25 верасня 2021 г. у г. Міёры Віцебскай вобласці адбудзецца экалагічнае свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”, якое стала традыцыйным для рэгіёна і пройдзе ўжо ў дзесяты раз.
Госці прыязджаюць на свята з усёй Беларусі, каб пакаштаваць і набыць журавінавых прысмакаў ды паназіраць за шэрымі жураўлямі. Гэта асноўныя “фішкі” свята: па запасах журавін мясцовае балота Ельня займае першае месца ў Беларусі, а жураўлёў на Міёршчыне падчас восеньскай міграцыі спыняецца больш за 35 тысяч! Яны адпачываюць на балоце і навакольных палях, і гэта выдатная магчымасць паназіраць за птушкамі.
У праграме свята будуць і іншыя цікавосткі: праца сельскіх падворкаў, роспіс пернікаў з выявамі журавін і жураўля, бясплатнае наведванне экалагічнага візіт-цэнтра заказніка “Ельня”, продаж традыцыйных беларускіх прадуктаў і г.д.
- З кожным годам экалагічнае свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” становіцца ўсё больш папулярным сярод мясцовых жыхароў і прыезджых гасцей. У гэтым годдзе наша свята ацанілі на самым высокім узроўні, дзякуючы чаму яно набыло статус абласнога, - адзначыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Тронькін.
- У Міёрскі раён варта прыехаць не на адзін дзень, а хаця б на выходныя, каб адпачыць у агратурыстычнай сядзібе, пабыць сам-насам з цудоўнай прыродай і убачыць, акрамя свята, як мага больш мясцовых славутасцяў. Гэта і вадаспад на рацэ Вята, і экалагічная сцежка “Азяраўкі-Ельня”, і старажытны, а зараз самы маленькі горад Беларусі - Дзісна, і шмат іншага, чаго нават не чакаеш. Нездарма дэвіз брэндзінгу Міёрскага раёна - “Здзіўленне побач!” - падкрэсліў менеджар праекта “Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён” Алег Сівагракаў.
Экалагічнае свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” пройдзе ў рамках праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”, які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім Сельскім Форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.