я спадзяюся, што нягледзячы на гэта яно не будзе асушацца – гэта цэласны арганізм.
Перамога, якой дамагаліся за ўсю кампаніюКосця: Гэта было неабдуманае рашэнне, якое прымалася і пераследавала меркантыльныя мэты. Не спыталі ў мясцовых жыхароў, пастанаўленне падпісалі без якой бы тое ні было ацэнкі, у тым ліку эканамічнай.
Воля: Мы намагаліся папулярызаваць гэтае пытанне, каб рашэнне не абышлося без уліку меркавання мясцовых жыхароў. Большасць іх была супраць, і мы хацелі данесці іх голас да самых высокіх чыноўнікаў. Мы спрабавалі разабрацца ў пытанні, а пасля займацца абаронай правоў людзей, усіх грамадзян, на спрыяльнае наваколле.
Мясцовых людзей вельмі ўражвала, што прыязджаюць людзі са сталіцы. Для іх мы былі надзеяй, што іх голас будзе пачуты ў горадзе – за 300-400 кіламетраў дастукацца да міністэрства вельмі складана, яны могуць толькі пісаць лісты. А калі яны бачаць, што не адныя – гэта зараджае. Асабліва калі 18 000 грамадзян падпісалі петыцыю.
Мы выступалі пасрэднікамі. Нас вельмі хвалюе стан дзікай прыроды, мы намагаліся абараніць яе і людзей.
Косця: Трэба адзначыць, што ў кампаніі прымалі ўдзел не толькі мы, але і грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, Цэнтр экалагічных рашэнняў, ГА “Экадом”, таварыства “Зялёная сетка”.
Воля: Увогуле мемарандум аб супрацы тады падпісалі 90 НДА Беларусі.
Косця: Вынік году - распрацоўка нацыянальнай стратэгіі па кіраванню балотамі. Яна дазволіць захаваць некранутыя балоты і да канца 2015 году мусіць быць зацверджаная Урадам. Калі дакумент будзе складзены належным чынам і важныя тэрыторыі трапяць у спіс, гэта будзе перамога, якой мы дамагаліся напрацягу кампаніі.
Воля: Галоўнае – што ўсе натуральныя балоты не могуць быць аддадзеныя пад торфаздабычу, а могуць толькі выпрацаваныя, раней асушаныя тэрыторыі.
Балоцістыя мальдзівыВоля: За год у нас з’явілася моцная вялікая каманда, з гэтага году мы маем новы юрыдычны статус – ГА “Чыстая вада”, у якую ўваходзіць сем чалавек. Гэта самае вялікае дасягненне для мяне.
У будучым мы б хацелі ўтварыць шырокае кола людзей, якія будуць працаваць над пытаннямі ў сферы дзікай прыроды: эксперты, навукоўцы з розных галін, грамадскія актывісты. Мы таксама хацелі б наладзіць супрацу з такімі дзяржаўнымі інстытуцыямі як Акадэмія навук, Міністэрства прыродных рэсурсаў.
Хацелі б зразумець, якія ў нас засталіся важныя комплексы, цікавыя прыродныя аб’екты, і захоўваць іх. І, канешне, займацца адукацыяй, пераймаць вопыт іншых краін, прывозіць людзей сюды і знаёміць з імі тых, хто ў гэтай сферы, каб яны маглі абмяняцца вопытам, альтэрнатыўным торфаздабычы.
Мы не збіраемся спыняць культурныя праекты: будзем ладзіць фестывалі, воркшопы і рабіць культурныя прадукты, каб людзі пачыналі цаніць тое, што іх атачае. Бо Беларусь – гэта краіна дзікай прыроды.
Косця: Я хацеў бы, каб у будучыні балоты зрабіліся для нас і, магчыма, для ўсёй Еўропы як Мальдзіўскія выспы, якія будуць любіць, цаніць і вывучаць.