На сайце міжнароднай кампаніі “Жывая вясна” можна бачыць, як птушкі, абраныя вестунамі вясны, вяртаюцца з зімоўкі. Пабачыўшы нейкую з іх упершыню з пачатку года, людзі з розных краін заносяць свае назіранні на сайт springalive.net.
Чым больш назіранняў – тым больш інтэнсіўна зафарбаваная краіна на карце. Можна ў дынаміцы назіраць, як вясна ляціць у розныя краіны і іх колер робіцца ўсё больш насычаным. У кампаніі ўдзельнічаюць краіны Афрыкі і Еўропы, таму на карце можна ўбачыць, наколькі буслы ці ластаўкі знаходзяцца блізка ад Беларусі і калі іх можна чакаць на паўднёвай мяжы краіны.
“Жывая вясна” – міжнародны праект з мэтай прыцягнуць увагу дзяцей і дарослых да дзікай прыроды, назірання і захавання пералётных птушак. Сёлета кампанія пройдзе пад лозунгам “Як быць добрым птушкаром?” Яна працягнецца з 1 сакавіка па 1 ліпеня 2020 года.
“Назіраць за птушкамі трэба так, каб не турбаваць іх. Тады і птушкам не будзе лішняга стрэсу, і вы зможаце паразглядаць іх падолей, бо яны не спалохаюцца і не зляцяць. Выходзячы на прыроду, апранайцеся ў вопратку цёмных, няяркіх колераў, не шуміце, не падыходзьце да гнёздаў. Робячы здымкі, не выкарыстоўвайце ўспышку”, — раіць спецыялістка па акцыях і кампаніях АПБ Наталля Саракавік.
Якія птушкі сёлета лічацца вестунамі вясны?
Вестунамі “Жывой вясны” абраныя сем птушак, якіх адносна лёгка пазнаць: белы бусел (белый аист), вясковая ластаўка (деревенская ласточка), чорны свіргуль (черный стриж), зязюля (кукушка), шчурка-пчалаедка (золотистая щурка), ластаўка-зямлянка (береговая ласточка) і вялікі зуёк (галстучник).
Калі гэтыя птушкі прылятаюць у Беларусь?
У 10-х чыслах сакавіка звычайна вяртаюцца ў краіну вялікія зуйкі і белыя буслы, у першай палове красавіка — вясковыя ластаўкі і зязюлі, напрыканцы красавіка і ў пачатку траўня – ластаўкі-зямлянкі і свіргулі, у канцы траўня — шчуркі-пчалаедкі.
Як дадаваць назіранне?
Раскажыце дзеткам, што мы чакаем буслоў, ластавак і іншых вестуноў вясны, каб яны паведамілі вам, калі ўбачаць першую птушку. Павіншуйце класнага чэмпіёна/ку, якія першыя ўбачылі бусла ці іншую птушку. Занясіце гэтае назіранне зручным для сябе спосабам:
- на сайце “Жывой вясны” пры дапамозе формы «Дадаць назіранне«
- апісаць сваё назіранне ў суполках кампаніі ў сацыяльных сетках Facebook і Вконтакте.
Зладзьце экскурсію з дзеткамі да першага гнязда бусла, занятага птушкамі ў вёсцы ці горадзе сёлета, таксама занясіце гэтае назіранне на сайт ці ў сацсеткі.
Прачытаць апісанне птушак і паслухаць іх галасы можна на сайце АПБ або ў мабільным вызначальніку Ptushki.