Напярэдадні мерапрыемства сузаснавальнік арганізацыі, юрыст і праваабаронца Аляксей Казлюк расказаў Зялёнаму парталу пра павестку дня, якая актуальная не толькі падчас форуму.
Цяперашняя “лічбавая трансфармацыя” закранае ўсе сферы чалавечага жыцця. Гэта значыць, што наш асяродак, гарады, дзе мы жывем, так ці інакш у гэтую трансфармацыю ўцягнутыя. Таму і кажуць пра канцэпцыю Smart City, “разумных гарадоў”, якія за кошт тэхналогій будуць рабіць наша жыццё лепшым, больш зручным.
Да таго ж, тэхналогіі дазволяць тым, хто кіруе гарадамі, мець больш дакладную інфармацыю пра тое, што адбываецца, і адпаведна прымаць больш узважаныя рашэнні. Гэта пойдзе на карысць розным гарадскім супольнасцям.
Канцэпцыя Smart City рэалізуецца з дапамогай розных інструментаў. Напрыклад, датчыкаў, якія ўсталяваныя паўсюль: пачынаючы ад вуліц і пешаходных пераходаў – і да нашых дамоў. Вынікам можа быць аўтаматызацыя ўліку камунальных паслуг, каб паказчыкі электрычнасці і вады не трэба было кожны месяц паведамляць па тэлефоне, а яны б самі абнаўляліся для выстаўлення рахункаў.
Узнікае пытанне: а як чалавеку жыць у гэтым горадзе, які ведае пра яго занадта шмат? Як ён ездзіць на працу, дзе пераходзіць вуліцу, дзе парушае правілы дарожнага руху, з кім стасуецца, колькі чаго купляе…
Каб знізіць рызыкі ўмяшальніцтва ў прыватнае жыццё, мы кажам, што канцэпцыя разумнага гораду немагчымая без уліку правоў чалавека, права на прыватнасць. Ёсць розныя тэхнічныя, юрыдычныя, арганізацыйныя сродкі забеспячэння права на прыватнасць. Задача праваабаронцаў – даводзіць, што гэта права павінна ўлічвацца ў кожным прынятым наконт “разумных гарадоў” рашэнні.
На форуме будзем абмяркоўваць пытанне паўторнага выкарыстання дадзеных, сабраным “разумным горадам”. Вельмі просты прыклад: калі мы ведаем, колькі чалавек праходзіць за дзень па вуліцы, мы ведаем эканамічную прыцягальнасць гэтага месца. Тады можам спрагназаваць, што нерухомасць там будзе даражэць, можна будаваць там нейкія грамадскія аб’екты…
Адсочваючы ў рэальным часе гэтыя дадзеныя, можна рэгуляваць прыцягальнасць вуліцы: нешта там паставіць, адкрыць бар, ці, наадварот, закрыць праезд… Пытанне, як збіраюцца гэтыя дадзеныя, як апрацоўваюцца і хто можа імі карыстацца (гарадская адміністрацыя, бізнэс…).
Будзем абмяркоўваць таксама пытанне грамадзянскага ўдзелу – наколькі гараджане ўцягнутыя ў прыняцце рашэнняў. Сучасныя тэхналогіі e-удзелу дазваляюць атрымліваць сувязь з грамадзянамі ў рэальным часе. Калі запускаецца нейкі праект у сферы “разумных гарадоў”, ці ведаюць пра гэта грамадзяне?
Ці маюць рэальныя інструменты ўплыву на гэтыя рашэнні? Ці яны сапраўды могуць ацаніць, трэба ім гэты праект, альбо не? Можа, ён парушае іх права на прыватнасць? Якія ёсць інструменты грамадзянскага ўдзелу? Што бывае, калі грамадзянскі ўдзел немагчымы? Інструменты “разумнага горада” даюць вялікія магчымасці для атрымання адваротнай сувязі ад грамадзян, уцягнення іх у распрацоўку і прыняцце рашэнняў: дзе будзе зялёная зона, дзе дзіцячы садок, а дзе завод…
Вялікая праблема – “лічбавы разрыў”, калі некаторыя катэгорыі насельніцтва вельмі ўразлівыя адносна новых тэхналогій: яны альбо не ўмеюць імі карыстацца, альбо ў іх не хапае грошаў на новыя дэвайсы. З аднаго боку, людзям з асаблівымі патрэбамі становіцца прасцей.
Напрыклад, інвалідам з абмежаванай мабільнасцю не трэба ехаць у гарадскую адміністрацыю ці ў краму, можна скарыстацца электроннымі паслугамі; людзям са слабым зрокам сучасныя тэхналогіі значна палягчаюць жыццё. Але разам з тым з’яўляюцца групы, уразлівыя ў гэтым плане. І ўсё гэта трэба ўлічваць падчас прыняцця кожнага рашэння, каб мінімізаваць магчымы негатыўны ўплыў.
Усё агучанае – гэта заходні варыянт “разумнага горада”, “лічбавая трансфармацыя” свабоднай дэмакратычнай гарадской прасторы і спроба захаваць яе менавіта такой. Але, напрыклад, кітайскі варыянт “разумнага горада” – гэта іншая гісторыя. Там няма тэмы e-дэмакратыі і слаба праяўленыя пытанні e-ўдзелу. На першы план выходзяць бяспека і зручнасць.
На першы погляд, заходні і ўсходні “разумныя гарады” вельмі падобныя. Але ў першым выпадку “лічбавая трансфармацыя” забяспечваецца за кошт свабоды, меньшага ўмяшальніцтва дзяржавы, спробы захаваць прыватную прастору. А іншы шлях – гэта максімальны кантроль, назіранне, рэгламентацыя кожнага кроку гараджан. Калі мы кажам пра будучыню беларускіх “разумных гарадоў”, нам трэба зразумець, якую мадэль мы бярэм за аснову: мадэль татальнага кантролю ці еўрапейскую мадэль удзелу ўсіх у прыняцці рашэнняў і забеспячэння грамадзянскіх свабод.