3 траўня ў Цэнтры беларускай культуры ў Вільнюсе адкрыецца персанальная выстава мастачкі Ксішы Ангелавай. Праз 40 мастацкіх прац праект даследуе экзістэнцыйны жах перад «нябачным ворагам» — радыяцыяй і наступствамі Чарнобыльскай катастрофы.
Я стварала выставу «Пакажы мне сваю рану» на падставе асабістай і сямейнай гісторыі, архіўных матэрыялаў і досведзе працы ў забруджаных раёнах. Мой праект даследуе экзістэнцыйны жах сутыкнення з нябачным ворагам. Гэта апавяданні ад першай асобы людзей, якія памятаюць выбух, цішыню замоўчвання і неабходнасць эвакуацыi ад чагосьці «нябачнага». Чарнобыль – гэта катастрофа, якая перагарнула нашае ўяўленне аб бяспецы, бо ад невядомага не схавацца.
Ксіша Ангелава — беларуская мастачка і арт-актывістка, якая працуе на стыку экалогіі, сацыяльнай памяці і мастацтва. Яе творчасць засяроджана на тэмах траўмы, наступстваў тэхнагенных катастроф і захавання крохкай раўнавагі паміж чалавекам і прыродай. Ў сваіх праектах яна часта выкарыстоўвае дакументальныя сведчанні і прыродныя матэрыялы, ператвараючы складаны гістарычны досвед у візуальныя метафары.
У праграме:
- 14:00 | Афіцыйнае адкрыццё выставы. Сустрэча з мастачкай, размовы пра досвед «нябачнай» вайны і крохкасць свету.
- 15:00. Воркшоп «Wood, Fire and Writing». Майстар-клас ад доктара Джайлса Сазэрлэнда (Шатландыя) — паэта, эколага і арт-крытыка The Times Scotland. Будзем вырабляць натуральныя чарнілы і пісаць паэтычныя пасланні дрэвам.
Вітаецца данат (рэкамендуем ад 10€), патрэбна рэгістрацыя
Выставу можна будзе наведаць з 3 да 19 траўня ў Цэнтры беларускай культуры (Vilniaus g. 20)
Падзея з’яўляецца часткай кампаніі да 40-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС, ініцыяванай “Зялёнай сеткай”, Экадомам і Альянсам «Зялёная Беларусь», пры падтрымцы Dialog büro.