Больш чым два з паловай гады таму гарвыканкам абвясціў конкурс на лепшую ідэю для скульптуры са ствала старога ясеня ў парку Жылібера.
"Годы праходзяць, нічога з ясеням не робяць, а між іншым драўніна пад адкрытым небам паволі парахнее," - заўважае ў сваім блогу гісторык.
"Ясень налічвае прыблізна 230 год (гэтая лічба фігуруе ў многіх артыкулах), а гэта значыць, што ён "вылупіўся" з семячка недзе ў 1780 г. Дрэва пабачыла шмат лакальных гістарычных падзей, і з'яўляецца адным з самых старых дрэваў у Гародні (старэйшым хіба з'яўляецца трохсотгадовы дуб на тэрыторыі францысканскага манастыра).
Асноўная канцэпцыя драўлянай скульптуры з гэтага дрэва павінна абапірацца на гісторыю горада ў кантэксце жыцця.... дрэва.
Як гэта ажыццявіць? Немцы ўжо прыдумалі як! У парку Freizeitpark Rheinaue, што знаходзіцца ў Бонне, стаіць незвычайная скульптура, якая ўяўляе сабой спіл са ствала старога дрэва, узрост якога налічвае некалькі соцень год (!). Уявіце сабе: гэтае дрэва бачыла падзеі 1450 г., калі ў горадзе Бонн лютавала эпідэмія чумы. Кожная важная падзея з жыцця горада адлюстравана на гадавых кольцах дрэва."