31.03.2018 / 12:03

Перад Вялікднем у крамах прадаюцца штучныя фарбавальнікі і налепкі для яек, а на Вербніцу ў царкве часам свецяць штучныя кветкі. Але сучаснасці ёсць традыцыйныя і, галоўнае, экалагічныя альтэрнатывы.

Як рыхтаваліся да свята нашы продкі?

Вялікдзень – хрысціянскае свята з дахрысціянскімі элементамі. Урачыстасці ў гонар уваскрасення Ісуса Хрыста наклаліся на святкаванне старажытнага вясновага новага года, якое, як мяркуюць даследчыкі, святкавалі на маладзіку пасля вясновага раўнадзенства.

Для сучасных вернікаў Вялікдзень – адно з самых галоўных свят. Яно рухомае, разлічваецца па царкоўных пасхаліях, а ўжо ад Вялікадня лічаць даты іншых урачыстасцей: Масленкі, Радуніцы, Ушэсця, Троіцы, Божага цела, Дзесятухі.

 

Упрыгожванне і асвячэнне вербачак

Актыўная падрыхтоўка да Вялікадня пачынаецца з Вербніцы (нядзеля за тыдзень да свята). Царкоўны сэнс свята – узгадка ўваходу Ісуса Хрыста ў Іерусалім, жыхары якога віталі Збаўцу галінамі пальмы.

У нашых шыротах пальмы не растуць, таму сімвалам свята сталі галінкі вярбы, якія ў гэты дзень асвячаюць, а на працягу года выкарыстоўваюць у разнастайных магічных практыках. Пажадана, каб на вярбе, якую асвячаюць, былі ўжо пушыстыя “коцікі”.

Ранняя Вербніца прыпадае на сакавік, калі пупышкі на вярбе яшчэ не раскрыліся. Тады галінкі зрэзалі загадзя і ставілі ў ваду. Па звестках канца ХІХ стагоддзя, у вёсках вярбу асвячалі ў “натуральным” выглядзе, хіба павязвалі чырвонай ніткай.

У мястэчках ды гарадах вербачкі маглі ўпрыгожваць папяровымі кветкамі і сухімі кветамі, а часам і вырабляць з гэтых матэрыялаў (такім чынам, уласна вярба знікала).

 Канут Русецкі. «Літоўка з вербамі» (1847). Паводле некаторых меркаванняў – беларуска ў нацыянальным строі з “пальмамі віленскімі” на фоне віленскага касцёла св. Міхала
Канут Русецкі. «Літоўка з вербамі» (1847). Паводле некаторых меркаванняў – беларуска ў нацыянальным строі з “пальмамі віленскімі” на фоне віленскага касцёла св. Міхала

Польскія этнографы міжваеннага перыяду пісалі пра “вербы (ці пальмы) віленскія”, якія мы сёння больш ведаем як літоўскія “казюкі”. Але гэта традыцыя, што нарадзілася ў беларускіх этнічных межах.

 “Пальмы” з Сапоцкіна, Гродзенскі р-н (2014). Фота з Інвентара Нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі
 “Пальмы” з Сапоцкіна, Гродзенскі р-н (2014). Фота з Інвентара Нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі

Да сённяшняга дня вырабляюць вербы такога тыпу жыхары аграгарадка Сапоцкін у Гродзенскім раёне. Традыцыі нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.

У сучасным Мінску ў якасці ўпрыгожвання вербачак заўважаныя сухакветы, стужкі, штучныя кветкі, фігуркі матылёў і птушак. Часам асвячаюць цэлыя букеты, здараецца, што пераважна са штучных кветак.

Вербная нядзеля ў Мінску. (2017). Фота Алены Ляшкевіч
Вербная нядзеля ў Мінску. (2017). Фота Алены Ляшкевіч

Ахвочым прытрымлівацца экалагічнага ладу жыцця можна спыніцца на натуральных матэрыялах, якія не абмяжоўваюць фантазію творцы. А прыхільнікі мінімалізму могуць асвяціць толькі галінкі вярбы: проста і з густам.

Каталіцкая Вербніца сёлета супала з Днём Волі і са Звеставаннем. Цікава было назіраць у некаторых наведвальнікаў Свята Незалежнасці ля Опернага тэатра спалучэнне вербачак з нацыянальнай сімволікай.

