30.06.2020 / 13:06

Нёманец, Нёман, Нямунас. Гэта розныя назвы адной і той жа ракі. Ракі, добра вядомай у Еўропе, але найперш беларусам, літоўцам і палякам.

У магутнай сярэднявечнай дзяржаве ВКЛ Нёман быў вялікай воднай магістраллю. Вытокі яго на захадзе ад Мінска. Зліваючыся ў адно рэчышча, Уса, Лоша і Нёманец ператвараюцца ў Нёман. Звыш 900 кіламетраў, агінаючы Навагрудскае ўзвышша, прабіваючы шлях праз марэнную Гродзенскую граду, збіраючы воды ў заходне-паўночнай тэрыторыі Беларусі і часткі Палесся, коціць Нёман свае воды ў Балтыйскае мора.

Сёння ў кожнага рэчка Нёман выклікае свае асацыяцыі: вялікі старажытны гандлёвы шлях, дарога для заваёўнікаў, рака замкаў і цвержаў, радзіма вялікіх людзей, пісьменнікаў і песняроў, рака баявой славы беларускіх партызан і французскіх лётчыкаў дывізіі «Нармандыя-Нёман», месца, дзе бярозаўскія майстры-шкладувы твораць цуды з крышталю. У апошнія гады дадаюць аўтарытэту гэтай рацэ і хакеісты гродзенскага «Нёмана», выдатна выступаючы на еўрапейскай арэне. Набірае папулярнасць у аматараў літаратуры і паэзіі часопіс «Нёман».

Нёман — рака-легенда. Многія знакамітыя людзі, якім хоць раз давялося пабыць на яе берагах, пакінулі запамінальныя ўспаміны ў сваіх творах. Нагадаем двух Міцкевічаў — Адама і Канстанціна (Якуба Коласа), Яна Чачота, Вінцэся Каратынскага, Уладзіслава Сыракомлю, Элізу Ажэшку, Янку Брыля, Уладзіміра Калесніка, кампазітараў А.Шыдлоўскага і М.Сакалоўскага і дзясяткі іншых.

У народзе да назвы гэтай ракі амаль заўсёды дадаюць слова «бацька».

Бо ён, як сапраўдны бацька, беларус і па паходжанні, бо бярэ пачатак у самым цэнтры нашай краіны, і па сваіх справах, бо дае людзям працу і прыбытак: з водаў — рыбу, з прыбярэжных лясоў і пушчаў — першагатунковы карабельны лес, драўняны вугаль, жывіцу, мяса і футра дзічыны, грыбы, ягады. Прыбярэжныя заліўныя лугі былі і ёсць раздоллем для выпасу свойскай жывёлы, а ўрадлівыя глебы — для вырошчвання зерня і льну.

Менавіта тут, паблізу Шчорсаў, графу Храптовічу ўдалося наладзіць яшчэ ў XVIII стагоддзі перадавую сельскую гаспадарку, якая грымела на ўсю Еўропу. Гэты мецэнат зрабіў Шчорсы вядомымі ў свеце і сваёй бібліятэкай, на паліцах якой было звыш 26 тысяч кніг, паўтары сотні з якіх былі асабліва старажытныя і рэдкія. У яго калекцыі захоўвалася таксама каля сямі тысяч гравюр.

Мне пашчасціла з`явіцца на свет у наднёманскай старажытнай Любчы,

вядомай сваім сярэднявечным замкам і друкарняй, Магдэбургскім правам з 1590 года, партызанскай славай, урадлівымі глебамі і працавітым людам. Тут прайшлі мае дзіцячыя гады. Тут штогод я бавіў летнія школьныя канікулы. Любча ў той час была для мяне ледзьве не цэнтрам Еўропы. Чыгунка, хоць і вузкакалейная, жоўта-чырвоны вялікі аўтобус, што раз на тыдзень мог давезці любога ў нейкія там Баранавічы, дзясяткі рачных «караблёў»-буксіраў, якія снавалі туды-сюды па Нёмане, берагі якога былі завалены тысячамі кубаметраў спілаванага лесу. На маю думку, кожны такі «карабель», напэўна, дасягаў Балтыйскага мора. Як усё гэта абуджала маю дзіцячую фантазію, як мне хацелася трапіць на гэты борт, дабрацца да мора-акіяна!

А якога каларыту да ўсяго гэтага дадаваў штотыднёвы базар, для якога быў адведзены вялікі пляц за плотам дзедавай хаты!

Задоўга да світання з`язджаліся сотні падводаў з блізкіх і далёкіх вёсак, людзі плылі на лодках, ішлі пешшу. Да полудня пішчалі парасяты, рыкалі каровы, бляялі авечкі, падаваў голас на розны лад і іншы жывы тавар. А колькі выстаўлялася збаноў, гаршчкоў, бочак, дзежак, кубельцаў, балеяў, прыладаў для хатняга ўжытку, кавальскіх і іншых вырабаў майстроў-рамеснікаў!

А як здзіўляла разнастайнасць у харчовых павільёнах! Тут былі масла і смятана, сыры клінковыя і «галандскія», каўбасы і кумпякі вяленыя і вэнджаныя, хлеб хатняй выпечкі, яйкі, мёд, арэхі, чырвоныя пеўнікі з карамелізаванага цукру, яблыкі, грушы, вішні, чарэшні, лясныя ягады і шмат іншага. Страціўшы статус раённага цэнтра ў 1956 годзе, Любча паступова ператваралася ў невялікае паселішча з менш чым тысячай жыхароў (у 50-я гады там жыло 5 тысяч жыхароў).

Але багатая шматвяковая гісторыя гэта краю не прапала.

Яна захоўваецца сёння ў школьным краязнаўчым музеі, які мае статус народнага дзякуючы ў першую чаргу апантанаму мясцоваму краязнаўцу М.М. Карповічу. Сёння экспазіцыя гэтага музея па колькасці і вартасці сваіх экспанатаў не саступае дзясяткам музеяў раённага маштабу.

Источник:
Автор:
Фотограф:
geosfera.org
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость