30.09.2015 / 16:09

Тэма ачысткі вады, якой быў прысвечаны артыкул пра бытавыя фільтры, утрымлівае шэраг пытанняў, якія таксама не лішнім будзе разгледзіць. Тым больш, што тэма гэтая вельмі важная для кожнага з нас.

Цудадзейная вада

Разгледзіць у гэтым артыкуле хацелася б “народныя” метады ачысткі вады. Шмат людзей вельмі любяць усё “альтэрнатыўнае” і “народнае”. Найлепшым доказам гэтага з’яўляецца папулярнасць розных газет з рэцэптамі, як вылечыць усе хваробы хатнімі сродкамі. Любы спецыяліст скептычна пасмяецца з большасці “цудадзейных” рэцэптаў, але гэта ніяк не ўплывае на іх запатрабаванасць.

Тое самае і з ачысткай вады. Навошта набываць фільтр, калі можна ўсё зрабіць задарма самому? Можа і сапраўды нас падманваюць рэкламай розных фільтроў, каб выцягнуць з нас грошы? Разгледзім альтэрнатывы, якія прапануюць нам “народныя” рэцэпты.

Кіпячэнне. Самы просты метад, які дазваляе забіць большасць бактэрый і вірусаў, што утрымліваюцца ў вадзе. Але ён не дапаможа пазбавіцца ад соляў ды металаў, якія ў ёй застаюцца. Таму гэта, канешне, лепш, чым нічога, аднак сур’ёзным сродкам ачысткі кіпячэнне назваць складана. Гэта простае выйсце, калі няма іншага.

Адстайванне. Яшчэ адзін просты метад, але таксама недастаткова эфектыўны. З цягам часу з вады знікае хлор, бо гэта лятучае рэчыва. А таксама часткова асядаюць солі і розны бруд. Але ж далёка не ўсе рэчывы улятучацца альбо асядуць.

Саляны фільтар. У двух літрах вады рашчапляем сталовую лыжку солі (з верхам). Праз 25 хвілін у такой вадзе не будзе бактэрый і частка соляў цяжкіх металаў асядуць разам з саляным асадкам. Але зноў жа – гэты метад не панацэя, да таго ж сама соль для здароўя не карысная, тым больш калі увесь час яна будзе трапляць у арганізм з вадой.

Замарозка. Вельмі папулярны метад. Сэнс у тым, што чыстая вада замярзае пра нулі градусаў, у той час як вада з рознымі дадаткамі мае іншыя тэмпературныя паказнікі замарозкі. На практыцы гэта выглядае так – калі бачыце, што частка вады ўжо замёрзла, а астатняя – не, то злівайце незамёрзлую ваду. А лёд тапіце і пейце. Пры гэтым глядзіце, каб лёд быў празрыстым. Калі бачыце мутныя участкі льду – выкідайце іх, бо гэта вада з нейкімі хімічнымі дадаткамі. Тэарэтычна гэты метад павінен працаваць, але на практыцы ўзнікае шэраг пытанняў. Па-першае, што рабіць з вірусамі, далёка не ўсе з якіх гінуць пры нулі градусаў? Па-другое, як на сто адсоткаў вызначыць празрыстаць льду? То бок, вось у гэтым канкрэтным месцы утрымліваюцца дадаткі, альбо гэта абсалютна чысты лёд? Такі аналіз “на вока” даволі абстрактны працэс. І яшчэ – самі прапагандысты дадзенага метаду кажуць, што быццам радыёактыўныя ізатопы замярзаюць пры +3, то бок раней за ваду. А значыць трэба замарожваць ваду два разы. Першы, каб пазбавіцца ад розных металаў (зліўшы незамёрзшую пры нулі градусаў ваду), а другі, каб пазбавіцца ад радыёнуклідаў (наадварот, выкінуць “першы лёд”). Гучыць гэта даволі фантастычна. Калі нават словы пра тэмпературу замярзання радыёактыўных ізатопаў – праўда, то колькі ж іх павінна быць у вадзе, каб візуальна бачыць кавалкі лёду, якія можна “адсеяць” ад вады?

А словы пра быццам бы лекавыя якасці вады з растопленага лёду, наогул з той жа гісторыі, што і “жывая вада” з “памяццю” і амаль што інтэлектам.

Крэмень і шунгіт. Гэтыя камні выкарыстоўваюцца для ачысткі вады даволі даўно. Канешне для нашых мясцін больш традыцыйны крэмень. Кавалак гэтага камня кладуць у ёмістасць з вадой на 1-2 дні. Памер камня разлічваюць у прапорцыях 3 грамы на 1 літар вады. Крэмень сапраўды мае бактэрыцыдныя якасці, і можа “звязваць” некаторыя хімічныя злучэнні. З цягам часу ён пакрываецца слізкім налётам, які трэба змываць. Але ж і ён не зробіць ваду ідэальнай, не “выцягне” з яе ўсе хімічныя рэчывы.