Каталіцкае Звеставанне і Дзень Волі. 25 сакавіка 2018 г. Фота Алены Ляшкевіч
Каталіцкае Звеставанне і Дзень Волі. 25 сакавіка 2018 г. Фота Алены Ляшкевіч

Асвечанная вярба цэлы год захоўвалася за абразамі і выкарыстоўвалася на розныя гаспадарча-магічныя патрэбы. Ідучы з царквы, ёй білі людзей, каго сустрэнуць, і жывёл у хляве з пажаданнем здароўя.

Пасля Другой сусветнай вайны такім чынам сталі забяспечваць здароўе нават коцікам і сабачкам: “Як прыходзілі с цэркві, па дароге каго ўстрэцілі, то гаварылі:

Вярба б’е, не я б’ю,

За тыдзень – Вялікдзень,

Будзь здарова, як вада,

А багата, як зямля.

Усіх падрад білі, каго паб’еш – той будзе і здаровы. У сям’і ўсіх цопалі, дажа і коціка можна пацопаць, і сабачку папрывецтваваць, і кароўку” (запіс з в. Новы Пуць Брагінскага р-на).

Вярба за абразамі, Данілевічы, Лельчыцкі р-н (2016). Фота Алены Ляшкевіч
Вярба за абразамі, Данілевічы, Лельчыцкі р-н (2016). Фота Алены Ляшкевіч

На працягу года вярбой маглі абкурваць хворых, запарваць яе, вярба за абразамі і пад страхой лічылася абярэгам ад грому.

Па дарозе з царквы асвечанную вярбу маглі раздаваць, але тую, што ўжо ўнеслі ў хату, больш не пазычалі. Вербачкі выкарыстоўваліся для першага выгану кароў у поле.

Практыкі паступова знікаюць, але асвечанныя вербачкі да сённяшняга дня захоўваюць на працягу года і ў сельскай хаце, і ў гарадской кватэры.

Вярба на могілках, Крышычы, Калінкавіцкі р-н. Вялікдзень 2016 г. Фота Алены Ляшкевіч
Вярба на могілках, Крышычы, Калінкавіцкі р-н. Вялікдзень 2016 г. Фота Алены Ляшкевіч

Сустракаецца звычай ставіць вербачкі на могілках. Гэта могуць быць як проста “коцікі” (Калінкавіцкі раён), так і адмыслова ўпрыгожаныя галінкі вярбы (Докшыцкі раён).

Перад чарговай Вербніцай старыя вербачкі, не выкарыстанныя на працягу года, спальваюць.

 

Гатаванне ежы

На перадвелікодным тыдні амаль кожны дзень меў асаблівую значнасць. У Белы Панядзелак пачыналі “генеральную прыборку”, што павінна была скончыцца да Чыстага Чацвера. У Вялікую (называлі таксама “Чыстая”) Пятніцу і Вялікую (называлі таксама “Красная”) Суботу гатавалі святочныя стравы. У першую чаргу гэта фарбаваныя яйкі і выпечка.

Вялікадню папярэднічае сямітыднёвы пост, на працягу якога царква забараняе ўжываць прадукты жывёльнага паходжання. Затое на Вялікдзень стол павінны проста ламіцца ад разнастаных страў.

Часам старэйшыя жанчыны распавядаюць, што на Вялікдзень не гатавалі рыбу і птушку. Адмыслова да свята калолі кабанчыка, а ў Велікодную ноч свяцілі кілбасы ў царкве.

У набор для асвячэння ўваходзілі таксама хлебныя вырабы. У розных мясцовасцях гэта магла быць булка, мазурка, куліч, бабка ці пірог.

Традыцыйна велікодныя булкі рабілі з дражджавога цеста, маглі ўпрыгожыць касой ці крыжом з таго ж цеста. І, канечне, асвячалі яйкі, што да сённяшняга дня застаюцца, бадай, галоўным сімвалам свята.

Велікодны стол, Данілевічы, Лельчыцкі р-н (2016). Фота Алены Ляшкевіч
Велікодны стол, Данілевічы, Лельчыцкі р-н (2016). Фота Алены Ляшкевіч

Сёння ў крамах можна набыць разнастайныя штучныя фарбавальнікі і налепкі для яек. Але экалагічна свядомы чалавек можа звярнуцца да традыцыйных практык.

Найбольш вядомы спосаб натуральнай афарбоўкі – цыбульнікам. Для гэтага шалупінне, што застаецца пасля чысткі цыбулі, трэба збіраць загадзя. Пасля запарвання яно дае насычаны чырвоны колер.

У такой цыбульнай вадзе можна зварыць сырыя яйкі ці пакласці ў гарачы раствор, ужо зняты з вагню, гатаваныя.

Другі шлях прыдатны і ў выпадку роспісу яек воскам: на белае яйка наносяць узор, а потым яго на пэўны час кладуць у негарачы (каб воск не паплавіўся адразу) цыбульны ўзвар.

Узор можна накапаць кроплямі воску са свячы, нанесці падручным прадметам ці вырабіць “шпільку” (маленькі цвік убіць у палачку). Пафарбаванае васкаванае яйка трэба падсушыць, падагрэць над полымем свячы і сцерці воск сухой анучкай.

У сучаснай царкоўнай практыцы чырвоныя яйкі разглядаюць як сімвал крыві Хрыстовай.

А яшчэ ў XVII стагоддзі з яйкамі маглі не пусціць на службу, а гульня ў біткі расцэньвалася як справа, “праціўная веры”.

Традыцыя фарбавання яек, хутчэй за ўсё, мае дахрысціянскае паходжанне, крашанку можна разглядаць як сімвал абуджэння прыроды ўвесну, жыццядайнага пачатку.

Фарбаваныя яйкі ў беларускіх вёсках звалі “крашанкі”, з узорамі – “пісанкі” ці “маляванкі”. Былі яшчэ “шкробанкі”, калі на фарбаваным яйку ўзор прашкрэбваўся вострым прадметам.

Можна паэксперыментаваць з раслінамі: прымацаваць іх да яйка перад афарбоўкай. Вось як пра гэта распавяла Кацярына Гізоўская з в. Хрольчыцы Дзятлаўскага р-на: “Вот я гэтак вазьму белае яйко. А тады з канюшыны лісточкі, з бэзу, з травы якой там лісточак прыляплю і ў капронавы чулок завяжу цесьненько і кідаю варыць. Паварыла і раскручваю гэтыя яйкі, лісточкі адбіраю і яны такія разукрашаныя палучаюцца”.

Велікодныя маляванкі, Сапоцкін, Гродзенскі р-н. Фота з Інвентара нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі
Велікодныя маляванкі, Сапоцкін, Гродзенскі р-н. Фота з Інвентара нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі

У нас не зафіксавана рознакаляровых пісанак кшталту ўкраінскіх, звычайна ўзор утвараецца спалучэннем натуральнага колеру яйка і аднаго фарбавальніка. Традыцыі роспісу яек воскам у аграгарадку Сапоцкін Гродзенскага раёна нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.

Калі ў хаце нехта памёр на працягу апошняга года, яйкі не фарбуюць у чырвоны колер. Яны ці застаюцца белымі, ці, у розных лакальных традыцыях, іх маглі фарбаваць у жоўты, зялёны, ці чорна-карычневы колер.

У чорны фарбавалі настоем альховай кары і ржавага жалеза, у зялёны – зялёнага жыта, у жоўты – яблыневай кары, “коцікаў” таполі і сянной пацярухі.

Цёмны колер даваў таксама узвар шалупіння грэчкі. Чорныя крашанкі і пісанкі сустракаюцца пераважна ў Заходняй Беларусі.

Нефарбаваныя яйкі ў хаце, дзе нядаўна памёр сямейнік. Вялікдзень 2016 г. Данілевічы, Лельчыцкі р-н. Фота Алены Ляшкевіч
Нефарбаваныя яйкі ў хаце, дзе нядаўна памёр сямейнік. Вялікдзень 2016 г. Данілевічы, Лельчыцкі р-н. Фота Алены Ляшкевіч

На Вялікдзень яйкі выступаюць як універсальны падарунак – хросных бацькоў хрэснікам, “бабкі”, што прымала роды, “унукам” (парадзісе і дзецям), гаспадароў валачобнікам (гурту, што абыходзіў вясковыя двары з песнямі), і проста сустрэчных адно аднаму.

Дзе-нідзе лічылася, што дзяўчына можа выказаць хлопцу сімпатыю, падараваўшы пісанку. Фарбаваныя яйкі даравалі не толькі жывым, але і мёртвым (адносілі на могілкі).

Нечырвоныя яйкі прызначаліся для памерлых на працягу апошняга года ці “нячыстых” нябожчыкаў (хто памёр не сваёй смерцю). Разам з яйкамі часта даравалі кавалак велікоднай выпечкі.

Сёння рознакаляровыя яйкі не асацыююцца з жалобай, можна паэксперыментаваць з натуральнымі фарбавальнікамі. Іх дадатковы плюс у параўнанні са штучнымі – у тым, што яны не фарбуюць рук.

Экалагічна падрыхтавацца да Вялікадня ва ўмовах сучаснай гарадской кватэры цалкам рэальна. Паспрабуйце!

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость