Сажайте деревья, а не журналистов

Батанікі рыхтуюць агульную мапу расліннасці. Балоты ўжо ёсць!

Цяпер можна казаць, што плошча нашых тарфянікаў – 1,6 млн га. Гэта амаль на 500 тыс. га больш, чым лічылася раней.

Дзмітрый Грумо, аўтар мапы і намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча НАН Беларусі, тлумачыць, што так атрымалася таму, што да мапы дадалі лясныя балоты, якія раней звычайна не ўлічваліся.

Інстытут батанікі з 2016 года працуе над стварэннем лічбавай мапы расліннасці ўсёй Беларусі. Апошнія работы ў гэтым кірунку былі здзейснены ў 1960-70 гады. Самая дэталёвая мапа расліннасці з’явілася ў 1975-м. З таго часу адбылося шмат змен: і меліярацыя Палесся, і аварыя на ЧАЭС, – таму інфармацыю трэба збіраць нанова, каб мець актуальныя даныя.

Мапа расліннасці дзеліцца на мапу балот, лясоў і лугоў. Дзмітрый Грумо адказвае менавіта за балоты. Буйнамаштабная мапа (1:25000) фактычна ўжо гатова, зараз ідзе падрыхтоўка сярэднемаштабнай. Па гэтым даным можна даведацца, дзе размешчаны рэдкія біятопы, і забяспечыць ім ахову, бо расліннасць з’яўляецца маркерам экасістэм. Таксама мапа дае інфармацыю для прагнозу, як будзе развівацца балота ў бліжэйшыя 50-60 год. Сама па сабе тэндэнцыя негатыўная: многія балоты зарастаюць і пераўтвараюцца ў лясныя.

 “Самае галоўнае – забеспячэнне аховы. Мы павінны яшчэ каля 300 000 га натуральных балот узяць пад ахову. І мапа паказвае, дзе вылучыць гэтыя тэрыторыі”, – падкрэслівае навуковец.

Новыя тэхналогіі дазваляюць больш дэталёва замераць паказчыкі. Таксама для балот важна развіваць тэхналогіі дыстанцыйнага маніторынгу. У 2006 годзе, калі пагарэла знакамітая Ельня, навукоўцы проста нагамі не маглі абысці велізарныя плошчы пажараў. Тады ўпершыню прымянілі дыстанцыйную здымку.

Апрацоўка спадарожнікавых здымкаў дае шмат інфармацыі. Можна вылучаць даныя пра расліны, біятопы, стан экасістэм. Але, каб зразумець спецыфіку развіцця тэрыторыі, навукоўцам у любым выпадку трэба выязджаць на месца, на палявыя работы.

Яшчэ адзін напрамак – вывучэнне экалогіі згуртаванняў, якія фактары ўплываюць на іх фарміраванне. Па гэтых даных можна будзе распрацоўваць кропкавыя праекты па аднаўленні тэрыторыі балот.

У параўнанні з 1980-1990-мі зараз у большасці людзей змянілася стаўленне да балот. Раней багна асацыіравалася з гіблым месцам, а цяпер ахова гэтых тэрыторый стала візітнай карткай многіх грамадскіх арганізацый.

“Трэба падзякаваць за ўвагу і ўдзел людзей. Усе тыпы балот па розных канвенцыях – гэта месцы жыхарства рэдкіх відаў, якія паступова знікаюць. Практычна Чырвоная кніга свету. Я лічу, што трэба вітаць цяперашнюю папулярызацыяю балот”, – кажа навуковец.

У Акадэміі навук шмат кантактаў з замежнымі калегамі. Зараз ідзе некалькі трансгранічных эксперыментаў. Як кажа навуковец, палітыка не павінна адлюстроўвацца на навуковай супольнасці, бо раптоўнае спыненне перакрэсліць усе намаганні мінулых гадоў. Напрыклад, зараз працягваецца ўнікальны праект па транслакацыі вяртлявай чаротаўкі. Птушак з беларускіх балот Званец і Спораўскае перасяляюць у літоўскі запаведнік Жувінтас, каб падтрымаць мясцовую папуляцыю. Дзмітрый Грумо адзначае, што навуковае ўзаемадзеянне ідзе і з літоўскімі, і з украінскімі, і з расійскімі, і з польскімі навукоўцамі. Нельга парушаць такую сетку кантактаў.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 28.10.2020

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.