31.08.2018 / 15:08

Аляксандр Зяцікаў з дзяцінства цікавіўся птушкамі. Гадаваўся ён у горадзе Калінкавічы і ўжо тады, гледзячы фільмы і чытаючы кнігі аб заалагічных падарожжах, марыў займацца вывучэннем арнітафаўны ў запаведніку...

Бліжэйшым ад роднага горада быў Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны. І, паступаючы на біяфак Гомельскага дзяржуніверсітэта, бычыў сябе ў ліку навуковых супрацоўнікаў унікальнай установы на Прыпяці. Мара хлопца здзейснілася. Але тады, калі запаведнік ужо стаў нацыянальным паркам з цяжказразумелымі любому неабыякаваму да прыроды чалавеку функцыямі.

– Я скончыў універсітэт у 1997 годзе. Але да таго часу, як трапіў у «Прыпяцкі» прайшло чатыры гады. Уладкавацца туды было не дужа проста. Давялося нейкі час папрацаваць у інспекцыях па экалогіі. А ў 2001-м мая юнацкая мара здзейснілася – я стаў навуковым супрацоўнікам тады ўжо Нацыянальнага парка «Прыпяцкі». Праўда, пасады па маёй спецыялізацыі – арніталогіі, тады не было. Але мяне задаволіла любая навуковая праца ва ўстанове, якую я з-за сваёй некаторай наіўнасці ўсё яшчэ лічыў запаведнікам.

Пачаў я энтамолагам. Правёў поўную інвентарызацыю энтамафаўны нацпарка, склаў сістэматычны спіс усіх бесхрабтовых. Потым вызвалілася пасада герпетолага. Пачаў вывучаць паўзуноў і земнаводных, сістэматызуючы іх відавую разнастайнасць паводле месцаабітанняў у розных біяцэнозах. Тады ўжо генеральным дырэктарам нацыянальнага парка стаў Сцяпан Бамбіза, а ягонага старэйшага брата – Мікалая Бамбізу, які да таго быў генеральным, перавялі кіраваць Белавежскай пушчай.

Па-шчырасці, навука ўжо тады заўважна абцяжарвала гаспадарчыя амбіцыі кіраўніцтва нацынальнага парка. Дапрасіцца машыны, каб дабрацца да лясных кварталаў для правядзення даследаванняў, амаль было немагчыма.

Неяк я пачаў вадзіць у запаведную зону групы замежнікаў – навукоўцаў, якія ўдзельнічалі ў адпаведных навуковых праграмах, турыстаў. Некалькі разоў бывала такое, што мы ідзем у знакамітых на ўсю Еўропу, унікальніых поймавых дубровах, а там брыгады дубы пілуюць. Замежнікі ў шоку.

Пытаюць: як гэта так? Я некалькі разоў падыходзіў і спыняў працы брыгадаў.

Потым мяне выклікаў генеральны і адчытваў: “Ты ўяўляеш, што ты нарабіў?! Ты ж сарваў рубкі! Сарваў пастаўкі драўніны на перапрацоўку!” А я не ўяўляў. Я не разумеў, чаму высечкі ў запаведнай зоне і пастаўкі адтуль драўніны на перапрацоўку больш важныя за ахову гэтых унікальных аб’ектаў, куды едуць сусветныя навукоўцы.

Калі мне гэта пачало трапляцца ўсё часцей, я напісаў службовую цыдулку, дзе навукова і юрыдычна пастараўся абгрунтаваць прапанову забароны высачак хаця б у запаведнай зоне ў гнездавы перыяд – з красавіка па чэрвень, бо папросту немагчыма было глядзець, як на месцы раздзелкі паваленых дубоў валяліся гнёзды, яйкі, а часам і забітыя птушаняты. А я ж тады, нарэшце ўжо перавёўся на пасаду арнітолага. Праўда, папрацаваць на гэтай пасадзе мне давялося нядоўга.

Аднаго разу я ехаў на палявое даследаванне ў лясны масіў Перароўскага лясніцтва. А на кантрольна-прапускным пункце, што перагароджвае туды дарогу, мяне не прапусцілі. Уяўляеце – я, навуковы супрацоўнік, чыё непасрэднае працоўнае месца – менавіта гэты лес, а мяне ў лес не пускаюць!

У кватэры, якую я здымаў у Тураве, нейкі час жылі хлопцы-кухары, выпускнікі Жыткавіцкага ПТВ, якія адпрацоўвалі ў нацпарку «размеркаванне». Арганізатары паляванняў для замежных паляўнічых бралі гэтых хлопцаў проста на паляванні, дзе яны мусілі гатаваць забітых замежнікамі птушак ці звяроў. І яны мне распавядалі жахлівыя рэчы.

Замежныя паляўнічыя, якіх кіраўніцтва нацпарка актыўна запрашала на веснавыя паляванні, стралялі літаральна ўсё, што варушыцца – баталёнаў, шпакоў, драздоў, самых розных качак без разбору. Папросту набівалі целамі розных птушак бульбяныя мяшкі. Ну як арнітолагу можна было гэтым не абурыцца?!

Неяк я наважыўся, і напісаў артыкул у жіткавіцкую мясцовую «раёнку» пра тое, што нацыянальны парк – гэта вялікія і каштоўныя скарбы, якія павінны прыносіць прыбыткі не праз іх знішчэнне, а праз рэальны ашчадны турызм і навуковае вывучэнне. І хаця, я нікога канкрэтна там не абвінавачваў, але кіраўніцтва нацпарка зразумела, у чый бок былі тыя закіды. Вось тады на мяне пачалі рэальна ціснуць. Урэшце, змусілі звольніцца.

У сваёй юнацкай мары аб працы ў Прыпяцкім запаведніку я, канешне, расчараваўся. Відаць, я патрапіў туды не ў той час. І самае крыўднае, што нікому ўжо вельмі працяглы час так і не ўдаецца нічога змяніць у стаўленні кіраўніцтва ўстановы да прыроды. Для іх гэта як была кладоўка з драўнінай і «паляўнічымі рэсурсамі», так і застаецца. Ведаю, што той жа навуковы аддзел практычна зведзены і існуе хутчэй, як фармальнасць. Гэта, канешне ж, вельмі сумна…

Пасля таго, як Аляксандр Зяцікаў звольніўся з «Прыпяцкага», ён яшчэ нейкі час ніяк не мог пакінуць Тураў і дзівосную прыпяцкую прыроду. Дапамагаў на размешчанай там станцыі кальцавання птушак, якая належыць Акадэміі навук. Але ж паступова зразумеў, што жыць у горадзе разбітых мараў яму вельмі цяжка.

Праз некаторыя праблемы са здароўем, зараз Аляксандр Зяцікаў мае хоць і працоўную, але групу інваліднасці і жыве на дзяржаўную дапамогу ў сваім родным горадзе ў кватэры, дзе мінула ягонае дзяцінства. Праўда, і тут яго акаляюць птушкі – папугаі, амадыны, канарэйкі.

Автор:
Фотограф:
Андрусь Гаёвы, архіў героя
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость