29.09.2015 / 15:09

Такога меркавання прытрымліваюцца працаўнікі дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Рагачоўскі лясгас» Генадзь Маспанаў і Аляксандр Ярохаў.

Рагачоўская лясная гаспадарка размяшчаецца ў паўночна-заходняй частцы Гомельшчыны на тэрыторыі Рагачоўскага, Кармянскага раёнаў і невялікай часткі Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. У складзе лясгаса сем лясніцтваў, дрэваапрацоўчы цэх у насельным пункце Шчыбрын і рамонтна-механічныя майстэрні, а таксама пост радыяцыйнага кантролю. Тут ажыццяўляюць лесагаспадарчую дзейнасць, займаюцца нарыхтоўкай драўніны, яе перапрацоўкай, рэалізацыяй на ўнутраны рынак і на экспарт.

Лясны фонд гаспадаркі складае семдзесят сем з паловай тысяч гектараў, у тым ліку семдзесят тысяч гектараў пакрытай лесам плошчы. Лясы першай групы зай-маюць больш за сорак адзін гектар, другой групы – каля трыццаці трох гектараў. Сярэдні ўзрост пасадак – пяцьдзесят дзевяць гадоў.

Асноўная задача работнікаў лясгаса – ахоўваць, берагчы лес і яго насельнікаў, а галоўныя гаспадары лесу – безумоўна, леснікі. І, трэба адзначыць, у гэтай прафесіі няма людзей выпадковых, бо ляснік абавязкова павінен любіць прыроду, адчуваць адказнасць за яе, быць смелым, прынцыповым, адукаваным, вынослівым, у добрай фізічнай форме…

Людзі ідуць у лес адпачываць, а мы – на работу, — расказвае ляснічы Азяранскага лясніцтва Генадзь Маспанаў. – Увогуле, вельмі прыемна, калі праца для цябе адначасова і адпачынак. Лес зацягвае, кожны дзень тут адбываецца штосьці новае і цікавае.

Так, лес нельга не любіць, — дадае ляснічы Рагачоўскага вопытна-вытворчага лясніцтва Аляксандр Ярохаў. — Мой бацька працаваў кіроўцам у лясніцтве, вазіў дырэктара. Шмат расказваў аб сваёй працы, ды і ў лесе мы з ім бывалі часта. І ўжо школьнікам я цвёрда ведаў, што абавязкова стану лесніком.

Абодва ляснічыя даўно ўжо сумленна працуюць у Рагачоўскім лясгасе, ім заслужана прысвоена званне «Ляснічы першага класа». — Гэты год для лясной гаспадаркі выдаўся вельмі складаны, — гавораць ляснічыя. – Засушлівае надвор’е, а часта і неахайнасць грамадзян, якія, наведваючы лес, асабліва не клапаціліся аб небяспецы, выклікала ўзнікненне пажараў. Пажар – самае страшнае, што можа здарыцца ў лесе, і самая складаная справа – тушыць іх. Цяжка і фізічна, і маральна, бо вельмі шкада ўсё жывое, што трапляе пад смяротнае ўздзеянне агню.

Автор:
Фотограф:
slova.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость