31.12.2021 / 11:12

Бязмежнага, цёплага, натхняючага і, канешне, зялёнага :)

Падыходзіць да свайго лагічнага сканчэння 2021 год. Яго нельга назваць простым ні для кожнага з нас паасобку, ні для ўсіх эколагаў і экалагістаў разам, ні агулам для Беларусі.

Гэта быў год барацьбы, год стратаў, год цяжкіх выклікаў і год бясконцых пераадольванняў сябе і абставін. Мы беглі гэты марафон так, як ня беглі ніколі. Падтрымліваючы калегаў і партнёраў, трымаючы ў фокусе важнае і захоўваючы сілы для доўгай дыстанцыі, якая яшчэ наперадзе.

У гэтым годзе "зялёныя" людзі разам з іншымі беларусамі зведалі на сябе рэпрэсіі, адчулі, што такое ЦІПы і СІЗА, сутыкнуліся с вымушанай эміграцыяй, развіталіся са сваімі сем'ямі і сябрамі. Але не скарыліся і не здаліся.

Сёння беларускія экалагічныя актывісты працягваюць працу на карысць Беларусі, знаходзячыся як унутры краіны, так і па за ее межамі. Працуе і абавязкова працягне сваю працу і Зялёны партал.

Так, у 2021 годзе нашыя журналісты і рэдактары раз'ехаліся ажно па сямі розных краінах, але нашая каманда разглядае гэта не толькі як выклік, але і як магчымасць. Таму ў новым годзе абяцаем сваім чытачам больш шырокую геаграфію гісторый, больш шырокі экспертны досвед, больш глыбокую і якасную аналітыку як беларускіх, так і замежных знаўцаў.

Адначасова сёння нам як ніколі важная вашая падтрымка і дапамога. І інфармацыйная, і маральная, і партнёрская. Нам вельмі важна, каб зялёная павестка была часткаю паўсядзённага жыцця простых беларусаў і часткаю агульнай павесткі палітычных партый і інстытуцый. 

Мы ўпэўненыя, што няма і ня можа быць такога часу, калі не да экалогіі. Бо тыя экалагічныя катастрофы, з якімі сутыкалісь і працягваюць сутыкацца беларусы, будуць уплываць на нашае жыццё і жыццё нашых дзяцей яшчэ доўгія дзесяцігоддзі. Іх вырашэнне нельга адкладаць да лепшых часоў, паставіць на паўзу ці проста не глядзець уверх.

Адказнасць за будучыню нашай прыроды, нашых рэк, лясоў, птушак і звяроў ляжыць на нас і толькі на нас. Як толькі ад нас залежыць, як хутка выйдуць на волю нашыя таварышы і сябры. 

Таму ў новым годзе мы жадаем сабе і іншым моцы, веры і сілаў, каб прабіць той асфальт, у які спрабуць закатаць сёння Беларусь. І гэта абавязкова здарыцца, бо жыццё пераадольвае любыя перашкоды. 

Хай загляне сонца і ў наша аконца! Шчасця нам, беларусы!

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость