Сяргей Грыц нарадзіўся ў Навагрудку, працаваў там у раённай газеце, затым — вучоба на факультэце журналістыкі БДУ, работа ў рэспубліканскіх выданнях. Ён фатаграфаваў вайну ў Афганістане і Іраку, падзеі на Майдане, а пасля і ваенны канфлікт ва Украіне, сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў і палатачныя гарадкі бежанцаў, дзяцей Беслана, навадненні і пажары… І ўсё ж большасць яго здымкаў — з роднай Беларусі.
— Прырода захапляла мяне заўсёды. Але з часам захацелася пашырыць прафесійны дыяпазон, атрымаць новы досвед. Штуршком для гэтага сталі працы маіх калег — Сяргея Плыткевіча, Васіля Фядосенкі, Віктара Казлоўскага. Паспрыяла зацікаўленасці дзікай прыродай і тое, што здымкі гэтай тэматыкі запатрабаваны і агенцтвам, дзе я працую. Такую фотапрадукцыю агенцтвы распаўсюджваюць сярод сваіх падпісчыкаў — газет, часопісаў, інтэрнэт-сайтаў, тэлекампаній, і яна карыстаецца попытам. Шмат якія газеты ў свеце робяць штодзённыя падборкі лепшых фота, куды даволі часта трапляюць здымкі звяроў і птушак з усіх куткоў нашай планеты.
Як зрабіць цікавы здымак?
— Цікавае фота можна зрабіць і выпадкова. Але часцей за ўсё гэтаму папярэднічае сур’ёзная падрыхтоўка. Добры здымак з жыцця дзікай прыроды — гэта вынік супольнай працы з людзьмі, якія працуюць у лясной гаспадарцы — леснікамі, егерамі, паляўніцтвазнаўцамі. Без апоры на гэтых спецыялістаў цяжка зрабіць нешта вартае ўвагі. Яны ведаюць куткі лесу, дзе месцяцца гнёзды і норы; падкажуць, якія падыходы лепшыя; параяць методыку таго, як падкрасціся, схавацца, каб зрабіць удалае фота. Без спецыялістаў лясной гаспадаркі працаваць складана, амаль немагчыма. І сам працэс займае неверагодна шмат часу. Напрыклад, здымак лісы ў палёце — ён напалову выпадковы, напалову — вынік падрыхтоўчай працы.
Разам з калегам Віктарам Казлоўскім мы сядзелі ў шалашы, зробленым работнікамі Вілейскага доследнага лясгаса. Рыхтаваліся фатаграфаваць такаванне цецерукоў. Сонца толькі пачало ўзыходзіць. Было чуваць іх «чуфыканне». Раптам у нашым сектары назірання з’явілася ліса — яна весела бегла, хутчэй нават падскоквала. Для фатаграфання я меў толькі некалькі імгненняў. Ліса, пачуўшы стракатанне фотапарата, разгублена прыпынілася. Пачала прынюхвацца і змяніла напрамак свайго руху амаль на 180 градусаў. Удалося зрабіць фота таго, як жывёла бяжыць на нас і ў адваротным напрамку (на здымку).
Таксама ў Вілейскім раёне мы ладзілі загоннае фотапаляванне. Мясцовы жыхар па дамоўленасці выганяў з лесу ў поле, дзе мы знаходзіліся, дзікіх жывёл. На мяне выскачыў заяц (на здымку). Я быў у белым маскхалаце, фотаапарат таксама прыкрыў белай тканінай. Працэс здымак заняў не болей за тры секунды — угледзеўшы мяне, ён ухіліўся ўбок і паімчаў прэч. Ёсць здымкі і казуль, і аленяў, і ласёў. Прыгадаваецца, як сфатаграфаваў ласіху з двума ласянятамі.
Сяргей Грыц кажа, што яму большае задавальненне прыносіць фотапаляванне, калі ты адзін ці з егерам альбо паляўніцтвазнаўцам. Чым менш людзей побач, тым бліжэй дзікая прырода і яе насельнікі.
Кто цікавейшы: птушкі ці звяры?
— Па шчырасці — птушкі. Бо яны даступныя для здымак на працягу ўсяго года. Тыя ж звяры ў ліпені ці жніўні маюць магчымасць схавацца ў высокіх травах, а птушкі заўсёды навідавоку (за выключэннем самых асцярожных). У Беларусі іх вельмі шмат, да таго ж розных відаў. Удалы здымак зроблены на тэрыторыі экалагічнай сядзібы Зміцера Шамовіча. Ён пабудаваў назіральны пункт адмыслова для фотапалявання, у які мы заходзілі ранішняй цемнатой і выходзілі толькі ўвечары, калі сцямнела. Пашанцавала: на прываду, акрамя варон і сініц, прыляцеў беркут, а гэта птушка вельмі асцярожная.
Хаця кажуць, што наша краіна невялічкая, у ёй незлічоная колькасць прыгожых і цікавых мясцін. Мне падабаецца Налібоцкая пушча, Беларускае Паазер’е, хачу больш зведаць лясы Віцебшчыны. У Навагрудскім раёне люблю фатаграфаваць вакол Нёмана, падбірацца да заходняга ўскрайку Налібоцкай пушчы. Спадзяюся там пабыць зімою, шмат працы планую і на вясну. А фатаграфую дзікую прыроду я круглы год.
Паводле фатографа, праца ў інфармацыйным агенцтве прадугледжвае ўніверсальнасць. Ён быў на трох алімпіядах: на першай здымаў настольны тэніс, на другой — фрыстайл, горныя лыжы, на трэцяй — воднае пола. Сёлета Сяргей Грыц працаваў на Алімпіядзе ў Бразіліі. Два гады таму там здымаў на чэмпіянаце свету па футболе. Працуе Сяргей і ў гарачых кропках, дзе трэба ўвесь час памятаць найперш пра сваю бяспеку.