31.03.2016 / 13:03

Людзей загнаць пад зямлю, у пешаходныя пераходы, дрэвы — вырубіць, затое для аўтаў — прастор. І нічога, што ў гістарычным цэнтры. Пакуль гарады ўсяго свету становяцца ўсё больш камфортнымі для пешаходаў і адпачынку, улады некаторых гарадоў Беларусі выбралі рух у адваротным кірунку.

Замест дрэваў і шырокіх ходнікаў — пашырэнне дарогі да чатырох палосаў. Гэткі рай для аўтамабілістаў за кошт пешаходаў вырашылі стварыць гомельскія ўлады на вуліцы Пралетарскай. Як і ў большасці беларускіх гарадоў, за савецкім тапонімам хаваецца гістарычнае ядро гораду, адзначаецца ў відэарэпартажы тэлеканала Белсат.

Жыхары Гомеля:

«Машыны трэбы прыбраць. Таму што вельмі загружана, вельмі загружана». «Я пераймаюся нават, калі маленькія дрэўца высякаюць, таму непасрэдна на гэтай вуліцы ўсё павінна застацца ў некранутым выглядзе».

Змяншэнне шырыні тратуараў і высяканне дрэваў пагражае не толькі экалагічнай сітуацыі, але і захаванасці ўнікальных архітэктурных помнікаў – сядзібаў стараабрадцаў.

Яўгенія Парашчанка, гамяльчанка:

«Горад ператвараецца ў хуткасную магістраль, горад быццам гэта аўтастрада. Быццам гэта не месца людзей, якія мусяць гуляць пад дрэвамі, дыхаць звычайным паветрам».

Яўгенія ўваходзіць у склад групы неабыякавых гамельчукоў, якія спрабуюць выратаваць гістарычны цэнтр. Актывісты пачалі гуртавацца, каб патрабаваць ад уладаў празрыстага грамадскага абмеркавання.

Аляксандр Гехт, сябра Беларускай хрысціянскай дэмакратыі:

«Мы кансультаваліся з адмыслоўцамі ў горадабудаўніцтве і было адназначна выказана меркаванне, што з цэнтру гораду транспартавыя плыні трэба наадварот выводзіць, а гарадскія ўлады займаюцца тым, што наадварот гэтыя плыні ў цэнтр гароду заманьваюць».

Рэканструкцыя чакае і плошчу Леніна, колішнюю Базарную: тут пабудуюць два падземныя пераходы. Аднак, паводле архітэктара Сяргея Ляпіна, такое радыкальнае ўмяшанне ў гістарычны ландшафт плошчы — недапушчальнае.

Сяргей Ляпін, архітэктар:

«Яна мае вельмі даўгую гісторыю, на ёй было шматабʼектаў, і ў першую чаргу пры будаўніцтве падземных пераходаў на ёй пад пагрозаю знішчэння трапляюць фундаменты, якія знаходзяцца пад асфальтам плошчы. І пры будаўніцтве гэтых пераходаў аднаўленне напрыклад знакамітага гомельскага касцёла, які пабудаваў у пачатку 19-га стагоддзя пабудаваў Джон Кларк, становіцца нерэальным».

Праект адбудовы на плошчы касцёлу Унебаўзяцця Панны Марыі, які перад вайною знішчылі бальшавікі, краязнаўцы прэзентавалі нядаўна: з 3D-мадэлямі і прапановамі, як размясціць будынак на плошчы. Але, відаць, такія праекты для ўладаў малапрыбытковыя. Прасцей ператварыць горад у транспартавую развязку, транзітную магістраль і адну вялікую паркоўку.

Незадаволеныя планамі ўладаў гомельцы ўжо распачалі збор подпісаў за правядзенне грамадскіх слуханняў па пытанні рэканструкцыі ўзгаданых вуліц. Падпісацца пад зваротам можа кожны ахвотны.

Чытайце таксама:

Пакуль толькі ў 3D: у Гомелі аднавілі разбураны касцёл і пажарнае дэпо

От революции до «оттепели»: история озеленения Гомеля

Прокуратура Гомельской области: «Уровень озеленения в Гомеле не достигает минимальных 40% территории»

Автор:
Фотограф:
homel.greenbelarus.info
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость