Наш карэспандэнт паразмаўляў з жыхарамі пад’езда. Высветлілася, што аніякая Ганна Іванаўна ў згаданым доме не жыве, але пенсіянерка, якая тэлефанавала ў мясцовую газету, сапраўды існуе, проста яна адмовілася назвацца. Яе імя журналісты «раёнкі», хутчэй за ўсё, прыдумалі. Тым не менш, ад жыхароў пад’езда, каля якога стаіць скалечанае дрэва, давялося пачуць розныя меркаванні.
Маладыя дзяўчаты ў асноўным казалі, што ім дрэва не замінала. Людзі сталага веку мелі больш радыкальны настрой:
– Я б яго зусім спілавала! Навошта панасаджвалі пад вокнамі? Свету белага не бачна. Галлё проста на вокны клалася. А зараз восень – смецце, лісце гэтае дворнікам грэбці! Праціўнікі знішчэння зеляніны мелі свае аргументы.
– У нас вокны на гэты бок выходзяць, палову дня сонца паліць проста ў вакно, у пакоі – як у лазні, аніякія фіранкі не дапамагаюць. А раней – цянёк быў. Дрэва даволі далёка ад будынка, святлу не замінала, але ад сонца прыкрывала. – Была прыгожая вытанчаная крона. А зараз стаіць гэты ветразь на высокай мачце – баімся, каб ад ветру не зламіўся гэты клён камусьці на галаву, – дадала яшчэ адна жыхарка.
Кіраўнік кампаніі «Гарадскі ляснічы» Ігар Корзун пагадзіўся, што зялёныя насаджэнні ў дварах шматпавярховых дамоў выконваюць важную ролю – акрамя ачысткі гарадскога паветра, ахоўваюць кватэры ад сонечнай спёкі.
– Менавіта для гэтага ранейшыя пакаленні дрэвы каля сваіх дамоў і саджалі. Тады не было кандыцыянераў. Ды й сёння, ахалодзіць памяшканне пры дапамозе кандыцыянера каштуе значна даражэй, чым напаліць яго ўзімку, – кажа эксперт.
Тым не менш, многія папросту не разумеюць значнасці дрэваў і звяртаюцца ў камунальныя службы, каб дрэвы з двароў прыбралі. Ігару Корзуну добра вядомая і зразумелая схема, паводле якой дзейнічаюць у такім выпадку камунальнікі.
– Каб выдаліць дрэва паводле санітарных патрабаванняў – празмернага зацянення жылога памяшкання, яны павінны спецыяльнай камісіяй даследаваць інсаляцыю гэтага памяшкання. Інсаляцыя – гэта, папросту кажучы, ступень сонечнага апраменьвання пакояў. Яна вымяраецца адпаведнымі прыладамі. Але, па-першае, не ва ўсіх домакіраваннях ёсць такія прылады, а па-другое, збіранне камісіі, абследаванне, высвятленне адносінаў з нязгоднымі жыльцамі і начальствам, якому апошнія скардзяцца – гэта дастаткова складана. Ды й ад большасці дрэваў не з’яўляецца столькі ценю, каб асветленасць памяшканняў не адпавядала нормам. А выдаліць аб’ект расліннага свету без адпаведных заключэнняў і дастатковых падставаў – нельга. Таму камунальныя службы ідуць шляхам найменшага супраціву – замест таго, каб атрымліваць дазвол на выдаленне дрэва, прапануюць заяўніку, якому замінае дрэва, абрэзаць галлё.
А вось абрэзка дрэваў дзеючымі сёння ў Беларусі нарматыўнымі актамі не рэгулюецца. Тут, паводле сцвярджэння Ігара Корзуна, не патрэбныя аніякія абследаванні, заключэнні і г.д. Тым больш, камунальнікі не абавязаныя ўлічваць меркаванне грамадзян. Часцяком эколагам даводзіцца сутыкацца з сітуацыяй, калі ад дрэва застаецца пень, вышынёй метры тры-чатыры. Камунальнікі гэта таксама трактуюць як амаладжальную абрэзку. Праз год-другі гэтая рэшта дрэва сама загіне і пень спіляць як сухое аварыйнае дрэва, на выдаленне якога яны самі ж сабе і выдадуць дазвол.
Рэгіянальны каардынатар кампаніі «Зялёны дазор» Павел Наздра летась спыніў знішчальную абрэзку дрэваў у Мазыры. Павел лічыць, што на камунальныя службы ў плане абрэзкі дрэваў уплываць магчыма.
Калі ён патрабаваў спынення варварскай абрэзкі ў Мазыры, ён спасылаўся на парушэнні камунальнікамі распрацаваных Мінжылкамгасам Беларусі яшчэ ў дзевяностыя гады «Тэхнічных ўказанняў па абрэзцы і фармаванні дэкаратыўных дрэўна-кустовых раслінаў». У гэтым дакуменце дакладна распісана, якім чынам якія галіны і ў колькі этапаў магчыма выдаляць падчас абрэзкі. А грамадскі кантроль, упэўнены Павел, прымушае выканаўцаў задумвацца перад тым, як абразаць дрэвы.
Гарадскі ляснічы Ігар Корзун згодны, што гэта адзін са шляхоў, якім грамадзяне могуць супрацьстаяць калецтву дрэваў. Але ён звяртае ўвагу, што «Тэхнічныя ўказанні» не з’яўляюцца абавязковым дакументам, а носяць рэкамендацыйны характар. Камунальнае прадпрыемства можа выконваць яго, а можа і не выконваць. Гэта будзе сведчыць толькі аб прафесіяналізме канкрэтных выканаўцаў.
– Жыхары дома, калі яны не згодныя з тым, як выкананая абрэзка дрэва, могуць напісаць скаргу ў мясцовы орган улады. Калі збярэцца камісія і вырашыць, што абрэзка была выкананая няякасна, яна «дасць у косці» непасрэднаму выканаўцу, альбо падрадчыку і параіць камунальнікам з гэтым падрадчыкам больш не супрацоўнічаць. На сёняшні дзень гэта адзінае, што магчыма зрабіць у плане процідзеяння непажаданай абрэзцы дрэваў.
Зялёныя насаджэнні ў населеных пунктах для многіх з’яўляюцца каштоўнымі, бо жыхары, альбо іхнія бацькі, саджалі гэтыя дрэвы, бо пад гэтымі дрэвамі людзі прызвычаіліся адпачываць, дыхаць паветрам, якое ачышчаюць гэтыя дрэвы. Іншыя ж не бачаць каштоўнасці ў гарадской расліннасці і гатовыя ад яе пазбаўляцца. Але сітуацыя ў Рэчыцы паказала, што прававая неўрэгуляванасць працэдуры абрэзкі дрэваў не толькі дае магчымасць у абход усталяванага парадку выдаляць аб’екты расліннага свету, але і здольная спараджаць канфліктныя сітуацыі паміж людзьмі, якія дастаткова цяжка вырашыць у прававым полі.