Зялёны партал узяўся разабрацца чаму арганізатары пакуль не ўключаюць экалагічную складаючую ў свае мерапрыемствы і што ўжо сёння можна пераняць з сусветных трэндаў.
Па словах Марыі Сумы з Цэнтра экалагічных рашэнняў, праблема заключаецца ў тым, што арганізатары не разглядаюць прыязнасць да наваколля як каштоўнасць. Бяспрэчна, кожнае мерапрыемства мае свой канцэпт. Маючы багаты досвед ўдзелу у розных фестывалях з экалагічнай складаючай, экспертка заўважае, што недапрацоўкі ёсць нават на тых івэнтах, якія першапачаткова пазіцыянуюць сябе як экапрыязныя.
''Арганізатары не распрацоўваюць інфраструктуру пляцоўкі, не ствараюць экапрыязнага кантэнту на ёй. На іх думку дастаткова, напрыклад, тых тавараў, што прапануюць фестывальныя кропкі ці майстар-класаў, якія змогуць наведаць людзі, – і з гэтага ўжо можна казаць пра іх экалагічнасць'', – падкрэслівае Марыя.
Балючыя кропкі эколагаў на фестывалях
Самае відавочнае, што адразу кідаецца ў вочы на мерапрыемствах – адсутнасць раздзельнага збору смецця.
Любы фестываль мог бы паклапаціцца пра арганізацыю сартыроўкі адходаў, лічыць экспертка ЦЭР, стымулюючы такім чынам людзей да адказнага спажывання.
''Напрыклад, на музычных фестывалях прадаецца шмат піва: ў шкле ці бляшанках – чаму б не збіраць іх асобна на перапрацоўку? – задаецца пытаннем Марыя. – Ці не прапаноўвайць наведвальнікам напоі у аднаразавых пластыкавых шкляначках, гэта адразу зменшыць колькасць адходаў!''.
Фуд-корты найбольш засмучаюць экалагаў, бо менавіта там прадукуецца найбольшая колькасць адходаў. Пакуль у Беларусі не існуе ніякай экаальтэрнатывы аднаразаваму посуду, адзначаюць эксперты. Між тым на яго вытворчасць ідуць вялікія рэсурсы, а карыстаюцца такім посудам у сярэднім ад 5 да 7 хвілін. І, на жаль, такі від адходаў не падлягае перапрацоўцы ці кампасціраванню.
''На многіх кропках сустракаецца так званы біяразлагаемы посуд, але гэта чыстай вады падман. Часта пастаўшчыкі пад выглядам такога посуду падсоўваюць самы звычайны аднаразовы. І нават калі сапраўды посуд зроблены на аснове арганічнай сыравіны, то распадаецца ён ва ўмовах прамысловага кампасціравання. Але да гэтага ў Беларусі яшчэ далёка! Такім чынам увесь посуд проста ідзе на звалку і становіцца крыніцай утварэння парніковых газаў'', – тлумачыць Марыя.
Яшчэ адзін пункцік, што не дае спакою эколагам падчас фэстаў, – неверагодная колькасць разнастайнага ўпрыгожванняў, якія робяцца з разлікам на 1-2 дні фестывалю. Традыцыйнымі атрыбутамі святаў, напрыклад, з'яўляюцца паветраныя шарыкі, якія ўспрымаюцца як расходны матэрыял і раздаюцца направа і налева. Але вырабляюць іх з прадуктаў нафтаперапрацоўкі, і яны не разлагаюцца, становячыся прычынай утварэння дадатковых адходаў.
''Ёсць выпадкі, калі рэшткі шарыкаў успрымаліся жывёламі і птушкамі за харчовыя адходы, і прыводзілі да іх пагібелі. У цэлым, уся гэта ''мішура'', як па мне, нерацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў'', – зазначае экспертка.
Нельга забываць, што многія мерапрыемствы, якія маюць музычнае суправаджэнне і праводзяцца на адкрытых пляцоўках і на прыродзе з'яўляюцца крыніцамі шумавога забруджвання, прыводзячы да стрэсу жывёльны свет.
Акрамя таго, любое мерапрыемства патрабуе вялікіх затрат энергіі. У прыклад, Марыя прыводзіць адзін з выпадкаў, калі для атрымання электрычнасці арганізатары выкарыстоўвалі бензінавы генератар.
''Спальвалі бензін, каб атрымоўваць энергію... Як мінімум гэта не разумна, як максімум – не экалагічна!'', – абураецца Марыя.
Экалагічнае выйсце
Вядома, экалагічныя тэхналогіі дазваляюць у наш час зрабіць мерапрыемства больш прыязным для наваколля. Але яны патрабуюць немалых сродкаў, а значыць жадання ўкладацца ў іх.
''Сёння арганізатары могуць набыць аўтаномныя крыніцы энергіі, якія накопліваюць яе ад сонечных панэляў, чаму не. Гэта разавы расход на ўстройства, якое будзе доўга служыць'', – зазначае экспертка.
Шмат прапаноў ёсць і да арганізацыі фуд-кортаў. У еўрапейскіх краінах даўно існуе практыка закладной цаны на аднаразавы посуд: набываючы напой, у яго кошт уключана цана шкляначкі, здаўшы якую табе вяртаецца пэўная сума. І пры гэтым людзей не засмучае, што ім паўторна могуць наліваць напоі ў адзін і той жа посуд.
Кропкі харчавання могуць выкарыстоўваць лакальныя, арганічныя прадукты ці аддаваць перавагу сезонным, што значна зменшыць экалагічны след страваў і кошт на іх. Вядома, што такія ініцыятывы павінны на першых этапах падтрымлівацца субсідыямі з боку арганізатараў.
Сёння ў Беларусі існуе маса прапаноў па арганізацыі раздзельнага збору адходаў на мерапрыемствах – спецыяльныя кантэйнеры можна замовіць і паклапаціцца пра своечасовы іх вываз.
''І было б не блага, каб арганічныя адходы збіраліся асобна. Як мінімум гэта адзволіла б атрымоўваць больш якасную другасную сыравіну, прыдатную для перапрацоўкі. Такім чынам стымулюючы перапрацоўшчыкаў ісці на сустрач арганізатарам'', – мяркуе Марыя.
Для аздаблення і антуражу можна выкарыстоўваць максімальна натуральныя матэрыялы: дрэва, саламяныя снапы і г.д. Галоўнае прадумаць ''інсталяцыі'' так, каб яны маглі служыць не адзін дзень, а некалькі год.
На думку эксперткі, ад чаго ўжо дакладна можна адмовіцца на карысць наваколлю – ад папяровай рэкламнай прадукцыі, прапаноўваючы яе ў электронным выглядзе. А таксама ад разнастайных конкурсных заманушак, прызамі на якіх з'яўляюцца ''фірменыя'' аднаразовыя рэчы.
''Прома можна прадумаць так, каб зменшыць колькасць адходаў. Ну, напрыклад, прапаноўваць карысныя паслугі замест рэчаў. Яшчэ як варыянт аддаваць сродкі на дабрачыннасць і пазіцыяніраваць гэта. Думаю, людзям будзе прыемна, што яны не прыклаўшы асаблівых намаганняў змаглі паўдзельнічаць у добрай справе!'', – разважае Марыя.
Такім чынам экспертка раіць кампаніям-арганізатарам перагледзіць падыходы да прасоўвання фестываляў: імкнуцца да змяньшэння спыжывання аднаразовых рэчаў і больш думаць пра каштоўнасныя.
''Вядома, укараненне экалагічных практык на масавых мерапрыемствах будзе магчымым толькі тады, калі яны стануць набліжанымі да каштоўнасцяў атрымання прыбытку. У любым выпадку трэба разумець, што гэта штосьці новае для нас. А як усё новае, патрабуе траты рэсурсаў, у тым ліку і часу саміх арганізатараў.
Магчыма найпрасцей сёння – гэта звярнуцца да экалагічных НДА, якія змогуць не толькі пракансультаваць, але і дапамагчы ў рэалізацыі ідэй з улікам міжнародных практык і тэндэнцый'', – кажа Марыя.