- Нацыянальная бібліятэка (пр. Незалежнасці, д. 116, метро Усход)
Палічка для буккросінгу знаходзіцца злева ад уваходу, калі стаяць да яго тварам. Тут беларуская і сусветная класіка савецкага часу выдання, адна кніга па-польску, таксама старая. На працягу студзеня колькасць кніг паменшылася. Напэўна, праблема большасці буккросінгаў – у нерэгулёвых «паступленнях».
Па ідэі людзі мусяць чытаць узятыя кнігі і вяртаць, але, напэўна, не ўсе так робяць, а калі вяртаюць – то не абавязкова на тую ж самую палічку для буккросінгу. Мо даюць пачытаць знаёмым ці адносяць куды яшчэ.
У Нацыяналцы на палічцы для буккросінгу на ўсялякі выпадак пазначаны тэлефон для даведак. Мабыць, для людзейгэта з’ява ўсё ж пакуль нязвыклая.
- KFC ля метро Маладзёжная (вул. Кальварыйская, д. 21)
Стэлаж для буккросінгу знаходзіцца перад уваходам у страўню KFC з унутранага дворыка культурна-дзелавога кварталу «К-21». Квартал пабудаваны ў 1950-х пад вытворчасць мэблі. У 2020-м адрэстаўраваны: кампанія «Белрэканструкцыя» перарабіла старыя прамысловыя будынкі ў "пляцоўку для таленавітых людзей з розных галін".
Квартал папулярны сярод тусоўшчыкаў, тут шмат офісаў і цікавых крам, у тым ліку дабрачынная "Калі ласка" і экафрэндлі «Zerro», танцавальная школа. Таму, напэўна, буккросінг у "К-21" даволі жывы. Прынамсі, перад Новым годам кнігі стаялі на стэлажы ўнахлёст, а пад канец студзеня большую частку разабралі.
Што засталося? Класічная літаратура савецкага часу выдання; кнігі пра здаровы лад жыцця, агародніцтва; рознага кшталту даведнікі. Калі завітаеце у кавярню з боку метро, то трэба прайсці памяшканне наскрозь да іншага ўвахода.
- Прастора «Кніжная шафа» на Грушаўцы (пр. Дзяржынскага, д. 9)
У адным памяшканні сумяшчаецца кнігарня, зала для фотавыстаў і троху кавярня (ля касы – абвестка «Мы робім каву»). Праўда, у сувязі з эпідэміяй новых выстаў «Кніжная шафа» не робіць, ужо год экспануецца адна і тая ж.
Пад буккросінг у краме выдзелена адна палічка. На ёй – класічная літаратура, кнігі па псіхалогіі, самаразвіццю. Падобна, што праблем з папаўненнем абменнага фонду тут няма. У краме распавялі, што часта пад дзверы «Кніжнай шафы» прыносяць цэлыя торбы з выданнямі, якія, напэўна, незразумела куды падзець, а выкінуць шкада.
Тады супрацоўнікі кнігарні сартуюць літаратуру і тое, што, хутчэй за ўсё, нікому не спатрэбіцца, выносяць у кантэйнеры з макулатурай. З буккросінгу сучасную літаратуру разбіраюць вельмі хутка, застаецца класіка, якую сустрэнеш, бадай, шмат на якіх буккросінгах і ў букіністычных крамах. Часам на буккросінг трапляюць рэлігійныя выданні: іх прыносяць адэпты веравучэнняў.
Недалёка ад крамы – прыватны сектар, дзе жыве шмат людзей сталага веку. Яны прыходзяць да палічкі з буккросінгам як у бібліятэку – нешта бяруць, нешта вяртаюць. Але вяртаюць!
І гэта, мабыць, таксама адзін з фактараў, чаму ў "Кніжнай шафе" палічка не пуставатая, як у іншых месцах. У першую чаргу крама, канечне, гандлюе новымі кнігамі. У асартыменце – прадукцыя беларускіх і расійскіх выдавецтваў, шмат дзіцячай літаратуры. Уваход у кнігарню – са двара.
- Хол Цэнтра рэабілітацыі і сацыяльнай падтрымкі ля метро Кавальская слабада (вул. Варанянскага, д. 50, к. 4)
Тут пераважна ўжо добра нам знаёмая па іншых буккросінгах рускамоўная класіка савецкага перыяду выдання. Зрэдку трапляюцца кніжкі навейшыя і па-беларуску.
Літаратура стаіць у два шэрагі, займае падвакенец, тумбачку пад мікрахвалёўкай. Яўна не зашкодзілі б дадатковыя шафы. Акрамя Цэнтра рэабілітацыі ў будынку размясціліся дзіцячыя гурткі, аўташкола, розныя крамы, майстэрня па рамонце адзення.
Увечары ў холе шматлюдна, але за 15 хвілін ніхто не выявіў цікаўнасці да палічак з кнігамі. Ад метро трэба ісці, пакінуўшы злева паліклініку (вул. Варанянскага, д. 50, к. 2) праз Бэйкэры дзю Салей ва ўнутраны дворык корпуса 4 дома 50. Там і пабачыце ўваход у Цэнтр. У холе цемнавата, можна папрасіць на вахце, каб запалілі святло.
- Кавярня Нацыянальнага мастацкага музея (вул. Леніна, д. 20, метро Кастрычніцкая)
Буккросінг тут тэматычны – пераважна кнігі па гісторыі мастацтва і альбомы. Чаго ж яшчэ чакаць ад музея! Літаратуры дзве этажэркі, у памяшканні працягваецца экспазіцыя, там жа месціцца кавярня. Можна пачытаць за кубачкам напою, можна забраць з сабой.
Палічкі для буккросінгу ёсць таксама ва ўсіх філіялах Музея беларускай літаратуры, у Тэатры беларускай драматургіі і ў Вялікім тэатры. Аднак мы не ведаем, у якім яны стане.
Пустуюць палічкі ў Нацыянальным гістарычным музеі (вул. К. Маркса, д. 12, метро Кастрычніцкая) і на другім паверсе Дома друку (пр. Незалежнасці, д. 79, к. 1, метро Акадэмія навук).
Але ж гэта не значыць, што туды нельга прынесці кнігі і ўдыхнуць у гэтыя пункты буккросінгу новае жыццё. Мы так і паспрабавалі зрабіць у Доме друку ў снежні. Частка кніг хутка разышлася. Выданні, якія не знайшлі гаспадароў адразу, ляжалі даволі доўга, а потым зніклі ўсе разам. Будзем спадзявацца, нехта іх упадабаў, а не "ліквідавалі" як лішнія.