Як паведаміла Дзяржінспекцыя аховы жывёлнага і расліннага свету пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь ( http://gosinspekciya.gov.by/news/inspectorate/a126fa71c3174711.html ), нягледзячы на тое, што лясгас аформіў дакументы, якія дазвалялі правядзенне высечкі галоўнага карыстання саснова-бярозавага лесу на плошчы 8 гектараў, работнікі Малінаўскага лясніцтва зрабілі адвод дзялянкі, плошчай 8,4 гектары. На залішняй плошчы знаходзіліся 410 дрэваў.
Нарыхтоўвала драўніну на лесасецы акцыянернае таварыства “Гомельдрэў”. Пакуль вырашылі праверыць правільнасць распрацоўкі, лесанарыхтоўшчыкі ўсю драўніну з лесу вывезлі. Але вынікі перамеру плошчы лесасекі і пераліку пнёў ссечаных дрэваў паказалі, што супрацоўнік лясной аховы, які кіраваў адводам дзялянкі, памыліўся на 40 сотак, на якіх раслі 410 дрэваў. Агульны аб’ём незаконна ссечанай драўніны склаў 205 кубаметраў.
Вінаватым у парушэнні прызнаны Лоеўскі лясгас. Ён мусіў сплаціць дзяржаве больш за 11 тысяч рублёў урону, нанесенага навакольнаму асяроддзю, каля 4 тысяч рублёў кошту незаконна ссечанай драўніны і 1150 рублёў штрафу.
Як патлумачыла Гомельскаму Зялёнаму парталу галоўная ляснічая Лоеўскага лясгаса Яўгенія Наварыч, парушэнне заканадаўства адбылося яшчэ напрыканцы мінулага года. У адводзе дзялянкі ўдзельнічалі некалькі чалавек. Пры гэтым бусольную здымку і прасечку межаў дзялянкі выконвала адна брыгада, а пералік дрэваў, якія магчыма было ссекчы, ажыццяўляла іншая. Апошнія і прамінулі адмежавальныя візіры, нацясаўшы і палічыўшы ўсе дрэвы да натуральнага разрыву ў лясным масіве. А лесанарыхтоўчыкі з ААТ “Гомельдрэў”, якія выкупілі драўніну ў дзялянцы, высеклі ўсе дрэвы, якія мелі пазнакі да высечкі. Такім чынам і артымалася, што высеклі не прызначаную для высечкі плошчу ў 40 сотак.
Супрацоўнікі ж лясніцтва правільнасць распрацоўкі дзялянкі не адсочвалі і парушэнне выкрылася толькі сёлета, калі ў прысутнасці інспектараў Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету праводзіўся агляд месца высечкі і межы дзялянкі выклікалі пытанні.
Пэўны тэрмін спатрэбіўся для разбіральніцтва і высвятлення вінаватых. Лясгас сплаціў усё, што было налічана, і сітуацыя вырашылася толькі зараз, хаця, яшчэ і не да канца. Цяпер жа сплочаныя сумы будуць спаганяцца з непасрэдных вінаватых – супрацоўнікаў дзяржаўнай лясной аховы лясніцтва.
Гэтая сітуацыя стала чарговым сведчаннем таго, наколькі дбайна сёння ставяцца непасрэдна да аховы лясных багаццяў людзі, што носяць зялёную форму з дубовымі лістамі на пятліцах. Ёсць усе падставы меркаваць, што тым жа майстрам лесу і леснікам з ляснічымі папросту было не да таго. Нягледзячы на гіганцкую плошчу, якую вырашылі адвесці пад высечку, ніхто не пракантраляваў правільнасць адводу і распрацоўкі дзялянкі.
Дарэчы, ляснічы Малінаўскага лясніцтва, дзе адбылася гэтая незаконная высечка, увогуле адмовіўся нам нешта каментаваць.
Чым займаліся тыя, хто непасрэдна адказвае за стан аховы гэтага ўчастку лесу – можна толькі здагадвацца. Хутчэй за ўсё, яны і самі ў гэты час найбольш увагі надавалі лесанарыхтоўкам, а не ахове лесу. Гэты прыклад яшчэ раз паказаў заганнасць практыкі нагрузкі работнікаў дзяржаўнай лясной аховы лесанарыхтоўчымі работамі, якая існуе ў сістэме Мінлясгасу і значна пераважае ў абавязках людзей у зялёнай форме.