Міжурадавая група экспертаў у 2014 годзе прэзентавала другую і трэцюю часткі дакладу па кліматычных зменах у свеце (31 сакавіка і 13 красавіка). З гэтай нагоды кансультант па клiматычнай палiтыцы таварыства “Зялёная сетка” Настасся Бекіш распавядае, што з гэтых дакументаў адносіцца да нас і хто мусіць клапаціцца пра наступствы.
Глабальныя наступствы ў Беларусі
1. Камунальнікі не ў трэндзе
Хав’еры будуць паўтарацца, як і іншыя экстрэмальныя ўмовы надвор’я. Канешне, не як на Філіпінах, калі тайфун зносіць усё, але і гэтага нам хопіць.
“Камунальныя службы не гатовыя, - кажа Настасся. – Хаця ў нас спіс наступстваў не такі вялікі, і іх можна прадказаць: цыклоны, замаразкі, калі іх не мусіць быць, і гарачыня”.
2. Сардэчнікі і датэрміновая смяротнасць
Імаверна, што ўзнікнуць праблемы ў галіне аховы здароўя. Экстрэмальныя ўмовы надвор’я моцна ўплываюць на метэазалежных людзей, таму могуць пацярпець і мусяць асабліва беражліва ставіцца да здароўя тыя, хто мае сардэчна-судзінкавыя захворванні.
“Гэта наступствы змянення клімату, і яны будуць накладацца на тое, што сардэчна-судзінкавыя ў нас нумар адзін у рэйтынгу па прычынах смерці.
Ёсць такое паняцце як датэрміновая смяротнасць. Наступствы змяненя клімату робяцца адной з прычынаў, якія павялічваюць яе адсотак. У Расіі ў апошнія гады, калі вялікая гарачыня і пажары, лік смерцяў ідзе на дзясяткі тысяч. І яны не загінулі да пажараў, іх арганізм проста не вытрымаў”.
3. Французкае віно, іспанскія памідоры і малайскія трэнікі
“Тое, што я казала папярэдне, было пра Беларусь як краiну ў вакууме. Але беларусы знаходзяцца ў глабальнай эканоміцы і набываюць памідоры не толькі вырашчаныя ў Ждановічах. І апроч квасу яны, напэўна, п’юць французкае віно”.
У нас, як і ва ўсім свеце, шмат вопраткі, зробленай у Інданэзіі ці Малайзіі, дзе танная працоўная сіла. Пры гэтым яны адны з самых слабых краін у плане змянення клімату.
“Колькасць магутных тайфунаў будзе павялічвацца – гэта факт. Адпаведна, пацерпіць эканоміка краін, і нястача тавараў у сусветнай эканоміцы будзе заўважная”.
4. Кліматычная міграцыя
Паўстане пытанне кліматычнай міграцыі. Якое для Беларусі пакуль не вельмі актуальнае, але для Расіі – так. Да іх сацыяльна-эканамічных мігрантаў з краін Сярэдняй Азіі неўзабаве дададуцца кліматычныя, бо там будуць праблемы з вадой – адпаведна, з селькай гаспадаркай і аховай здароўя. І мы з часам таксама адчуем гэту міграцыю.
Аднаўляльнай энергетыцы супрацьстаіць расійскае лобі
Тым не менш, паводле Настассi, да зменаў клімату ў Беларусі ніхто не спяшаецца адаптавацца.
“Мяркую, таму што пакуль што гэтыя змены слаба заўважныя. Але яшчэ 5 год таму аб змяненні клімату ўвогуле было цяжка казаць, а зараз людзі ўжо бачаць.
Адаптаваць трэба найперш за ўсё сельскую гаспадарку, лясную і сферу ахову здароўя. Гэта вельмі непаваротлівыя вялізныя дзяржаўныя махіны, якія цяжка ссунуць з месца”.
Для паляпшэння сітуацыі беларусы могуць заняцца перабудовай сваёй энергетычнай сістэмы, сыходзіць ад выкапневага паліва і імкнуцца да аднаўляльных крыніц энергіі, паляпшаць энергаэфектыўнасць і рабіць свой транспарт больш экалагічным. Так, у Беларусі працуюць з энергаэфектыўнасцю, але, на думку Настассi, гэтага недастаткова. Гадамі прымаўся толькі закон аб аднаўляльнай энергетыцы і вельмі мала паспяховых праектаў. Убачыць вятрак - падзея.
“Гэта заўсёды палітычная воля, - падсумоўвае Настасся. - Увесь наш постсавецкі рэгіён вельмі залежыць ад экспартаваных з Расіі энергарэсурсаў. Адпаведна, у нас адносіны накшталт наркагандлёвец-залежны, і калі казаць пра аднаўляльную энергетыку, то стаіць пытанне энергетычнага лобі з боку Расіі”.