З моманту, калі стала вядома пра знішчэнне гэтай часткі горада, за адмену такога рашэння і прапанову ўключэння забудовы 1940-1950 гадоў у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны было сабрана ўсяго 30 подпісаў.
У канцы мінулага месяца на пасяджэнні гарвыканкаму было ўзнята гэтае пытанне. Чыноўнікі паставілі пад сумненне гістарычную каштоўнасць жылых будынкаў ля трактарнага завода. Сваё бачанне яны абгрунтавалі тым, што забудова раёна з'яўляецца тыпавой для пасляваеннага часу і ўзводзілася па ўсяму Савецкаму Саюзу.
Аднак, з такім падыходам цалкам не згодны мінскі ўрбаніст Дзмітры Бібікаў:
«У Мінску ёсць прыклады такой забудовы, але іх не так шмат. Асобных будынкаў хапае, а вось рабочых пасёлкаў комплекснай забудовы ўсяго два — ля трактарнага і аўтамабільнага заводаў. Што тычыцца наяўнасці такіх раёнаў па ўсяму СССР, дык мы, дарэчы, больш не знаходзімся ў яго складзе. І стан большай часткі такой забудовы, на жаль, вельмі дрэнны».
Унікальнасць і культурнае значэнне пасёлка МТЗ заключаецца ў яго ансамблі, які ілюструе вобраз жыцця мінчан 50-х гадоў ХХ ст. і погляды на годны ўзровень існавання ў горадзе таго часу. У гэтым жа і турыстычная каштоўнасць раёна, ад якой, пры правільнай пастаноўцы пытання, сталіцы можа толькі выйграць.
«Пасёлкі такога тыпу будаваліся ва ўсім свеце ў перыяд індустрыяльнай рэвалюцыі і наяўнасць раёна такога кшталту ў Мінску, з аднаго боку, паказвае яго месца ў сусветным кантэксце, а з другога — з'яўляецца цікавым прыкладам для параўнання.
Пасёлак МТЗ мае разнастайную архітэктурную якасць, відавочна, што яго цэнтральная алея — найбольш каштоўная, перыферыя выглядае даволі непрыкметна, а панэльныя дамы па дварах увогуле пазбаўлены эстэтыкі», — зазначае Дзмітры Бібікаў.
На сённяшні дзень спецыялісты адзначаюць, што раён знаходзіцца ў вельмі дрэнным стане, паспрыяла гэтаму «цеплавая рэабілітацыя», якая знізіла выразнасць будынкаў, таму што праводзілі яе вельмі няўмела. У такім жа неспрыяльным стане і іншыя аб'екты добраўпарадкавання. Агулам гэта выклікае адчуванне занядбанасці раёна. Але варта разумець, што гэтыя факты звязаныя не з якаснымі ўласцівасцямі пасёлка, а з тым, наколькі яго падтрымліваюць у парадку.
Каштоўнасць забудовы гэтага раёна варта разглядаць з пункту гледжання яго месца і ролі ў развіцці ўсяго горада. Раён з'яўляецца прыкладам зараджэння гарадскіх трушчоб, у гэтым яго ўнікальнасць, якую трэба захоўваць і развіваць. Калі ж будзе працягвацца працэс пагаршэння асяроддзя і якасці будынкаў, то раён пакінуць усё, хто мае такую магчымасць. Спецыялісты падкрэсліваюць, што знос старых будынкаў і ўзвядзенне на іх месцы новых не вырашаць праблемы, а прымяненне такога падыходу нельга лічыць прымальным для развіцця горада.
На думку Зміцера, пасёлак і праблемы рознага бачання яго будучыні сведчаць, што распрацоўка доўгатэрміновых стратэгій для сталіцы ў цэлым, а таксама асобных яе частак, больш складаных і эксклюзіўных, чым генплан ці план дэтальнай планіроўкі, у Мінску пакуль толькі ў зачаткавым стане.
«З іншага боку, адрозненне перспектыў можа паслужыць нагодай для арганізацыі публічных дыскусій пра будучыню раёна. Гэта прывядзе да кампраміснага бачання будучыні і выпрацоўкі больш сбалансаванага і эфектыўнага рашэння», — падкрэслівае Дзмітры.