Актываваны вугаль. Шматлікія прамысловя фільтры утрымліваюць вугальныя картрыджы. Штосьці падобнае, але канешне больш простае, можна зрабіць самастойна – у марлю заварочваецца слой растоўчанага (альбо ў выглядзе пігулак) актываванага вугля. І праз гэты фільтар альбо прапускаецца вада, альбо ён кладзецца ў ёмістасць з вадой. Вугаль сапраўды затрымлівае частку шкодных рэчываў. Толькі трэба памятаць, што нават у прамысловых фільтрах, вугаль з’яўляецца альбо самым танным, альбо дадатным сродкам ачысткі вады. То бок і ён не ідэальны.

Срэбра. З даўніх часоў вядомы метад – срэбраную рэч кладуць на дно ёмістасці з вадой. Праз некаторы час яна сапраўды становіцца чыстай ад бактэрый і вірусаў. Але ж срэбра слаба дапамагае ў ачышчэнні ад хімічных элементаў, бо мала з якімі з іх яно ўступае ў хімічныя сувязі. Да таго ж калі проста трымаць срэбра ў вадзе, то на ачыстку ад біялагічных забруджванняў патрэбны даволі доўгі час, хаця б пару дзён. Паскорыць працэс можна метадам электролізу. То бок патрэбна крыніца электрычнага току невялікай магутнасці, пад уздзеяннем якога іоны срэбра пераходзяць у ваду. Аднак трэба памятаць, што срэбра – цяжкі метал, які назапашваецца арганізмам і разбурае органы і тканкі. Таму пастаянна піць такую ваду таксама не вельмі добрае выйсце.

Сярод самых экзатычных метадаў ачысткі вады – ачыстка гронкамі рабіны, карой вярбы, шалупіннем цыбулі, галінкамі ядлоўца і лісцем чаромхі, воцатам, ёдам і белым віном. Усё гэта калі і мае сэнс, то толькі для знішчэння мікраарганізмаў, ды і тое без гарантый выніку. Аднак напэўна самым абсурдным метадам, у якога таксама ёсць паслядоўнікі, з’яўляецца ачыстка вады… магнітамі. Магнітамі “абмотваюць” посуд з вадой, а некоторыя нават імкнуцца “намагніціць” вадаправодныя трубы. Робіцца гэта ў чаканні таго, што магніты прыцягнуць малекулы металаў, якія утрымліваюцца ў вадзе, і тыя застануцца на сценках посуду. Цікавая тэорыя. Але яна бліжэй да варажбы на шкляным шары, астралагічных прагнозаў і рознай міфалогіі, якая павінна вылечыць нас ад усіх хвароб, “пачысціць карму” і прывесці ў гармонію з сусветам. То бок навуковая аснова тут адсутнічае.

Калі казаць пра “народныя” метады ачысткі вады ў цэлым, то трэба разумець, што некаторыя з іх сапраўды прыдатныя, але не вырашаюць усіх праблем з нашай вадой. І таму кіпячэнне, самаробныя вугальныя фільтры і срэбра – гэта добрыя сродкі для эсктрэмальных умоў, калі іншага выйсця няма. Але для нармальнага побыту ў горадзе лепей і прасцей набыць фільтар. Тым болей не трэба забывацца, што найбольш якасныя фільтры, акрамя некалькіх ступеняў ачысткі з дапамогай вугалю, утрымліваюць галоўны элемент – мембранны фільтар, які і забяспечвае найлепшы кардон на шляху розных хімічных элементаў, якіх у вадзе быць не павінна.

Да таго ж трэба разумець, што вада не павінна быць абсалютна чыстай. То бок дэстыліраванай. Як кажуць: “скажы дураку маліцца, ён лоб разаб’е”. Вось і ў пытанні вады знаходзяцца фанатыкі, якія п’юць дыстыліраваную ваду. Канешне, п’юць з парады “тэарэтыкаў”, якія распісваюць “гаючыя” якасці такой вады. Але яна зусім не ўтрымлівае ніякіях мінералаў і мікраэлементаў, якія нам патрэбныя, і якія трапляюць у арганізм у тым ліку з вадой. Да таго ж калі чалавек доўгі час п’е дыстыліраваную ваду, то потым арганізму становіцца вельмі складана алаптавацца да нармальнай вады.

Як бачыце агляд розных метадаў ачысткі вады без фільтраў, падымае не толькі пытанне якасці вады, а і пытанне адукацыі людзей. Наколькі лёгка навязаць ім казкі пра цудадзейную ваду з лёду, срэбра ці чагосьці яшчэ. І менавіта прага “цуду”, а не грошы, якія трэба выдаткаваць на фільтар, робіць прыцягальным усе гэтыя метады. Можна верыць у цуды, і мабыць эфект плацэба ў нечым сапраўды дапаможа вашаму здароўю, але ці дапаможа яму шкодная вада, якую, дзякуючы казкам, вы будзеце лічыць карыснай?

Автор:
Фотограф:
runa-odin.com, readbookz.com, syl.ru, nashpilkah.com.ua, supersadovnik.ru
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость