31.08.2015 / 12:08

Амаль кожны год, з вясны і да восені, наш горад сутыкаецца з непрыемнай і небяспечнай з’явай – ляснымі і тарфянымі пажарамі. Але ў гэтым годзе сітуацыя аказалася найбольш складанай. Некаторыя раёны Гомеля “дыхаюць” дымам ужо напрацягу некалькіх месяцаў. Гараць тарфянікі ў Буда-Кашалёўскім раёне, і як толькі вецер нясе дым у бок гораду, дыхаць становіцца немагчыма. Часам на гэта скардзяцца нават жыхары цэнтральнага раёна Гомеля. Наколькі небяспечныя такія пажары і іх адкіды для навакольнага асяроддзя і чалавека?

Лясныя пажары

Пра знішчэнне флоры і фаўны ў выніку пажараў асабліва казаць не трэба. Усе і так разумеюць, што калі гарыць лес, застаецца папялішча, на якім яшчэ доўга нічога расці не будзе. А калі і пачне, то расліннасць будзе даволі беднай, бо акрамя фізічнага знішчэня экасістэмы, лясны пажар мяняе мінеральны склад і кіслотнасць глебы. Частка мінеральных элементаў “выгарае”, то бок сыходзіць у паветра разам з дымам. Таксама змяняецца хімічны склад паветра і вады, іх тэмпература. Нават перыядычнасць і колькасць ападкаў, і колькасць сонечнага святла, якое трапляе на паверхню Зямлі, таксама змяняецца пад уздзеяннем моцных і працяглых лясных пажараў.

Значнасць гэтых зменаў залежыць ад некалькіх фактараў:

- хуткасці выгарання,

- плошчы пажару,

- яго працягласці,

- плотнасці цеплапатоку,

- тэмпературы,

- хуткасці газаабмену і дымавыдзялення,

- ад наяўнасці шэрагу хімічных рэчываў на тэрыторыі пажару.

Нават калі казаць пра даволі чыстыя ў плане экалогіі рэгіёны, то вышэй пералічаныя наступствы пажараў прыводзяць да зніжэння колькасці кіслароду ў паветры. У кароткатэрміновай перспектыве гэтыя змены і іх наступствы нязначныя. Але ж у доўгатэрміновай перспектыве гэтыя наступствы могуць быць даволі небяспечнымі. Прычына ў тым, што не толькі само выгаранне лесу, але і вышэйапісаныя змены складу глебы, вады і атмасферы, могуць прыводзіць да праблем з ростам і развіццём раслінаў на тэрытэрыях, прылеглых да пажараў. У выніку, прыродны фільтр гораду, якім з’яўляецца флора, не ў стане вытрымаць тэхнагеннае ўздзеянне людзей. Загазаванасць паветра ўзрастае, а з ім павялічваецца і колькасць розных хваробаў органаў дыхання.

Тэхнагенны складнік

Куды больш небяспечнымі з’яўляюцца пажары на забруджаных тэрыторыях. Паколькі прыгарадныя лясы гадамі накопліваюць выкіды прадпрыемстваў і транспарту, то ў часе пажару ўсё гэтае “багацце” вяртаецца да нас. І тут ужо гаворка ідзе пра выкіды дзесяткаў небяспечных рэчываў – аксіды вуглярода, серы, азоту, хлорысты вадарод, вуглевадароды розных класаў, спірты, альдэгіды, бензол, паліараматычныя злучэнні, у тым ліку вельмі небяспечныя беназпірэн, солі і аксіды тяжкіх металаў. Дадайце сюды яшчэ і стронцый, якім багатыя нашыя лясы.

Дзіаксіны, паліараматычныя вуглевадароды, як і радыянукліды вызываюць анкалагічныя захворванні. А, напрыклад, аксіды серы знішчаюць усе віды раслінаў.

Усе гэтыя яды ў выніку пажараў трапляюць у наш арганізм некалькімі шляхамі – праз паветра, ваду і ежу. Той дым, якім мы дыхаем кожны летні дзень праз адчыненыя вокны, напрамкі прыносіць у наш арганізм небяспечныя рэчывы. І пазбегнуць гэтага ўздзеяння амаль немагчыма. Дактары раяць праветрываць памяшканні толькі у сярэдзіне дня і калі вецер з пажараў не патрапляе ў горад. Чаму менавіта ў сярэдзіне дня? Бо раніцай і вечарам, калі вільготнасць паветра павышаецца, павышаецца і канцэнтрацыя двуокісі вугляроду. Але, хто захоча летам у спёку сядзець у памяшканні з зачыненым вакном?

З вадой, канешне, прасцей – добра фільтраваная вада не будзе ўтрымліваць большай часткі вышэйапісаных рэчываў. Але яны назапашваюцца ў рыбе. Таму прыхільнікам рыбалкі трэба асабліва ўважліва выбіраць мясціны для яе. Калі раней галоўнай небяспекай была радыяцыя, то зараз да яе дадаюцца яшчэ і наступствы пажараў.

І канешне, мы ніяк не можам пазбегнуць наступстваў ападкаў, з якімі ўвесь “хімічны набор” пажараў трапляе на палі, а значыць у гародніну і збожжа.

Тарфяныя скарбы

Тарфяныя пажары маюць сваю спецыфіку. Па-першае, пры згаранні торфу, выдзяляецца двуокісь вугляроду – небспечнае, як для наваколля, так і для чалавека рэчыва. Для наваколля – зменамі клімату (пацяпленнем), а для людзей – абвастрэннем ўсіх хранічных захворванняў дыхальный сістэмы.

Нямецкі навуковец Фларыян Зігерт даследваў уздзеянне тарфяных пажараў 1997-1998 гадоў у Інданэзіі. Гэта былі адны з самых вялікіх і моцных тарфяных пажараў апошніх дзесяцігоддзяў. У выніках даследванняў, Фларыян Зігерт адзначыў, што дыхаўшы месяцамі ядавітым дымам, старыя людзі і дзеці хварэлі, а шматлікія з іх паміралі. Навуковец адзначаў, што ўздзеянне гэтага дыму больш шкоднае, чым 60 цыгарэтаў, выпаленных цягам аднаго дня! І што наступствы яго ўздзеяння на здароўе ў поўнай меры праяўляюцца не адразу, а паступова, у будучыні.

Праўда, гэтае даследванне датычылася вельмі моцнай ступені задымленасці. На шчасце, у выпадку нашых пажараў усё не настолькі крытычна. Медыкі кажуць, што сур’ёзная небяспека ўзнікае, калі дапушчальны ўзровень канцэнтрацыі дыму перавышаны ў 6-8 разоў. Тады абвастрэнні захворванняў непазбежны. У выпадку ж нязначных падвышэнняў – уздзеянне будзе менш цяжкім, а для здаровых людзей і наогул незаўважным.

Аднак усё гэта датычыцца менавіта двуокісі вугляроду, акрамя якой у тарфяным дыме могуць утрымлівацца іншыя рэчывы, у тым ліку канцэрагенныя рэчывы – дзіаксіны. Іх наяўнасць і ўзровень утрымання залежыць ад хімічнага складу торфу, і павышаецца, калі ў арэал пажару трапляюць сметнікі. Бо менавіта пажары на сметніках звязаны з небяспекай сур’ёзнага хімічнага забруджвання наваколля.

Сярод мераў барацьбы з дымам ад пажараў, медыкі раяць выкарыстоўваць маску для абароны дахальных шляхоў, завешваць вокны марляй і праводзіць вільготную уборку памяшканняў. Метады мабыць і карысныя, але далёка не заўсёды рэальныя. Ці будзеце вы сядзець у масцы на працы? І ці зацягнеце марляй вакно офісу?

Пытанні без адказаў

Што б не казалі пра “дапушчальны” узровень задымленнасці, наўрад ці хтосьці стане спрачацца, што дыхаць тарфяным дымам – з’ява ненармальная. І нават у невялікай канцэнтрацыі, але на працягу доўгага часу, для здароўя небяспечная. І той факт, што тушыць такія пажары вельмі складана, толькі абвастрае пытанне – колькі мы ім будзем дыхаць? Справа ў тым, што натуральным чынам тарфянікі могуць патушыць толькі працяглыя шматдзённыя залевы. А ці будуць яны? І калі? Напрыклад нават вясной, пасля маласнежнай зімы, адзначаліся ўзгаранні, і на ўскрайках Гомелю тарфяны дым адчуваўся. Не дапамагалі ні нязначныя ападкі, ні халодная надвор’е, бо калі полымя пайшло пад зямлю, тарфянік можа выгараць месяцамі пры невялікім доступе кіслароду.

Дарэчы, асноўныя прычыны пажараў – падпалы. І шмат якія з іх – наўмысныя, “каб лепей расла трава” і т.п. Ганебная неадукаванасць і жаданне штосьці знішчыць дзеля ўласнай забавы прыводзіць да вельмі сумных наступстваў. Праўда не для тых, хто падпальвае. Яны пачуваюць сябе ўпэўнена і працягваюць “забаўляцца” кожны год. А значыць, калі зімой мы і адчуем палёгку, то вясна прынясе нам новы “падарунак” ад “дабрадзеяў з запалкамі”. Калі б адпаведныя службы займаліся барацьбой з падпальшчыкамі, то колькасць пажараў была б значна меншай, а мы б менш дыхалі хімічнымі ядамі.

Автор:
Фотограф:
wik-end.com, svoboda.org, forestforum.ru, sites.google.com
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость