У выніку аварыі ў 1986 годзе ва Ўкраіне стаў выкід значнай колькасці цэзія, у прыватнасці цэзія-137 (137Cs). Ён пераносіўся ветрам і выпадаў у выглядзе ападкаў на тэрыторыі прылежных да ЧАЭС тэрыторый, у тым ліку і Беларусі, але трапляў і на тэрыторыі Еўропы. Па словах кіраўніка навуковай групы Швейцарскага федэральнага інстытута даследаванняў (WSL) Ульфа Бюнгтэна, верхнія пласты глебы на значнай частцы кантынента да гэтага часу застаюцца забруджанымі. Тое, што ў летніх труфеляў (Tuber aestivum) выявілася толькі нязначная колькасць цэзія-137, прыемна здзівіла даследнікаў.
Многія віды грыбоў, асабліва тыя, што растуць пад зямлёй, актыўна здабываюць з яе рэчывы і схільныя да назапашвання радыёактыўнага забруджвання, тлумачаць навукоўцы. Яны адзначылі, што ў рэгіёнах, дзе ёсць наступствы забруджвання, цэзій-137 выяўлены не толькі ў грыбах, але і ў арганізме жывёл, асабліва ў мясе аленяў і дзікоў.
Даследчыкі правялі аналіз 82 летніх труфеляў, сабраных за перыяд з 2010 па 2014 г. у Швейцарыі, Германіі, Францыі, Італіі і Венгрыі. Ўзровень цэзія-137 не перавышаў двух бекерэляў на кілаграм, у той час як дапушчальны, бяспечны ўзровень складае 600 бекерэляў на кілаграм. Зараз навукоўцам трэба высветліць, з якой прычыны труфель супраціўляецца забруджванню. Па адной з версій, справа можа быць у адмысловым працэсе засваення гэтым грыбом пажыўных рэчываў з глебы. Дэталі даследавання апублікаваныя ў часопісе Biogeosciences.