У Сярэднявеччы гарады часта размяшчаліся на пакручастым ландшафце – людзі скарыстоўвалі яго як умацаванне, для абароны ад нападаў ворагаў. Вось і ў Крычаве ёсць маляўнічы яр, па якім цячэ невялікая рачулка Крычаўка, па берагах якой некалі ўзнік сучасны горад.
Крычаўка з’яўляецца правым прытокам галоўнай воднай артэрыі Крычава – рэчкі Сож. Яе даўжыня складае крыху больш за пяць кіламетраў і збольшага рачулка цячэ ў межах гарадской прасторы. Але пачынаецца яна ў полі за горадам і выглядае мелірыяцыйнай канавай.
Назва рачулкі паходзіць ад наймення горада, хоць, што першае было названа – рака ці паселішча, цяпер ужо ніхто не скажа...
Разам з тым, у інвентарах XVII-XVIII стагоддзяў рэчка Крычаўка фігуруе яшчэ пад адной назвай – ручай Крычавец. Відавочна, што ручаём называўся з-за таго, што з’яўляецца дробнай воднай артэрыяй горада, якую можна дакладна залічыць да катэгорыі малых рэк, бо Крычаўка мае сваю плынь.
Каналізацыя выцякае проста ў рэчку
Побач з дамамі ў крычаўскім мікрараёне Камсамольскі, што пачаў будавацца яшчэ ў 1970-х гг., знаходзіцца вялікі маляўнічы яр, які і Крычаўка. Яна мае тры водных прытока, адзін з якіх з’яўляецца… каналізацыяй.
Размешчана каналізацыя ў лагчынцы побач з сярэдняй школай № 8. Вада, якая выцякае з яе, ператвараецца ў моцны ручай, які нясе сваю брудную ваду ў Крычаўку. Прычым гэтай каналізацыі ўжо не адзін дзясятак год.
У гэты ж каналізацыйны ручай, які мае непрыемны пах, выліваецца вада са сцёкавай трубы трох новых дамоў мікрараёна, што будаваліся на працягу 2018–2020 гадоў.
Праблема са сцёкавай трубой узнікла яшчэ ўвесну 2020 года, аднак яна не вырашана да сённяшняга дня, бо ні мясцовыя жыхары, ні супрацоўнікі крычаўскай санэпідэмстанцыі гэтай праблемы, відаць, не заўважаюць.
Адзначым, што на працягу 2019-2020 гадоў крычаўскія чыноўнікі абмяркоўвалі пытанне адаптацыі берага рачулкі ў ландшафтна-рэкрэацыйную зону. Больш за тое, у Крычаўскім райвыканкаме ў гэты ж час адбыліся грамадскія абмеркаванні наконт экалагічнай ацэнкі градабудаўнічага праекта – будаўніцтва новага жылога квартала каля школы № 8, якія да пазітыўных вынікаў не правялі.
Такім чынам, у невялікую рэчку Крычаўку, што ўпадае ў Сож, працягвае сцякаць каналізацыйны ручай, які падпітваецца вадой са сцёкавай трубы новага жылога квартала, аднак гэта экалагічная праблема проста не заўважаецца.
У старой частцы горада рачулка ператворана ў сметніцу
Калі рэчка перацякае праз тунэль у старую частку горада, да праблемы каналізацыйных сцёкаў дадаецца яшчэ адна: неахайныя людзі скідваюць у ваду рознае смецце – гумавыя рэчы, пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, упакоўку ад розных відаў ежы і мноства металічных адходаў – ад накрывак слоікаў да цэлай жалезнай бочкі.
Камунальныя службы Крычава не заўважаюць праблем малой рэчкі, якая прыгожа цячэ па гарадской прасторы і ўрэшце ўпадае ў Сож. Хараство малой рэчкі губляецца за гарамі смецця і людской абыякавасці да наваколля.
Такім чынам, даліна рэчкі што магла б стаць жывапісным месцам у сэрцы горада, цяпер завалена рознымі пабытовымі адходамі. Адным словам, прыгажосць навокал, аднак яна губляецца за гарамі смецця і людской абыякавасцю да наваколля.
Адзначым, што рэчка Крычаўка мае гістарычнае значэнне: на яе левым беразе размешчана старадаўняе гарадзішча пад назвай Гарадзец або Цвінтар, на якім першае ўмацаванае паселішча з’явілася яшчэ ў жалезным веку і адносілася да балцкіх плямёнаў днепра-дзвінскай культуры.
Дарэчы, менавіта на Гарадцы і ўзнік першапачатковы горад, які пазней быў перанесены на больш зручнае і выгаднае месца – Замкавую гару, бо там цякла рэчка Сож, што змяніла сваё рэчышча ў раннесярэднявечны час.
Што могуць зрабіць мясцовыя жыхары, каб дапамагчы Крычаўцы?
Мы звярнуліся да калегаў з Зялёнага тэлефону – экалагічнай службы, якая дапамагае беларусам зразумець, куды звяртацца, каб вырашыць тую ці іншую праблему – з пытаннем, ці могуць жыхары Крычава дапамагчы рэчулцы?
«Забруджванне водных тэрыторый пластыкам і падобнымі рэчывамі асабліва небяспечна, бо ён трапляе ў ваду, потым – у рыбу, а пасля – у страўнікі людзям (прывітанне, мікрапластык і іншая атрута!), ці ў глебу, а адтуль – у падземныя крыніцы, а пасля – зноў жа да людзей», – тлумачаць спецыялісты Зялёнага тэлефону.
Яшчэ больш небяспечныя – каналізацыйныя сцёкі, якія могуць утрымліваць смяротна небяспечныя рэчывы.
Калі мясцовым жыхарам сапраўды баліць стан Крычаўкі, ім варта не губляць час і пачаць біць у званы.
Па-першае, раюць спецыялісты Зялёнага тэлефону, трэба рабіць зварот у Крычаўскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі (ЦЭГ) і скардзіцца на праблему.
«Звароты зараз робяцца праз платформу обращения.бел. Можна ці сваімі словамі апісаць, што так і так, бачым каналізацыю і не хочам, каб гэтага было, ну ці звярнуцца ў Зялёны тэлефон для больш “юрыдычнай” скаргі».
Акрамя таго, можна патрабаваць ад мясцовых уладаў зрабіць наступнае:
- правесці праверку ракі на наяўнасць забруджвання,
- зрабіць аналіз вады,
- скласці акт,
- прадаставіць копію акта з адказамі на пытанні аб стане вады і тэррыторыі навокал.
«Можа такое быць, што з цёплым надвор’ем вада квітнее якраз з-за каналізацыі, бо трапляе ўсялякая арганіка. Гэта яшчэ адна нагода звяртацца ў раённы ЦГЭ», – падказвае Зялёны тэлефон.
Калі заўважылі, што ў рачулцы гіне рыба, акрамя раённага ЦГЭ, можна пісаць у раённы ці абласны камітэт Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (таксама праз обращения.бел).
Пры забруджванні ракі смеццем можна скарыстацца ўжо распрацаваным Зялёным тэлефонам алгарытмам дзеянняў.