28.03.2025 / 09:03

18 сакавіка ў Скідзель пад Гродна прыляцела пара нільскіх гусей. Яна адзначалася тут і ў мінулым годзе, але невядома, ці было ў іх патомства.

Фота - Іны Субоцінай.
Фота - Іны Субоцінай.

Гэта ўжо трэцяя рэгістрацыя для краіны. У Беларусі гэты від – выпадкова залётны. Ён уключаны ў катэгорыю С нацыянальнага спісу арнітафаўны як інтрадуцыраваны або збеглы з няволі від, які гняздуе ў Еўропе.

Нільская гусь паходзіць з Афрыкі, дзе гняздуецца амаль паўсюль. Птушак сотні гадоў трымаюць у прыватных калекцыях у Заходняй Еўропе. Час ад часу яны ўцякаюць. Ад такіх збеглых птушак паходзяць сучасныя папуляцыі ў Вялікабрытаніі, Нідэрландах, Бельгіі, Германіі, Даніі і Польшчы.

І гэтыя, і некаторыя суседнія краіны ўжо пакутуюць ад нільскіх гусей. Гэты від стварае гібрыды з качкамі і гусямі іншых відаў, напрыклад, з крыжанкай.

Від агрэсіўны да іншых птушак. Ён выцясняе іншыя віды з месцаў кармлення, і гэта асабліва небяспечна летам, калі многія вадаплаўныя не могуць лётаць падчас лінькі і вымушаныя карміцца ў адным месцы. Яны нават праганялі шулякоў-галубятнікаў і канюхоў-мышаловаў з іх гнёздаў.

Нільскія гусі могуць пачаць размнажэнне ўжо ў лютым, заняўшы найбольш прыдатныя месцы для гнездавання раней за іншых птушак.

Жорсткая тэрытарыяльнасць прыводзіць да таго, што нільскія гусі могуць патапіць іншых птушак: вядомыя выпадкі з качкай-крыжанкай, чаротніцай, дамавым вераб’ём, шпаком, сарокай і чорным драздом. У ПАР, Вялікабрытаніі і Нідэрландах від прызнаны шкоднікам сельскай гаспадаркі.

У Беларусі гэты від зарэгістраваны ўпершыню ў 2020 годзе ў Бераставіцкім раёне Гродзенскай вобласці. Там была адзначана пара. Магчыма, цяперашняя пара – тая самая. Гэтыя гусі жывуць 15+ гадоў.

Нільская гусь – патэнцыяльна небяспечны від для беларускай прыроды. У ЕС від уключаны ў Спіс найбольш небяспечных інвазійных інтрадуцэнтаў.
 

Источник:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость