Супрацоўніца фельчарска-акушэрскага пункта ўбачыла на сайце doska.by абвестку аб жаданні аддаць у добрыя рукі папугаяў рэдкай пароды жако. Зацікаўленая інфармацыяй яна адразу напісала ліст на электронны адрас прадаўца. Ганна Jezreel, як прадставілася ёй уладальніца рэдкіх птушак, адгукнулася імгненна. На працягу 11 дзён вялося актыўнае віртуальнае ліставанне. За гэты час суразмоўцы абмеркавалі вельмі шмат дэталяў. Прадавачку цікавіла літаральна ўсё: будучыя ўмовы ўтрымання птушак, клімат ды нават тое, наколькі беларуска любіць птушак.
Распавяла яна і чуллівую гісторыю чаму ёй даводзіцца развітвацца з папугаямі. Пры гэтым яна пацвердзіла сваю гатоўнасць аддаць птушак беларусцы бясплатна. Праўда спачатку ёй трэба было заплаціць за транспартаванне жако з Камеруна ў Беларусь.
Аб тым, што ўся гісторыя – звычайная афёра 25-гадовая дзяўчына нават не западозрыла. Суразмоўцы ўжо дамовіліся аб тым, што беларуска перавядзе грошы ў суме 500 даляраў за трох папугаяў, а птушак ёй вышлюць самалётам. Пры гэтым замужняя жанчына вырашыла пракруціць аперацыю ва ўмовах поўнай сакрэтнасці ад мужа і наўпрост узяла грошы з агульнай валютнай “заначкі”. Праз сістэму хуткіх плацяжоў яна перавяла праз банк у Камерун каля 510 даляраў паведаміўшы прадавачцы код плацяжу для зняцця грошай.
Наступным ранкам гісторыя займела працяг. Высветлілася, што патрабуюцца дадатковыя 960 даляраў за арэнду клетак для перавозкі папугаяў. Камерунка абяцала, што пасля атрымання птушак і вяртання клетак арэндадаўцу ўсе сродкі вярнуцца беларусцы ў поўным аб'ёме. Грошы і на гэты раз былі паспяхова пераведзены. Далей - болей. Выявілася, што без страхоўкі за авіяперавозку птушкі назаўжды могуць застацца ў аэрапорце. На гэта трэба ўсяго (!) 3570 даляраў. Дзяўчына і гэтым разам паслухмяна выканала перавод сродкаў. Пасля гэтага аэрапорт, згодна з існымі правіламі, запатрабаваў зрабіць прышчэпкі перавозку жывога грузу за 1650 долараў. Аматарка экзотыкі аплаціла і гэтую працэдуру. Невядомая асоба як і раней з упэўненасцю сцвярджала, што ўсе пералічаныя грошы ў хуткім часе будуць вернутыя. На чацвёрты дзень віртуальных зносін высветлілася, што зноў патрэбныя грошы. Апошнія 1400 даляраў спатрэбіліся для афармлення праязных дакументаў. Толькі пасля гэтага да жанчыны дайшло, што з яе банальна цягнуць грошы. І толькі тады яна звярнулася ў міліцыю.
Усяго за некалькі дзён медсупрацоўніца перавяла ў Камерун 6690 даляраў і заплаціла камісію банку ў памеры 337 умоўных адзінак. Праваахоўнікі правялі праверачныя мерапрыемствы і нават усталявалі, што кампутары, з якіх вялася перапіска з жыхаркай нашай краіны, знаходзяцца ў Камеруне і ЗША. На мінулым тыдні Веткаўскім РАСК па факце махлярства ў буйным памеры была ўзбуджаная крымінальная справа. Пытанне ці можна будзе неяк вярнуць сродкі пакуль застаецца адкрытым. Неабходныя запыты зроблены, а далей можна будзе судзіць толькі пасля атрымання афіцыйных адказаў.
Гісторыямі махлярстваў з Камеруна інтэрнэт перапоўнены. Пяць год таму гэты від ашуканства, які атрымаў у сусветным павуцінні назву «камерунскі развод», захлынуў Амерыку, а затым прайшоўся і па Еўропе. Некалькі год ён перамясціўся і на постсавецкую прастору. У інтэрнэце створаны цэлыя групы ў сацыяльных сетках, якія вылічаюць ашуканцаў з гэтай афрыканскай краіны. Нават пашукаўшы інфармацыю пра падобныя прапановы з Камеруна дзяўчына магла б прачытаць сотні гісторый падобнага падмана і “развода” даверлівых людзей на грошы. Апошнім часам падобныя псеўдапрадаўцы вельмі актыўна асвойваюць размяшчэнне абвестак у газетах і сайтах кшталту “Аддам у добрыя рукі” або “прадам за дробязь”. Прыгожыя фатаграфіі прыцягваюць увагу патэнцыйных пакупнікоў і далей усё залежыць ад майстэрства перапіскі і пераканання. Пры гэтым пакупнікоў часам не палохае ні далёкасць Камеруна, ні ламанай руская мова пры ліставанні.
Саміх схем выцягвання грошай за бясплатных жывёл у махляроў шмат. Самая распаўсюджаная - вас просяць перавесці грошы за адпраўку, а потым паведамляюць нумар рэйса і пасылкі. У самы апошні момант аказваецца, што кантэйнер адпраўлены па памылцы ў іншую краіну. А гэта – дадатковыя выдаткі. Задача ашуканцаў выцягнуць з даверлівых пакупнікоў як мага больш грошай.
Праваахоўныя органы яшчэ раз нагадваюць: будзьце пільныя і не паддавайцеся на прывабныя прапановы ў інтэрнэце. Тым самым вы ахаваеце сябе ад разнастайных непрыемнасцяў.