Праблема ўзнікла паўстагоддзя таму
Гісторыя праблемы гарадской каналізацыі пачалася больш за паўстагоддзя таму. Як успамінаюць старэйшыя жыхары Глыбокага, да пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя ў возеры Кагальным можна было купацца, на гэтым вадаёме быў нават пляж, дзе любілі адпачываць гараджане.
У горадзе будаваліся новыя прадпрыемствы, павялічвалася колькасць жылых дамоў, але не было ні гарадской каналізацыі, ні ачышчальных збудаванняў. Усё сцёкі траплялі ў глыбоцкія азёры, якіх зараз у гарадской рысе пяць. Асабліва даставалася возеру Кагальнаму. Яно невялікае па плошчы і размешчанае ў самым цэнтры горада.
У 1973 годзе ў першым нумары часопіса «Родная прырода» быў змешчаны артыкул «Чыстыя мары глыбоцкіх азёр». Яго аўтар, наведаўшы Глыбокае, быў непрыемна ўражаны маштабамі забруджвання глыбоцкіх азёр.
У размове з карэспандэнтам тагачасны кіраўнік глыбоцкага гарадскога Савета Валянціна Карэпава сказала, што ўжо 10 гадоў, як яна падымае гэту праблему, і вырашыць яе пакуль не ўдаецца.
Прапаноўваліся розныя варыянты, разглядалася нават прапанова спусціць воду з возера Кагальнага, каб вычысціць яго дно. Але спецыялісты далі заключэнне, што пакуль не будзе вырашана пытанне з гарадской каналізацыяй, ачыстка азёр нічога не дасць.
І вось справа пачала вырашацца: у 1974 годзе будуецца трохкіламетровы калектар, у наступным годзе планавалася стварыць ачышчальныя збудаванні. Але потым Віцебскі аблвыканкам перанёс тэрміны будаўніцтва на пазнейшы тэрмін.
Пытанне амаль вырашылася, але распаўся Савецкі Саюз
У 1985 годзе пытанне глыбоцкай каналізацыі зноў падымалася на ўсіх узроўнях. І, як кажуць, лёд крануўся. Была распрацаваная праектна-каштарысная дакументацыя для каналізацыі ў горадзе.
У 1989 годзе пачаліся працы па выкананню гэтага праекта. Была пракладзеная частка труб агульнагарадскога калектара, які праходзіў па беразе возера Вялікага. Але ў 1991 годзе з-за адсутнасці фінансавых сродкаў праект прыпыніўся.
Потым распаўся Савецкі Саюз, і пра гарадскую каналізацыю зноў забыліся. На той час было не да гэтага.
А пракладзеныя трубы больш за два дзясяткі гадоў праляжалі ў зямлі, і толькі ў 2015 годзе былі выкапаныя на іншыя патрэбы.
Стагоддзе новае — праблема старая
У 2001 годзе Глыбоцкі райвыканкам звярнуўся з пісьмом у Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя: «У сувязі са складанай экалагічнай сітуацыяй у раёне просім разгледзець пытанне аб магчымасці долевага ўдзелу ў фінансаванні ў 2001-2002 гадах праектна-разведвальных прац пад будаўніцтва ачышчальных збудаванняў у Глыбокім». Але гэты зварот не быў задаволены. Праўда, распачаўся працэс рэканструкцыі існуючых ачышчальных збудаванняў.
У 2007 годзе пытанне каналізацыі Глыбокага было ўключанае ў Дзяржаўную праграму «Чыстая вада» на 2011-2015 гады. Было зацверджана, што пазыку на гэтыя працы выдзеліць Сусветны банк рэканструкцыі і развіцця.
Тэндар на распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі выйграла дацкая кампанія «COWI».
Хутка ва ўсіх глыбоцкіх азёрах можна будзе купацца
Канчатковае вырашэнне гэтай праблемы стала магчымым пасля таго, як у 2010 годзе Глыбоцкі раён узначаліў Алег Морхат. Як толькі ён заступіў на пасаду, праблему каналізацыі горада ён абвясціў адной з галоўных.
І вось усе папяровыя этапы справы пройдзеныя, і ў горадзе распачаліся працы. Хочацца спадзявацца, што на гэты раз яны будуць даведзеныя да канца.
Як адзначыў Алег Морхат у размове з журналістамі, хутка ва ўсіх глыбоцкіх азёрах можна будзе купацца. Ён прызнаўся, што гэта адна з яго мар — зрабіць глыбоцкія азёры чыстымі.
Пакуль жа сітуацыя з азёрамі не вельмі радуе. Летам купацца можна толькі ў двух азёрах — Бяглец і Мушкат. Яны размешчаныя на ўскраінах горада, і туды не трапляюць бытавыя і прамысловыя сцёкі. У 2008 годзе возера Кагальнае наогул было прызнанае самым забруджаным у Беларусі.
Амаль увесь горад будзе перакапаны
У першую чаргу пры рэалізацыі праекта будуць пракладацца сеткі па адводу бытавых сцёкаў ад насельніцтва. З гэтай мэтай будзе перакапаны амаль увесь горад. Таму мясцовая ўлада просіць жыхароў з разуменнем паставіцца да часовых нязручнасцяў. Усяго будзе пабудавана 7 каналізацыйна-помпавых станцый, пракладзена больш за 18 кіламетраў калектараў.
Плануецца, што сцёкавыя воды будуць праходзіць поўную біялагічную ачыстку, і пасля іх можна скідваць у раку Бярозаўку.
Праект разлічаны на год і сем месяцаў, таму эфект ад яго рэалізацыі можна ўбачыць ужо ў 2018 годзе. Хочацца спадзявацца, што пасля яго завяршэння Глыбокае будзе вядомае сваімі чыстымі вадаёмамі, а не самым брудным возерам у цэнтры горада.