Як адзначыла каардынатар з нацыянальнай работы Асацыяцыі раварыстаў Кіева Ірына Бандарэнка, развіццё велаінфраструктуры не паспявае за колькасцю прыхільнікаў двухколавага транпарту.
– Мы вымагаем знізіць хуткасць на ўкраінскіх дарогах да бяспечнага ўзроўню, які ў большасці гарадоў ЕС усталяваны на 50 км/гадзіну, – тлумачыць актывістка. – Да таго ж неабходна зменшыць ліміт перавышэння хуткасці, які не штрафуецца, з 20 да 5 км/гадзіну.
Як распавяла Ірына, пешаходы і раварысты звычайна гінуць на дарогах з-за перавышэння кіроўцамі бяспечнай хуткасці руху.
– У выніку наезду з хуткасцю 50 км/гадзіну пешаход ці раварыст мае 90% шанцаў выжыць, у адрозненне ад хуткасці ў 60+км/гадзіну, калі шанец выжыць змяншаецца да 5%, – кажа Ірына.
Актывісты роварнага і пешаходнага руху з шэрагу ўкраінскіх гарадоў падпісалі петыцыю з патрабаваннем усталяваць бяспечны ліміт хуткасці ў гарадах Украіны і перадалі дакумент на разгляд у Саўмін, аднак адказу пакуль не атрымалі.
Ірына Бандарэнка таксама распавяла, што зараз гарадская ўлада зацвярджае канцэпцыю развіцця роварнага руху ў Кіеве.
– У сярэднім кошт 1 кіламетра роварнай дарогі складае каля 1 мільёну грывен (амаль 40 тыс. даляраў - рэд.). Сталіцы, якая мае намер пракласці 600 км дарог для двухколавага транспарту, патрэбна каля 500 мільёнаў грывен цягам 15 гадоў.