01.04.2020 / 12:04

Навукоўцы часта ставяць анлайн-камеры побач з гнёздамі ў дзікай прыродзе, каб назіраць за жыццём птушак, і транслююць усё сабе на сайты ці на YouTube. Каманда “Зялёнага партала” пабачыла, як вылупліваўся белагаловы арлан, вучыўся махаць крыламі альбатросік і змагаецца са снегам чорны грыф.

Пару парад у дарогу. Некаторыя з камер умеюць здымаць у інфрачырвоным дыяпазоне, дзякуючы якому мы можам назіраць за птушкамі нават у цемры. Так што падарожжа анлайн можна зладзіць у любы час дня і ночы.

Трансляцыя на Youtube, як правіла, захоўвае некалькі папярэдніх гадзін. Так што, калі вы прыйшлі, а птушка зляцела, можаце паспрабаваць адматаць час крыху назад. Таксама папярэдзім, што ў нашай падборцы ёсць драпежныя птушкі, так што магчыма, што ваш анлайн супадзе з іх сняданкам.

 

1.  Сокал-пустальга

У Беларусі зараз працуе толькі дзве анлайн-камеры, якія назіраюць за сокаламі ў брэсцкай шматпавярхоўцы. Самка з гэтага  гнязда апошнімі днямі шмат часу праводзіць на месцы, таму, верагодна, неўзабаве яна там адкладзе яйка.

Анлайн-назіранне за пустальгой у Брэсце вядуць ужо не першы год. Там жыве найбуйнейшая гарадская папуляцыя гэтага чырвонакніжніка. Сёлета “Ахова птушак Бацькаўшчыны” хоча ўвасобіць птушыны сімвал горада ў муралы, і зараз можна дапамагчы праекту.

 

2. Сокал-падарожнік

За гэтым відам даволі часта назіраюць анлайн-камеры. Птушкі штогод вяртаюцца на адно і тое ж месца, прычым даволі лёгка пагаджаюцца жыць у штучных гнёздах. У гэтай скрыні ўжо адкладзена адно бурае яйка. Яна стаіць пад шпілем Чычэсцерскага сабора ў Вялікабрытаніі. За час гнездавання сокалы-падарожнікі вывялі тут больш за 40 птушанятаў.

Яшчэ за імі можна паназіраць

- у ратушы Лемінгтан-Спа, Вялікабрытанія .  

- у дзелавым у забаўляльным цэнтры Garena Plaza ў Алькала-дэ-Энарэс, Іспанія. Гэта самка, дарэчы, адклала ўжо чатыры яйкі.

- на будынку Ньютана ўніверсітэта Ноцінгем Трэнт, Вялікабрытанія.

 

3. Белагаловы арлан

У гэтай мамы літаральна ў панядзелак вылупіўся першы з двух птушаняткаў. Гэту сям’ю здымаюць чатыры камеры, каб даваць карцінку ў розным маштабе. І яшчэ адна мае агляд 360 градусаў  – ёю можна самастойна пакіраваць і ўбачыць далягляд з гнязда арлана. Гэтая пара сапраўды здымаецца нібы ў рэаліці-шоу.

Белагаловыя арланы фарміруюць пару на ўсё жыццё, таму арнітолагі далі сям’і, якая прылятала сюды з 2006 года, імёны Озі і Харыет. Але, на жаль, Озі загінуў, і Харыет прыйшлося шукаць новую пару. Праз некалькі месяцаў, восенню 2015-га, яна знайшла цяперашняга партнёра.

Але ж прыгоды не скончыліся: як у сапраўдным серыяле драмы дадало тое, што праз паўгады старое гняздо разбурылася, і птушкам прыйшлося будаваць новае на дрэве праз дарогу. Але з таго часу Харыет і М15 (нармальнага імя яе партнёру чамусьці не далі) шчасліва жывуць разам ужо пяць гадоў, і сёлета збіраюцца гадаваць двух малых.

Паглядзець на двух арланаў-падлеткаў можна па гэтай камеры . Яна ўсталявана побач з іншым гняздом у Фларыдзе. Птушаня нарадзілі пад новы год – 28 і 31 снежня, – то-бок зараз ім ужо тры месяцы.

 

4. Белапузы арлан

Пара белапузых арланаў жыве ў Алімпійскім парку Сіднэя. У аўстралійскім штаце Вікторыя яны знаходзяцца пад пагрозай знікнення, а таксама лічацца ўразлівым відам у паўднёвай Аўстраліі і Тасманіі. Галоўная пагроза для белапузых арланаў – уплыў чалавека на іх месцы жыхарства. Гэта і знішчэнне дрэваў, якія падыходзіць пад будаўніцтва гнёздаў, і дзейнасць побач ад месцаў гнездавання.

Белапузыя арланы з’яўляюцца героямі розных народных сказак і паважаюцца карэнным насельніцтвам. Нягледзячы на сваю вядомасць у фальклоры, з навуковага пункту гледжання, гэтая птушка яшчэ не дастаткова вывучана. Але ж дакладна вядома, што арланы, як правіла, жывуць на адным месцы і фарміруюць пару на ўсё жыццё.

 

5. Скапа

За гэтай птушкай назіраюць шмат. Мы прывядзём некалькі спасылак на камеры. Але пры жаданні вы можаце знайсці яшчэ больш.

- Барлінецкі лес, Польшча  

- Прыродны запаведнік Foulshaw Moss, Вялікабрытанія

- Востраў Скідэвэй, Джорджыя, ЗША

- Заліў Мэнтан, Вялікабрытанія

Скопы – выдатныя рыбаловы. Даўгія крылы з размахам 145 – 170 см дазваляюць лунаць у небе, выглядаючы рыбу. А потым імкліва ныраць за ёю на глыбіню да 90 см. Яны вельмі моцныя птушкі і могуць пераносіць здабычу, якая важыць да паловы вагі самой скапы.

 

6. Чорны грыф

Не ведаем, што птушка думае наконт цяперашняга надвор’я ў Іспаніі, але ж зараз усё яе гняздо ў нацыянальным парку Сьера-дэ-Гвадарама засыпала снегам. Грыфы жывуць у горных лясах і часцей за ўсё будуюць свае гнёзды на дрэвах, радзей – на скальных выступах. Яны даволі часта абіраюць жыць асобна: на адлегласці 750 – 1000 метраў ад іншай пары. У Еўропе птушкі сустракаюцца толькі на Пірэнейскім паўвостраве, на Маёрцы і Балканах. Від больш распаўсюджаны ў Цэнтральнай Азіі. 

 

7. Пярэстая кугакаўка

Гэты домік для соваў прэзідэнт і галоўны выканаўчы дырэктар Wild Birds Unlimited усталяваў у 1999 годзе. І толькі ў 2006 яго засяліла пярэстая кугакаўка. А з 2013-га ў ёй атрымалася паспяхова вывесці некалькі разоў птушанят. Гэты від жыве ў лясах Паўночнай Амерыцы. Днём яны, як звычайныя совы, спяць, а ноччу выходзяць на паляванне. У палёце іх можна пачуць па характэрнаму гукавому клічу: “Who cooks for you?”

 

8. Звычайная сіпуха

Звычайна сіпухі абсталёўваюць гнёзды ў дуплах дрэў або ў цёмных поласцях дамоў, царкоўных вежах, шчылінах сцен – месцах збудавання, дзе ім не перашкаджае чалавек. Аднак з-за таго, што ў населеных пунктах застаецца ўсё менш прыдатных для гнездавання месцаў, для соў ставяць вось такія скрынкі.

Гэтая стаіць побач з цэнтрам для наведвальнікаў нацыянальнага парку Кабаньерас у Іспаніі ўжо больш за 20 год. Нацпарк быў створаны, каб захаваць кавалак натуральнай лясной экасістэмы Міжземнамор’я.

Зараз сіпуха выседжвае ў гняздзе восем яек. Паколькі першае яйка птушка адклала 2 сакавіка, а перыяд інкубацыі цягнецца ад 29 да 34 дні, то ў хуткім часе ўжо пачнуць вылуплівацца малыя птушаняты.

Яшчэ можна паназіраць за парай сіпух, якая жыве ў Вялікабрытаніі. Яны правялі разам ужо некалькі месяцаў, перазімавалі, але пакуль што не абзавяліся птушанятамі.

 

9.  Чырвонахвосты канюх

Пара канюхоў як мінімум з 2012 года гняздзіцца над спартыўнымі пляцоўкамі Карнэльскага ўніверсітэта, ЗША. Для гэтага яны штогод выкарыстоўваць адну з светлавых вежаў. Зараз самка выседжвае тры яйкі.  Паколькі апошняе яйка яна адклала 24 сакавіка, з’яўленне птушанят варта чакаць напрыканцы красавіка.

 

10. Трохпалая чайка

Усе, хто сумуе па моры, можа, як мінімум, паназіраць за чайкамі. Гэтыя птушкі жывуць на ўступах мастоў і забудоў уздоўж рэчкі Тайн на ўчастку паміж гарадамі Ньюкасл-на-Тайне і Гейтсхедам.

Тут яны гняздзяцца з лютага па жнівень, а на восень і зіму ўлятаюць на мора. Гэта калонія адзіная ў свеце жыве настолькі далёка ў сушы. Чайкі прыносяць на бетонныя карнізы іл і багавінні, робячы шчыльную пляцоўку.

Цікава, што птушаняты спачатку ляжаць, а потым стаяць амаль нерухома ў гняздзе. З-за гэтага іх не заўважаюць драпежнікі, бо з вышыні іх амаль што не адрозніць ад памёту. І калі маленькая чайка вырывае ежу ў брата ці сястры, яна не збягае, а проста адварочвае галаву.

Справа ў тым, што ў птушанят даволі доўга захоўваецца на шые папярэчная паласа – і яна служыць сігналам, каб  пакрыўджаны сваяк супакоіўся. 

 

11. Паўночны каралеўскі альбатрос

Гэтая камера стаіць  на мысе Тайараа на паўднёвым усходзе Паўднёвага вострава Новай Зеландыі. Тут пара альбатросаў – 21-гадовы самец і 25-гадовая самка – стварылі новую пару і 14 лістапада птушка адклала яйка.

Такія падрабязнасці іх асаблівага жыцця сталі вядомыя таму, што першы навуковы цэнтр па назіранню за альбатросамі тут быў створаны ў 1967 годзе. І ўжо чатыры гады ён вядзе анлайн=трансляцыю.

У сярэднім птушкі гэтага віду жывуць 58 гадоў, але пара заўсёды адкладвае толькі адно яйка. Альбатрос зусім немаленькі: важыць каля 8 кіло. Асноўная пагроза для віду – забруджванне наваколля.

 

12. Бермудскі тайфуннік

Гэтае птушаня – разнавіднасць буравесніка, які нідзе ні гняздзіцца, акрамя Бермудскіх астравоў. Лічылася, што на пачатку 1600-х від вымер з-за інвазіўных жывёл і засялення вострава. Але ж у 1951-м знянацку гэтую птушку сустрэлі зноў.

Зараз яна ўсё яшчэ знаходзіцца пад пагрозай вымірання, таму яе беражліва вывучаюць і ахоўваюць. На буйных астравах, якія больш устойлівыя да ўраганаў, робяць норы, каб птушкі маглі ў іх гняздзіцца і ствараць новыя калоніі.

Гэтая нара не проста знаходзіцца пад анлайн-наглядам: кожны тыдзень супрацоўнік Бермудскага дэпартамента па наваколлю і прыродных рэсурсах Джэрэмі Мадэйрас асабіста прыходзіць правяраць птушаня. Ён так будзе рабіць на працягу ўсяго тэрміна гнездавання. 31 сакавіка прыходзіў – мы бачылі.

 

13. Белы бусел

Такая звыклая для нас птушка у краінах Заходняй Еўропы сустракаецца не так часта, таму таксама выклікае вялікую цікавасць. Паглядзець яго можна

- у вёсцы Длоўга Лоўчка, Чэхія.

- на ферме Hofgut Westernacher, Германія.

- у горадзе Вамель, Нідэрланды.

- у пасёлку Багуславіца, Чэхія.

Гнёзды бацяноў - так таксама называюць белых буслоў - можна знайсці на дахах дамоў і на розных гаспадарчых пабудовах: трубах комінаў, воданапорных вежах, слупах тэлефоннай сувязі і не толькі. Звычайна буслы кожны год вяртаюцца на адно і тое ж месца або спрабуюць пабудаваць гняздо недалёка ад яго. Маладыя птушкі таксам шукаюць месца як мага бліжэй да таго, дзе вылупіліся.

 

14. Чорны бусел

А вось чорны бусел – рэдкі від для нашай краіны і ўключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі. Гэта гняздо знаходзіцца на дубе ў польскім лесе і ўжо шмат гадоў выкарыстоўваецца птушкамі. Летась пара вывела трох птушанятак. Зусім нядаўна – 23 сакавіка – буслы зноў вярнуліся на гэта месца.

У адрозненні ад белага сабрата, чорны бусел не шукае суседства з чалавекам і вядзе даволі скрытнае жыццё. З-за гэтага від пакуль што не так добра вывучаны.

 

15. Бліц для бёрдвотчараў

Калі вы добра ведаеце птушак, можаце паспаборнічаць, колькі відаў зможаце назваць на відэа. Гэта камера размешчана побач з кармушкай у садзе Карнэльскай лабараторыі арніталогіі, ЗША. Падхарчавацца сюды прылятаюць дзятлы, сініцы, дразды і іншыя птушкі.

А гэтая знаходзіцца ў гарадку Манітувадж, Канада. Сюды залятаюць сойкі, берасцянкі, чачоткі, шчуркі, нават бываў арабок.

На кармушку ў гэтым цёплым мястэчку заглядваюць трапічныя птушкі – іх падхарчоўваюць апельсінамі ды бананамі. Камера ўсталявана ў Панаме, у невысокіх гарах Сера Гайталь. Кармушка знаходзіцца на тэрыторыі комплексу The Canopy Lodge, які спецыялізуецца на экатурызме з акцэнтам на птушках.

Автор:
Фотограф:
Pixabay.com
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость