28.09.2017 / 11:09

Калі я была маленькай, маці апантана ператварала двухпакаёўку, у якой мы жылі, у батанічны сад. Як гэта часта бывае ў небагатых, але актыўных у сваім хобі людзей, гэты псеўдасад выглядаў не надта прывабна.

Мне асабіста ён не прыносіў нейкага эстэтычнага задавальнення, затое я была абавязаная паліваць усе гэтыя фікусы, спатыфілумы і іншыя бегоніі. Не цяжка здагадацца, што сама я ў будучым не спяшалася займацца вырошчваннем хатніх раслін.

Фікус, падораны сябрамі на маё 18-годдзе, пражыў чатыры гады, і як ён працягнуў так доўга – застаецца вялікай загадкай. Няшчасная фіалка пратрымалася менш за тры месяцы.

Але так склалася, што ў нейкі момант я ўсё ж палюбіла хатнія расліны, і стала вырошчваць экзотыку. Аказваецца, каб займець у Беларусі экзатычную расліну, зусім неабавязкова траціць вялікія грошы ў кветкавай краме. Часам дастаткова набыць прывезеную з іншага кантынента садавіну ці гародніну і прарасціць костку.

Па шчырасці, у самым пачатку батанічнага эксперыменту я не разлічвала на рэальны поспех, але ўсё склалася вельмі добра. Ну, амаль усё.

 

Авакада

Ніякага плану загадзя пра вырошчванне авакада (я ласкава называю яго авакадышам) не існавала. Яго набылі, каб зрабіць гуакамоле, але костку потым чамусьці вырашылі не выкідаць. Ну і “пасадзілі ў ваду” без асаблівых спадзеваў, што штосьці з гэтага атрымаецца. Працы было мала, вольнага часу шмат – вось і знайшлася забаўка.

Як прарасціць костку авакада? З трох бакоў у яе трэба ўтыкнуць палачкі (вельмі зручна выкарыстоўваць для гэтай мэты зубачысткі). Усе палачкі на адным гарызантальным узроўні, і крыху вышэй за сярэдзіну, калі мераць па вертыкалі. Больш шырокая частка косткі мусіць быць унізе, больш вузкая – уверсе. У кубак трэба наліць цёплай вады і нібыта павесіць гэтую костку на зубачыстках у кубак. Вада павінна пакрываць прыблізна палову косткі.

Цяпер застаецца толькі чакаць і рэглярна мяняць ваду, каб яна не застойвалася. Калі ёсць жаданне, мяняць можна хоць штодня, але і раз на 2-3 дні – таксама добра. Немагчыма прадказаць, колькі давядзецца чакаць, пакуль костка пачне раздвойвацца па вертыкалі і пускаць карані і ўласна расток. Камусьці шансуе, і змены становяцца заўважныя літаральна ў першы тыдзень, а некаторым даводзіцца чакаць больш за месяц. Парадаў, як паскорыць працэс, - няшмат. Трэба рэгулярна мяняць ваду і сачыць, каб у пакоі, дзе стаіць костка, заўжды было цёпла, і каб яна атрымлівала дастаткова святла. И, па-шчырасці, зусім не факт, што гэта ўсё неяк дапаможа. Але калі вы не можаце проста чакаць, і вам абавязкова трэба штосьці рабіць, рабіце гэта. Дакладна не нашкодзіце.

Гіпатэтычна, авакада можна адразу прарошчваць у зямлі, але рэкамендуюць усё ж пачынаць з воднага перыяду. Па-першае, так будзе хутчэй. Па-другое, вы зможаце назіраць увесь працэс: як прарастаюць карані, як выпускаецца расток. Калі расток пайшоў не ідэальна ўверх, а хіліцца ўбок, можна паспрабаваць гэта выправіць з дапамогай сонечнага святла. Авакада даволі хутка паварочваецца ў бок крыніцы святла, так што, каб выраўняць расток, можна адварочваць яго ад вакна.

А роўны пабег абавязкова трэба перыядычна паварочваць (напрыклад, кожны дзень на 180 градусаў). Некаторыя нават падвязваюць расліну да драўлянай палкі, каб расла роўна. Але гэта ўжо пытанне эстэтычных прэферэнцый. Як на мяне, лепш крыху няроўная расліна, чым міні-дрэўца, прывязанае да палкі.

Перасаджваць у грунт авакада лепш ужо пасля таго, як з’явіліся першыя лісцікі. Ва універсальны грунт можна дадаць крыху імху, але гэта неабавязкова. Увогуле, авакада – даволі моцная ў плане здольнасці да выжывання расліна, і забіць яго досыць складана.

Што тычыцца ўходу за раслінай, дык правілы простыя: ставіць лепш за ўсё у светлае месца, але не наўпрост пад сонца. Калі дрэўцу будзе не хапаць святла, яно будзе моцна расці ўверх, не даючы частых лістоў і тым больш галін. Не тое, каб гэта была катастрофа, але ўсё ж не найлепшы варыянт развіцця падзей. Так што трэба знайсці для авакада добрае месца, каб і ўзімку было шмат святла. Ну, настолькі шмат, наколькі гэта магчыма ў Беларусі. Але, калі зусім ужо пачнеце фанацець ад працэсу вырошчвання і ўходу, можна набыць абмысловую лампу, якая дасі ў пасмурныя сезоны дадатковае святло.

Кажуць, нават ва ўмовах кватэры дрэва можа пачаць пладаносіць. Мне пра гэта пакуль думаць рана – майму авакадышу яшчэ года няма. Але ж пажывем – пабачым.

 

Тамарынд

Калі авакада ўсе (ну, ці амаль усе) ўжо ў Беларусі ведаюць, дык тамарынд застаецца сапраўднай экзотыкай.

Што гэта ўвогуле такое? У арыгінале тамарынд – гэта велізарнае дрэва, якое можа дарасці і да трыццаці метраў. Расце ў трапічным клімаце, дае невялічкія плады, ні на што асабліва не падобныя па смаку. Калі вам зусім ужо хочацца знайсці нейкае параўнанне, дык параўнайце тамарынд з фінікамі.

Расціць тамарынд вельмі весела. Спачатку трэба ў Кароне набыць уласна плады. І хай вас не пужае высокі кошт: стручкі вельмі лёгкія, і за два рублі можна набыць чатыры-пяць штук, а ў кожным стручку некалькі “тамарындзін”. Карацей, набываеце тамарынд, з’ядаеце, а костачкі мыеце, заварочвваеце ў папяровую сурвэтку і паліваеце гэта ўсё цёплай вадой. Мокрую сурвэтку можна пакласці ў кубак ці талерку і паставіць у любое зацішнае цёплае месца, дзе ніхто гэты скарб не скіне, і дзе не бывае скразнякоў.

Мачыць сурвэтку трэба па меры таго, як яна будзе падсыхаць. І лепш не дапускаць, каб яна станавілася зусім сухой. Магчыма, гэта гучыць неяк складана, але ў рэальнасці працэс лёгкі ў выкананні і вельмі цікавы. Я настолькі ім загарэлася, што зранку як толькі прачыналася, адразу лезла ў сурвэтку правяраць, ці прарасло там што-небудзь.  Некаторыя косткі прараслі хутка, а іншым спатрэбілася некалькі тыдняў. Так ці інакш, з шасці выжылі шэсць, і гэта, канечне, поспех.

Спачатку прарастае корань. Ён можа расці роўненька “ўніз”, а можа закручвацца смешнай загуголінай – залежыць ад таго, як вы кладзеце костку. Гравітацыя – страшная сіла, і яна будзе бесперарыўна цягнуць корань уніз. Хоць мне больш падабаецца версія, што гэта не гравітацыя, а незафіксаваны яшчэ чалавекам раслінны разум. У любым выпадку, няма прынцыповай розніцы, наколькі роўна прарос корань – гэта паўплывае толькі на зручнасць пасадкі тамарында ў грунт. Чым раўнейшы корань, тым прасцей садзіць.

Я перасяляла расліну ў грунт тады, калі даўжыня карнявой часткі была як дзве фалангі майго пальца. Як і для авакада, у грунт можна дадаць крыху мху, але гэта не абавязкова. Перасаджваць тамарынд вельмі проста: увесь корань мусіць аказацца ў зямлі, а костка крыху з-пад яе тырчаць.

Першыя тыдні пасля перасадкі тамарында ў грунт – самыя забаўныя: расліна пачынае расці ўверх, выпускаць першыя лісцікі, і ў цэлым нагадвае нейкае іншаземнае стварэнне. Паліваць яго трэба не надта шмат, і перад кожным наступным палівам варта пачакаць, пакуль грунт прасохне на некалькі сантыметраў. Правяраць прасохласць гунты можна так жа, як гатоўнасць пірагоў: узяць зубачыстку, ўваткнуць паглыбей, дастаць і паглядзець, ці прыляпілася да яе мокрая зямля. Можна, канечне, правяраць зямлю і пальцам, але я не ўпэўнена, што лішні раз забруджваць і мыць рукі – лепшая ідэя, чым аднаразовае выкарыстанне зубачысткі.

І тамарынд, і авакада маюць свае цыклы росту. Кажуць, гэта залежыць ад сезону года, асвятлення, тэмпературнага рэжыму і іншых фактараў, але я пільна назірала за цыкламі сваіх раслін, спрабуючы знайсці заканамернасць, і афіцыйна заяўляю: пляваць яны хацелі на час году і тэмпературны рэжым. Працуе толькі адно правіла: растуць і не растуць яны заўжды разам. А калі паставіць больш павольную расліну побач з самай хуткай, першая пачне “падцягвацца” і расці хутчэй. Гэта ўсё нагадвае, канечне, школьную практыку садзіць двоешнікаў разам з выдатніцамі, але чамусьці рэальна дапамагае. Можа, і праўда існуе нейкі раслінны разум, і ён заточаны на спаборніцтва.

Калі параўноўваць з авакада, дык тамарынд расце дужа павольна. Вышынёй з метр за год ён дакладна не вырасце. Увогуле, ёсць два варыянты, як расціць тамарынд дома: як звычайнае хатняе дрэва альбо як бансаі. Гнуць расліну для бансаі страшна і складана, але вельмі цікава. Я магу доўга заэўніваць вас, што няма чаго баяцца, і што тамарынд не зламаецца, калі вы будзеце гнуць яго разам з металічным прутом, але вы ўсё адно не паверыце, пакуль не ўбачыце на свае вочы. Цікава: ніводны з нягнутых тамарындаў пакуль не даў адгалінаванняў, а адзіная сагнутая расліна пачала выпускаць галінкі літаральна ў першы тыдзень пасля згінання.

Расціць бансаі – вельмі доўгі працэс, і я не ведаю, наколькі добра ў мяне гэта атрымаецца, але пачалося ўсё някепска.

І толькі манга ўвогуле не прараслі. Я б паспрабавала яшчэ раз, ды скончылася месца на падваконнях.

Автор:
Фотограф:
Наста Захарэвіч
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость